Печатать книгуПечатать книгу

§ 12. Візантыя ў Сярэднявеччы

Якія былі асаблівасці дзяржаўнага, грамадскага і культурнага развіцця Візантыі? З чым яны былі звязаны?

Калі і чаму адбыўся падзел Рымскай імперыі на Заходнюю і Усходнюю? Якія дзяржавы былі самымі вялікімі на палітычнай карце Еўропы ў Раннім сярэднявеччы? Якія былі прычыны расколу хрысціянства на заходнюю і ўсходнюю цэрквы? Дайце азначэнне паняццям «мазаіка», «фрэска», «абраз». (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас; § 10 гэтага вучэбнага дапаможніка)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 12. Візантыя ў Сярэднявеччы
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 22 Ноябрь 2024, 10:53

1. Візантыйская імперыя на палітычнай карце Сярэднявечча

Сваю назву Візантыйская імперыя атрымала ад горада Візáнтый, на месцы якога ў 330 г. імператар Канстанцін заснаваў новую сталіцу — ​Канстанцінопаль. Сучаснікі называлі гэтую дзяржаву Рамейскай (гэта значыць Рымскай) імперыяй, а афіцыйная назва сталіцы гучала як «Новы Рым». Падданыя візантыйскага імператара ганарова называлі сябе «рамеямі», што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначала «рымляне». Такім чынам, Візантыя, якая ўзнікла на месцы Усходняй Рымскай імперыі, успрымалася яе імператарамі як прамы пераемнік некалі адзінай магутнай рымскай дзяржавы.

Аснову насельніцтва Візантыі складаў грэчаскі народ. Але на вялізнай тэрыторыі дзяржавы жылі таксама сірыйцы, армяне, грузіны, яўрэі, славяне. Імперыя на момант росквіту ўключала ў свой склад Балканскі паўвостраў, Малую Азію, Сірыю, Егіпет, частку Закаўказзя.

Адным з самых магутных імператараў Візантыі быў Юстыніян (527–565). Зрабіўшы спробу аднавіць Рымскую імперыю ў былых межах, ён арганізаваў буйны`я ваенныя паходы на захад Міжземнамор’я. Вынікам вой­наў, якія вёў Юстыніян, стала заваяванне Паўночнай Афрыкі (каралеўства вандалаў), Італіі (каралеўства остготаў), паўднёвай часткі Іспаніі (каралеўства вестготаў). Аднак пераемнікі Юстыніяна не змаглі ўтрымаць гэтыя заваёвы. Частку тэрыторый на ўсходзе давялося саступіць Ірану. Пачынаючы з VII ст. пад націскам арабаў Візантыя страціла такія правінцыі, як Сірыя, Палесціна, частку Арменіі, Егіпет, усе тэрыторыі ў Паўночнай Афрыцы, астравы Крыт і Сіцылію. Некалькі разоў арабскае вой­ска беспаспяхова абложвала сам Канстанцінопаль.

У Х–ХІ стст. Візантыя часова аднавіла магутнасць, вярнуўшы ў свой склад Грузію, Арменію, Балгарыю. У арабаў адваявалі Сірыю і Палесціну. Але ўжо ў 1071 г. візантыйская армія пацярпела значнае паражэнне ад туркаў-­сельджукаў, якія ў хуткім часе заваявалі большую частку Малой Азіі. У 1204 г. падчас чацвёртага крыжовага паходу заходнееўрапейскія рыцары занялі Канстанцінопаль і стварылі Лацінскую імперыю. Яна праіснавала да 1261 г., калі візантыйцы вярнулі гэтыя землі і аднавілі сваю дзяржаву. Аднак пастаянныя вой­ны аслабілі Візантыю, якая да XV ст. ужо страціла былую моц. Гэтым скарысталіся туркі-­асманы, якія 29 красавіка 1453 г. захапілі Канстанцінопаль. Візантыйская імперыя перастала існаваць.

2. Сацыяльныя адносіны ў Візантыі

На чале візантыйскага грамадства стаяў імператар, які быў абсалютным манархам-­самадзержцам. Ён лічыўся «богаабраным» і павінен быў несці перад Богам адказнасць за сваіх падданых. З цягам часу замест лацінскага слова «імператар» сталі выкарыстоўваць грэчаскі тэрмін «васілеўс».

