Print bookPrint book

§ 9-1. ЭКАНІМІКА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЕЎРОПЫ

Якія змены ў сельскай і гарадской гаспадарцы прывялі да развіцця таварна-грашовых адносін?

Чаму ўзнікалі гарады? Успомніце азначэнні паняццяў «натуральная гаспадарка», «таварна-грашовая гаспадарка», «цэх» (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Book: § 9-1. ЭКАНІМІКА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЕЎРОПЫ
Printed by: Госць
Date: Sunday, 19 May 2024, 2:16 PM

1. Прыродныя ўмовы і насельніцтва

Тэрыторыя Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ў асноўным размешчана ў зоне ўмеранага клімату з падобнымі геаграфічнымі ўмовамі. Большую яе частку займаюць лясныя масівы, ёсць мноства рэк. Рэкі і моры ў сярэднія вякі з'яўляліся асноўнымі шляхамі зносін паміж дзяржавамі. За перыяд Сярэднявечча ў выніку актыўнай дзейнасці чалавека (сельская гаспадарка і будаўніцтва) лясныя плошчы скараціліся прыкладна з трох чвэрцяў да паловы ад усёй прасторы заходнееўрапейскіх дзяржаў.

У Заходняй Еўропе практычна адсутнічаюць стэпы, таму качавая жывёлагадоўля ў Сярэднявечча не атрымала тут развіцця. На поўначы гэтай тэрыторыі, у Скандынавіі, у сілу халоднага клімату былі складаныя ўмовы для вядзення сельскай гаспадаркі. Таму ваяўнічыя скандынавы — вікінгі — сталі здзяйсняць заваявальныя набегі.

У Высокім сярэднявеччы назіраўся рост колькасці насельніцтва ў 2—3 разы, што прывяло да актыўнага асваення новых зямель і з'яўлення новых паселішчаў. Аднак эпідэмія чумы, якая пачалася ў сярэдзіне XIV ст., у шэрагу дзяржаў забрала жыцці да паловы жыхароў. Пры гэтым сярэдняя працягласць жыцця была ў цэлым нізкай і складала 35 гадоў для жанчын і 45 гадоў для мужчын. «Трыяда бедстваў» — голад ад неўраджаяў, войны, хваробы — таксама стрымлівала рост насельніцтва.

2. Земляробства

Эканамічнае развіццё Заходняй Еўропы ў сярэднія вякі грунтавалася на сельскай гаспадарцы, якая была асноўным заняткам насельніцтва і развівалася вельмі марудна. Найбольш пашыранымі былі збожжавыя (пшаніца і проса) і бабовыя культуры. З гародніны вырошчваліся ў асноўным рэпа, рэдзька, капуста, лук, часнок і агуркі. У Раннім сярэдневеччы глебу ўзворвалі лёгкім плугам і практычна не ўгнойвалі. Каласы зжыналі сярпамі, а затым малацілі палкамі альбо цапамі. Сельскагаспадарчы інвентар доўгі час заставаўся вельмі прымітыўным. Рамяство яшчэ не было выдзелена з сельскай гаспадаркі, і таму сялянам даводзілася вырабляць прылады працы самастойна. Да XI ст. пераважаў натуральны тып гаспадаркі, гандаль быў развіты вельмі слаба.

Пануючай у ворным земляробстве была двухпольная сістэма. Але паступова асвойвалася і трохполле, пры якім адну частку поля засявалі яравымі, другую — азімымі, а трэцяя частка аднаўляла ўрадлівыя ўласцівасці. Даволі рана з'явіліся вадзяныя млыны, затым ветраныя. У Высокім сярэднявеччы стаў выкарыстоўвацца больш дасканалы цяжкі колавы плуг, пачало шырока распаўсюджвацца садоўніцтва.

Прадуктамі сельскай гаспадаркі сяляне забяспечвалі не толькі сябе, але і феадалаў. Ураджайнасць была даволі нізкай: збожжа вырошчвалі ўсяго ў два-тры разы больш, чым сеялі. Нярэдка здараліся неўраджаі, выкліканыя ўмовамі надвор'я (холады і засухі) і шматлікімі войнамі. Гэта прыводзіла да голаду і высокай смяротнасці насельніцтва.

