§ 12. Візантыя ў Сярэднявеччы

5. Культурная спадчына Візантыі

Галоўнай асаблівасцю культуры Візантыі было тое, што яна фарміравалася на скрыжаванні традыцый Усходу і Захаду, у яе аснову пакладзена антычная грэка-­рымская спадчына. З пачаткам Сярэднявечча ў ёй не назіраўся характэрны для заходнееўрапейскіх краін заняпад. У Візантыі працягвала развівацца гарадское жыццё, а гарады з’яўляліся асноўнымі цэнтрамі культуры. Працэнт адукаваных людзей быў значна вышэйшы, чым на Захадзе. Пісьменнасць сярод простага люду была не рэдкасцю. Сістэма адукацыі ўключала як царкоўныя, дзяржаўныя, так і прыватныя школы. Пачатковая адукацыя складалася з навучання лічэнню, пісьму і чытанню. Першая вышэйшая школа ў Візантыі была створана згодна з імператарскім указам у сярэдзіне ХІ ст. Гэтая навучальная ўстанова складалася з філасофскага і юрыдычнага факультэтаў. На мяжы ХІ–ХІІ стст. была створана другая вышэйшая навучальная ўстанова, дзе ўжо вывучалі медыцыну. Аднак, у адрозненне ад заходнееўрапейскіх універсітэтаў, вышэйшыя школы Візантыі не мелі аўтаноміі, а поўнасцю залежалі ад дзяржавы.

З навуковых дысцыплін найбольш паспяхова развіваліся матэматыка, астраномія, геаграфія, хімія, медыцына, інжынерная справа. Візантыйскія вучоныя захоўвалі сакрэты вырабу шкла, лекавых сродкаў і фарбаў. У ваеннай справе візантыйцы выкарыстоўвалі «грэчаскі агонь» — ​гаручую сумесь, якая выкідвалася са спецыяльных гармат. Гэтым агнём падпальвалі варожыя караблі, прымянялі яго пры аблозе і абароне гарадоў. Састаў «грэчаскага агню» (як мяркуецца, сумесь нафты і смалы) захоўваўся ў найстражэйшай таямніцы.

Гістарычная навука атрымала ў Візантыі значнае развіццё. Адным з самых вядомых гісторыкаў быў Пракопій Кесарыйскі, які напісаў вялікую працу «Гісторыя вой­наў» (VI ст.). Распаўсюджаным гістарычным жанрам ­з’яўлялася хроніка — ​сістэматычны кароткі выклад падзей па гадах, пачынаючы ад стварэння свету. У гэтым жанры, напрыклад, была напісана вядомая «Хроніка», створаная Яўсевіем Кесарыйскім і «пераказаная» Іеранімам Блажэнным (IV–V стст.).

Візантыйскія географы пераўзыходзілі заходнееўрапейскіх у справе стварэння карт і планаў гарадоў. Вялікая ўвага ў Візантыі надавалася кніжнай справе. Візантыйскія вучоныя захавалі шматлікія рукапісы антычных аўтараў, дзякуючы чаму многія творы грэчаскіх і рымскіх пісьменнікаў дайшлі да нашага часу.

Асаблівае развіццё ў імперыі атрымала архітэктура. Да ХІ ст. сфарміраваўся найбольш распаўсюджаны тып царкоўнага будынка — ​крыжова-­купальны. Самым праслаўленым помнікам візантыйскага дойлідства з’яўляецца знакаміты храм Святой Сафіі, пабудаваны ў 537 г. Над узвядзеннем будынка працавалі на працягу 5 гадоў 10 тыс. чалавек. Храм уяўляе сабой чатырохвугольны будынак з вялізным купалам, які абапіраецца на два паўкупалы. У цэнтры будынка знаходзіцца агромністая зала, напоўненая святлом, якое бруіцца з сарака вокнаў каля купальнай асновы. Сцены храма былі багата аздоблены мазаікай і фрэскавым жывапісам.

У цэлым па ўзроўні культурнага развіцця Візантыя доўгі час апераджала краіны Заходняй Еўропы і нават уплывала на іх. Сюды з Захаду прыязджалі атрымліваць адукацыю, вывучаць рамёствы і мастацтва заходнееўрапейскія майстры. Правіцелі краін Заходняй Еўропы часта запрашалі да свайго двара знакамітых візантыйскіх мастакоў, ювеліраў, архітэктараў, вучоных.

У цэлым можна канстатаваць, што высокі ўзровень культуры з’яўляўся адметнай рысай Візантыі і быў цесна звязаны з іншымі асаблівасцямі развіцця дзяржавы.

У Візантыі захаваліся традыцыі Рымскай імперыі. Але цяпер этнічнай асновай дзяржавы быў грэчаскі народ, а рэлігійнай — ​хрысціянства ў форме праваслаўя. Сталіцай Візантыі з’яўляўся Канстанцінопаль — ​найважнейшы цэнтр рамяства, які звязаў Еўропу з усходнімі краінамі гандлёвым мостам. Улада імператара была неабмежаванай. Структура візантыйскага грамадства не была такой саслоўна размежаванай, як у Заходняй Еўропе, аднак сяляне і тут паступова траплялі ў розныя формы залежнасці ад буйны́х землеўладальнікаў. Заняпад Візантыі прадвызначылі нашэсці мусульманскіх народаў: арабаў, туркаў-­сельджукаў, потым туркаў-­асманаў, якія і ўзялі Канстанцінопаль у 1453 г.