Імператарская ўлада лічылася спадчыннай. Чыноўнікі, вышэйшая знаць і духавенства складалі «вярхі» візантыйскага грамадства. Васілеўс дараваў ім або землі, або штогадовыя выплаты з казны. У той жа час для Візантыі была характэрная барацьба за ўладу. Здаралася, што змоўшчыкі забівалі імператара і ўзводзілі на трон новага правіцеля.

Манарх кіраваў імперыяй з дапамогай вялікага штату чыноўнікаў. Такая велізарная бюракратычная сістэма патрабавала значных сродкаў на сваё ўтрыманне. Гэта выклікала рост падаткаабкладання. Да VII ст. сельская гаспадарка ў эканоміцы Візантыі стала грунтавацца на працы свабодных сялян-­абшчыннікаў. Яны валодалі ворнай зямлёй на правах прыватнай уласнасці, а таксама маглі карыстацца абшчыннымі ўгоддзямі і млынамі. На карысць дзяржавы яны плацілі падаткі — ​пазямельны і падушны. Існаваў прынцып кругавой парукі пры выплаце падаткаў. Акрамя таго сяляне павінны былі несці дзяржаўныя павіннасці: будаваць абарончыя ўмацаванні, дарогі, масты. Аднак з цягам часу яны траплялі ў асабістую залежнасць ад багатых землеўладальнікаў або ад дзяржавы. Існаваў таксама слой свабодных сялян-­арандатараў.

3. Візантыйскія гарады

Пасля падзення Заходняй Рымскай імперыі пад націскам варвараў назіраўся рэзкі заняпад гарадоў. Сітуацыя ў Візантыі была крыху іншай: гарадское жыццё працягвала развівацца, а гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю, навукі і мастацтва.

Галоўным горадам імперыі была яе сталіца — ​Канстанцінопаль, які ў Старажытнай Русі велічна называлі Царградам. Гэта быў адзін з самых багатых і вялікіх гарадоў таго часу. Раскошны выгляд сталіцы павінен быў падкрэсліць магутнасць дзяржавы і трываласць улады імператара.

У сталіцы імперыі знаходзіўся царскі палац — ​рэзідэнцыя правіцеля. Канстанцінопаль славіўся вялікімі рынкамі, навучальнымі ўстановамі, храмамі. Самім горадам кіраваў эпарх — ​спецыяльны чыноўнік, якога прызначаў імператар.

Эканамічнае працвітанне Канстанцінопаля забяспечвалася за кошт выгаднага геаграфічнага становішча. Міжземнае мора давала магчымасць весці гандаль з многімі краінамі. Сам горад стаяў на самых значных гандлёвых шляхах таго часу. Сухапутны Вялікі шаўковы шлях вёў з Азіі ў Еўропу, а водны «з вараг у грэкі» злучаў Візантыю са Скандынавіяй і праходзіў праз землі ўсходніх славян. Візантыйскія купцы падтрымлівалі актыўныя гандлёвыя адносіны з заходнееўрапейскімі краінамі, Іранам, Індыяй і Кітаем. Купцы павінны былі плаціць гандлёвыя пошліны на карысць дзяржавы.

Акрамя Канстанцінопаля самымі вялікімі і значнымі гарадамі з’яўляліся Александрыя і Антыёхія. У візантыйскіх гарадах былі добра развітыя розныя рамёствы. Рамеснікі выплачвалі ў дзяржаўную казну падаткі. Сярод рамесных заняткаў, якія не былі тады распаўсюджаны на Захадзе, але квітнелі ў Візантыі, варта назваць вытворчасць папірусу, шклянога посуду, шаўковых тканін.

Гарадское жыццё Візантыі складана ўявіць без грамадскіх відовішчаў, самымі папулярнымі з якіх сталі гонкі на калясніцах. Гэтыя конныя спаборніцтвы праходзілі на спецыяльных іпадромах.

