§ 9-1. ЭКАНІМІКА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЕЎРОПЫ

1. Прыродныя ўмовы і насельніцтва

Тэрыторыя Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ў асноўным размешчана ў зоне ўмеранага клімату з падобнымі геаграфічнымі ўмовамі. Большую яе частку займаюць лясныя масівы, ёсць мноства рэк. Рэкі і моры ў сярэднія вякі з'яўляліся асноўнымі шляхамі зносін паміж дзяржавамі. За перыяд Сярэднявечча ў выніку актыўнай дзейнасці чалавека (сельская гаспадарка і будаўніцтва) лясныя плошчы скараціліся прыкладна з трох чвэрцяў да паловы ад усёй прасторы заходнееўрапейскіх дзяржаў.

У Заходняй Еўропе практычна адсутнічаюць стэпы, таму качавая жывёлагадоўля ў Сярэднявечча не атрымала тут развіцця. На поўначы гэтай тэрыторыі, у Скандынавіі, у сілу халоднага клімату былі складаныя ўмовы для вядзення сельскай гаспадаркі. Таму ваяўнічыя скандынавы — вікінгі — сталі здзяйсняць заваявальныя набегі.

У Высокім сярэднявеччы назіраўся рост колькасці насельніцтва ў 2—3 разы, што прывяло да актыўнага асваення новых зямель і з'яўлення новых паселішчаў. Аднак эпідэмія чумы, якая пачалася ў сярэдзіне XIV ст., у шэрагу дзяржаў забрала жыцці да паловы жыхароў. Пры гэтым сярэдняя працягласць жыцця была ў цэлым нізкай і складала 35 гадоў для жанчын і 45 гадоў для мужчын. «Трыяда бедстваў» — голад ад неўраджаяў, войны, хваробы — таксама стрымлівала рост насельніцтва.