§ 14. Эканоміка і грамадства славян у перыяд Сярэднявечча

1. Асноўныя гаспадарчыя заняткі

Вялікая тэрыторыя рассялення славян, розныя прыродныя ўмовы абумовілі спецыфіку іх гаспадарчай дзейнасці. У старажытнасці славянскія плямёны пераважна мясціліся ў лясных рэгіёнах, таму асновай гаспадаркі доўгі час былі падсечна-­агнявое земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і збіральніцтва. Да канца Сярэднявечча асноўнымі заняткамі ўсіх славян былі земляробства, садоўніцтва, паляванне, рыбалоўства, бортніцтва. Ужо ў VII–VIII стст. у славян пачала развівацца рамесная вытворчасць.

Славяне вырошчвалі проса, пшаніцу, ячмень, жыта. На поўдні культывавалі таксама грэчку. Рэпа, капуста, цыбуля і часнок, бабовыя, у тым ліку гарох, былі асноўнымі культурамі ў раслінаводстве. Улюбёнымі пладовымі дрэвамі былі яблыні і вішні. Адзенне выраблялі з лёну, таму яго вырошчвалі заўсёды шмат. Славяне часта займаліся пчалярствам, бо мёд быў адной з найважнейшых крыніц цукру. Актыўна разводзілі свой­скую жывёлу: кароў, коз, коней, свіней. Таму на зіму трэба было нарыхтоўваць шмат корму для жывёлы.

Першапачаткова земляробчыя прылады працы былі вельмі прымітыўнымі. Лес высякалі і выпальвалі, а глебу ўзворвалі самай простай сахой з некалькімі заточанымі зубамі-­галінамі. У якасці цяглавай жывёлы выкарыстоўвалі быкоў, радзей — ​коней. Са з’яўленнем металічнага плуга ўраджаі пачалі хутка расці, у выніку павялічвалася колькасць насельніцтва. З’яўленне ў Познім Сярэднявеччы такой сістэмы севазвароту, як трохполле, і многіх іншых агранамічных прыёмаў яшчэ больш садзейнічала прагрэсу земляробства.

Вялікі ўплыў на развіццё эканомікі славян аказвалі не толькі прыродныя ўмовы, але і асаблівасці ўнутрыпалітычнага развіцця. У ХІ–XIV стст. ішоў актыўны працэс засялення новых зямель. Унутраная каланізацыя ў Чэхіі была звязана з зацікаўленасцю правіцеляў і дваранства ў павышэнні грашовых даходаў ад сялянскіх зямель, развіцці трохполля, распрацоўцы руднікоў. Для ўзворвання новых зямель і асваення радовішчаў карысных выкапняў часта запрашаліся спецыялісты з нямецкіх зямель. Гэта прыводзіла да ўзнікнення новых галін гаспадаркі і сістэм гаспадарання. У ХІІІ–XIV стст. назіраўся эканамічны ўздым на чэшскіх землях, дзе актыўна развівалася здабыча жалезнай руды і серабра.

У Старажытнай Русі традыцыйна пераважала абшчыннае землеўладанне. З канца ХІ ст. узрастала роля буйной індывідуальнай зямельнай уласнасці — ​вотчыны. Аднак палітычная раздробленасць не садзейнічала развіццю ўнутранага рынку і з’яўленню новых галін гаспадаркі. Больш за тое, у выніку мангольскага нашэсця адбылося разарэнне і эканамічнае аслабленне зямель. Ратуючыся ад мангольскага прыгнёту, усходнія славяне сыходзілі на землі Паўночна-­Усходняй Русі. Прыток туды людзей прывёў да неабходнасці пашырэння плошчы ворнай зямлі, сталі ўзнікаць новыя гарады. Усё гэта спрыяла эканамічнаму росту рэгіёна. Асноўным цэнтрам у ім стаў спачатку горад Уладзімір, затым пачала ўзвышацца Масква.