4. Праваслаўная царква ў Візантыі

Хрысціянская рэлігія справядліва лічылася адной з асноў развіцця духоўнага жыцця Візантыі. У імперыі панаваў праваслаўны (усходні) тып хрысціянства. Калі ў заходнім хрысціянстве кіраўніком царквы прызнаваўся епіскап Рыма, то праваслаўнай царквой кіравалі чатыры патрыярхі: канстанцінопальскі, александрыйскі, антыёхійскі і іерусалімскі. Гэта сведчыць пра так званую калегіяльную форму кіравання, паколькі найбольш важныя рашэнні патрыярхі прымалі разам. У той жа час фактычнае першынство ў гэтай калегіі належала патрыярху Канстанцінопаля. Але і яго паўнамоцтвы былі абмежаваны імператарскай уладай. Менавіта імператар меў права прызначаць на царкоўныя пасады і здымаць з іх. Ён мог склікаць царкоўныя саборы і зацвярджаў іх рашэнні. Такім чынам, свецкая ўлада кантралявала рэлігійнае жыццё ў імперыі.

Значным для развіцця грамадства было манаства. Манахі актыўна займаліся літаратурнай дзейнасцю. Яны пісалі арыгінальныя творы і перапісвалі працы антычных аўтараў. На пачатак ХІ ст. у імперыі налічвалася каля 7 тыс. манастыроў.

З умацаваннем хрысціянства ў суседніх дзяржавах Візантыя старалася па­ўплываць на іх. Старажытная Русь, Балгарыя і Сербія прынялі хрысціянства ад Візантыі. Візантыйскія царкоўныя дзеячы браты Кірыла і Мяфодзій у ІХ ст. стварылі на аснове літар грэчаскага алфавіта славянскую азбуку — ​кірыліцу, якой мы карыстаемся і цяпер. З грэчаскай на славянскія мовы перакладалася царкоўная і свецкая літаратура. Візантыйскія архітэктары ўзвялі першыя на Русі храмы з каменю.

5. Культурная спадчына Візантыі

Галоўнай асаблівасцю культуры Візантыі было тое, што яна фарміравалася на скрыжаванні традыцый Усходу і Захаду, у яе аснову пакладзена антычная грэка-­рымская спадчына. З пачаткам Сярэднявечча ў ёй не назіраўся характэрны для заходнееўрапейскіх краін заняпад. У Візантыі працягвала развівацца гарадское жыццё, а гарады з’яўляліся асноўнымі цэнтрамі культуры. Працэнт адукаваных людзей быў значна вышэйшы, чым на Захадзе. Пісьменнасць сярод простага люду была не рэдкасцю. Сістэма адукацыі ўключала як царкоўныя, дзяржаўныя, так і прыватныя школы. Пачатковая адукацыя складалася з навучання лічэнню, пісьму і чытанню. Першая вышэйшая школа ў Візантыі была створана згодна з імператарскім указам у сярэдзіне ХІ ст. Гэтая навучальная ўстанова складалася з філасофскага і юрыдычнага факультэтаў. На мяжы ХІ–ХІІ стст. была створана другая вышэйшая навучальная ўстанова, дзе ўжо вывучалі медыцыну. Аднак, у адрозненне ад заходнееўрапейскіх універсітэтаў, вышэйшыя школы Візантыі не мелі аўтаноміі, а поўнасцю залежалі ад дзяржавы.

З навуковых дысцыплін найбольш паспяхова развіваліся матэматыка, астраномія, геаграфія, хімія, медыцына, інжынерная справа. Візантыйскія вучоныя захоўвалі сакрэты вырабу шкла, лекавых сродкаў і фарбаў. У ваеннай справе візантыйцы выкарыстоўвалі «грэчаскі агонь» — ​гаручую сумесь, якая выкідвалася са спецыяльных гармат. Гэтым агнём падпальвалі варожыя караблі, прымянялі яго пры аблозе і абароне гарадоў. Састаў «грэчаскага агню» (як мяркуецца, сумесь нафты і смалы) захоўваўся ў найстражэйшай таямніцы.

