§ 12. Візантыя ў Сярэднявеччы
1. Візантыйская імперыя на палітычнай карце Сярэднявечча
Сваю назву Візантыйская імперыя атрымала ад горада Візáнтый, на месцы якога ў 330 г. імператар Канстанцін заснаваў новую сталіцу — Канстанцінопаль. Сучаснікі называлі гэтую дзяржаву Рамейскай (гэта значыць Рымскай) імперыяй, а афіцыйная назва сталіцы гучала як «Новы Рым». Падданыя візантыйскага імператара ганарова называлі сябе «рамеямі», што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначала «рымляне». Такім чынам, Візантыя, якая ўзнікла на месцы Усходняй Рымскай імперыі, успрымалася яе імператарамі як прамы пераемнік некалі адзінай магутнай рымскай дзяржавы.
Аснову насельніцтва Візантыі складаў грэчаскі народ. Але на вялізнай тэрыторыі дзяржавы жылі таксама сірыйцы, армяне, грузіны, яўрэі, славяне. Імперыя на момант росквіту ўключала ў свой склад Балканскі паўвостраў, Малую Азію, Сірыю, Егіпет, частку Закаўказзя.
Адным з самых магутных імператараў Візантыі быў Юстыніян (527–565). Зрабіўшы спробу аднавіць Рымскую імперыю ў былых межах, ён арганізаваў буйны`я ваенныя паходы на захад Міжземнамор’я. Вынікам войнаў, якія вёў Юстыніян, стала заваяванне Паўночнай Афрыкі (каралеўства вандалаў), Італіі (каралеўства остготаў), паўднёвай часткі Іспаніі (каралеўства вестготаў). Аднак пераемнікі Юстыніяна не змаглі ўтрымаць гэтыя заваёвы. Частку тэрыторый на ўсходзе давялося саступіць Ірану. Пачынаючы з VII ст. пад націскам арабаў Візантыя страціла такія правінцыі, як Сірыя, Палесціна, частку Арменіі, Егіпет, усе тэрыторыі ў Паўночнай Афрыцы, астравы Крыт і Сіцылію. Некалькі разоў арабскае войска беспаспяхова абложвала сам Канстанцінопаль.
У Х–ХІ стст. Візантыя часова аднавіла магутнасць, вярнуўшы ў свой склад Грузію, Арменію, Балгарыю. У арабаў адваявалі Сірыю і Палесціну. Але ўжо ў 1071 г. візантыйская армія пацярпела значнае паражэнне ад туркаў-сельджукаў, якія ў хуткім часе заваявалі большую частку Малой Азіі. У 1204 г. падчас чацвёртага крыжовага паходу заходнееўрапейскія рыцары занялі Канстанцінопаль і стварылі Лацінскую імперыю. Яна праіснавала да 1261 г., калі візантыйцы вярнулі гэтыя землі і аднавілі сваю дзяржаву. Аднак пастаянныя войны аслабілі Візантыю, якая да XV ст. ужо страціла былую моц. Гэтым скарысталіся туркі-асманы, якія 29 красавіка 1453 г. захапілі Канстанцінопаль. Візантыйская імперыя перастала існаваць.