§ 9-1. ЭКАНІМІКА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЕЎРОПЫ

5. Гарады Заходняй Еўропы. Месца горада ў феадальным грамадстве

Частку вырабленых тавараў рамеснікі павінны былі аддаваць свайму феадалу ў якасці аброку. Не жадаючы гэтага рабіць, яны пакідалі сельскую мясцовасць і вандравалі ў пошуках заказаў. Часта майстры асядалі на скрыжаваннях дарог і каля руін рымскіх крэпасцяў, каля сцен манастыроў і замкаў, каля рачных перапраў і марскіх гаваняў. Там яны будавалі сабе жыллё, набывалі ў купцоў сыравіну і выконвалі заказы для мясцовых жыхароў, а за сценамі замкаў і манастыроў можна было схавацца ў выпадку небяспекі.

З часам падобныя паселішчы разрасталіся, для абароны ад ворагаў іх абносілі сценамі і ровам. Так ўзнікалі гарады, эканамічнай асновай якіх, у адрозненне ад вёсак, былі рамяство і гандаль.

З XI ст. актывізаваўся рост гарадоў на поўдні Францыі і ў Італіі, а затым у Германіі па берагах рэк Дунай і Рэйн. Блізкасць да водных шляхоў давала магчымасць весці гандаль рэдкімі таварамі на далёкія адлегласці, што прыносіла найбольшы прыбытак. Паступова гарады сталі з'яўляцца ва ўсіх краінах Еўропы. Найбуйнейшымі былі Лондан, Рым, Парыж, якія налічвалі некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў.

Многім гарадам, якія залежалі ад свецкіх ці духоўных феадалаў, было цяжка выконваць павіннасці і выплачваць падаткі на карысць сваіх сеньёраў. Таму з часам яны пачалі барацьбу за права самакіравання. Часта гараджане дамагаліся такога права з дапамогай зброі, а часам набывалі яго ў феадалаў за вялікую плату.

Не ўсім гарадам ўдавалася дабіцца права на самакіраванне. Тыя, якія яго атрымлівалі, засноўвалі незалежныя ад феадала органы кіравання. Звычайна гэта быў гарадскі савет на чале з мэрам або бургамістрам, які засядаў у спецыяльным будынку — ратушы. Дазвол гораду чаканіць манету, ствараць свой суд і набіраць апалчэнне афармляўся ў юрыдычнай сістэме, якая атрымала назву «Магдэбургскае права». Гэтае права гарантавала таксама і асабістую свабоду гараджан ад феадалаў.

«Гарадское паветра робіць чалавека свабодным», — казала сярэднявечная прымаўка, якая пайшла ад звычая, згодна з якім прыгонны або залежны чалавек аўтаматычна прызнаваўся вольным, калі пражыў у горадзе адзін год і адзін дзень. Так выражалася права горада на свабоду і самакіраванне.

Эканамічнай асновай станаўлення і развіцця гарадоў з'яўлялася аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі. Яно стала адасобленай галіной вытворчай дзейнасці. Гэтаму працэсу таксама спадарожнічала зараджэнне рынкавых адносін.

Насельніцтва Заходняй і Цэнтральнай Еўропы жыло асела, яго асноўным заняткам было земляробства. Жывёлагадоўля адыгрывала дапаможную ролю. На працягу ўсяго Сярэднявечча панавалі ручная праца і натуральная гаспадарка. Аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі спрыяла ўзнікненню гарадоў. Асноўнымі заняткамі іх насельніцтва сталі рамяство і гандаль. У ходзе развіцця рамяства фарміраваліся цэхі, дзейнасць якіх жорстка рэгламентавалася статутамі. Імкненне жыхароў гарадоў да свабоды ўступіла ў супярэчнасць з феадальнымі нормамі. У выніку барацьбы з феадаламі гарады атрымалі права на самакіраванне. Першапачаткова найбольшы прыбытак прыносіў далёкі гандаль. Развіццё гарадскога гандлю паступова спрыяла фарміраванню гандлёва-грашовых адносін. У сувязі з працэсам цэнтралізацыі ў кожнай краіне узнік унутраны рынак.