Гістарычная навука атрымала ў Візантыі значнае развіццё. Адным з самых вядомых гісторыкаў быў Пракопій Кесарыйскі, які напісаў вялікую працу «Гісторыя вой­наў» (VI ст.). Распаўсюджаным гістарычным жанрам ­з’яўлялася хроніка — ​сістэматычны кароткі выклад падзей па гадах, пачынаючы ад стварэння свету. У гэтым жанры, напрыклад, была напісана вядомая «Хроніка», створаная Яўсевіем Кесарыйскім і «пераказаная» Іеранімам Блажэнным (IV–V стст.).

Візантыйскія географы пераўзыходзілі заходнееўрапейскіх у справе стварэння карт і планаў гарадоў. Вялікая ўвага ў Візантыі надавалася кніжнай справе. Візантыйскія вучоныя захавалі шматлікія рукапісы антычных аўтараў, дзякуючы чаму многія творы грэчаскіх і рымскіх пісьменнікаў дайшлі да нашага часу.

Асаблівае развіццё ў імперыі атрымала архітэктура. Да ХІ ст. сфарміраваўся найбольш распаўсюджаны тып царкоўнага будынка — ​крыжова-­купальны. Самым праслаўленым помнікам візантыйскага дойлідства з’яўляецца знакаміты храм Святой Сафіі, пабудаваны ў 537 г. Над узвядзеннем будынка працавалі на працягу 5 гадоў 10 тыс. чалавек. Храм уяўляе сабой чатырохвугольны будынак з вялізным купалам, які абапіраецца на два паўкупалы. У цэнтры будынка знаходзіцца агромністая зала, напоўненая святлом, якое бруіцца з сарака вокнаў каля купальнай асновы. Сцены храма былі багата аздоблены мазаікай і фрэскавым жывапісам.

У цэлым па ўзроўні культурнага развіцця Візантыя доўгі час апераджала краіны Заходняй Еўропы і нават уплывала на іх. Сюды з Захаду прыязджалі атрымліваць адукацыю, вывучаць рамёствы і мастацтва заходнееўрапейскія майстры. Правіцелі краін Заходняй Еўропы часта запрашалі да свайго двара знакамітых візантыйскіх мастакоў, ювеліраў, архітэктараў, вучоных.

У цэлым можна канстатаваць, што высокі ўзровень культуры з’яўляўся адметнай рысай Візантыі і быў цесна звязаны з іншымі асаблівасцямі развіцця дзяржавы.

У Візантыі захаваліся традыцыі Рымскай імперыі. Але цяпер этнічнай асновай дзяржавы быў грэчаскі народ, а рэлігійнай — ​хрысціянства ў форме праваслаўя. Сталіцай Візантыі з’яўляўся Канстанцінопаль — ​найважнейшы цэнтр рамяства, які звязаў Еўропу з усходнімі краінамі гандлёвым мостам. Улада імператара была неабмежаванай. Структура візантыйскага грамадства не была такой саслоўна размежаванай, як у Заходняй Еўропе, аднак сяляне і тут паступова траплялі ў розныя формы залежнасці ад буйны́х землеўладальнікаў. Заняпад Візантыі прадвызначылі нашэсці мусульманскіх народаў: арабаў, туркаў-­сельджукаў, потым туркаў-­асманаў, якія і ўзялі Канстанцінопаль у 1453 г.

Пытанні

1. Вызначце храналагічныя рамкі існавання Візантыйскай імперыі. Перадайце яе гісторыю ў 4–5 сказах.

2. У чым былі асаблівасці імператарскай улады ў Візантыі? Што збліжала візантыйскага імператара са старажытнымі ўсходнімі правіцелямі?

3. Якія сацыяльныя групы можна вылучыць у візантыйскім грамадстве? Ахарактарызуйце становішча кожнай з іх.

4. Чым адрознівалася становішча хрысціянскай царквы ў Візантыі і ў Заходняй Еўропе?

5. У чым праяўляўся ўплыў Антычнасці на гісторыю і культуру Візантыі? Як вы думаеце, чаму Візантыя (у адрозненне ад Заходняй Еўропы) змагла захаваць антычныя традыцыі?

6. Напішыце эсэ «Унёсак Візантыі ў сусветную культуру».