3. Жывёлагадоўля і промыслы

Ва ўмовах панавання земляробства жывёлагадоўля адыгрывала дапаможную ролю. У простых сялянскіх гаспадарках пераважала дробная жывёла, а каровы і быкі былі рэдкасцю, іх выкарыстоўвалі як цяглавую сілу, а таксама вырошчвалі для атрымання мяса і малочных прадуктаў. У Познім сярэднявеччы значна павялічылася пагалоўе буйны́й рагатай жывёлы, а асноўнай цяглавай сілай стаў конь.

Найбольш распаўсюджаным промыслам доўгі час было паляванне. Аднак да канца Сярэднявечча колькасць дзікіх жывёл паменшылася ў сілу іх масавага вынішчэння. Рыбная лоўля таксама была развітай. Доўгі час у вёсках захоўваліся рамёствы (кавальскае, ганчарнае, сталярнае). З часам рамяство аддзялілася ад сельскай гаспадаркі, і рамеснікі сталі фарміраваць асобныя паселішчы, на аснове якіх узніклі сярэднявечныя гарады.

4. Рамяство і гандаль

У перыяд Ранняга сярэднявечча неабходныя прылады працы і вопратку сяляне выраблялі сабе самі: рамяство яшчэ не было аддзелена ад сельскай гаспадаркі. У той жа час, каб зрабіць колавы плуг, неабходныя былі адмысловыя ўменні. Звычайна ў сялянскім асяроддзі знаходзіліся найбольш здольныя майстры, якія пачыналі спецыялізавацца на асобных рамёствах. Пры гэтым яны ўжо менш часу аддавалі сельскагаспадарчым заняткам, а потым і зусім ад іх адмаўляліся, бо былі здольныя пракарміць сябе. Рамяство станавілася іх асноўным заняткам, майстры выпускалі больш вырабаў, чым раней.

Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі адной спецыяльнасці аб'ядноўваліся ў цэхі на чале са старшыной. Такія майстры звычайна сяліліся на адной вуліцы, якую і называлі ў гонар свайго рамяства (Кавальская, Шавецкая, Ювелірная і г. д.), а падчас ваенных дзеянняў яны ж фарміравалі баявы атрад. Каб далучыцца да цэха, неабходна было здаць спецыяльны экзамен, які пацвярджаў майстэрства. Пасля гэтага рамеснік атрымліваў званне майстра і павінен быў працаваць у горадзе згодна са спецыяльным статутам. Статут, які рэгламентаваў вытворчую дзейнасць, зацвярджаўся членамі цэха сумесна. Звычайна ў такіх статутах апісваліся нормы і стандарты выпускаемай прадукцыі. За выпуск няякаснага вырабу майстра прыцягвалі да суда.

Сярэднявечнае рамяство было заснавана на ручной працы, гаспадаром майстэрні быў сам майстар. У яго распараджэнні было некалькі чаляднікаў. Яны працавалі бясплатна, асвойваючы прафесію, у надзеі здаць экзамен і стаць паўнапраўнымі членамі цэха. Для гэтага трэба было зрабіць так званы шэдэўр — дасканалы ўзор вырабу.

Прадметы, вырабленыя рамеснікамі, былі больш якаснымі, чым тыя, якія рабілі самі сяляне. Таму сяляне імкнуліся абмяняць на іх лішкі сваёй прадукцыі. Так паступова зараджаліся таварна-грашовыя адносіны. Натуральная гаспадарка замянялася таварнай, дзе прадукт вырабляўся для продажу ці абмену, а не для ўласнага спажывання. З мэтай развіцця гандлю манархі еўрапейскіх дзяржаў будавалі брукаваныя дарогі, масты, развівалі суднабудаванне.

Пасрэднікамі ў гандлёвых аперацыях выступалі купцы. Для абароны сваіх інтарэсаў яны пачалі аб'ядноўвацца ў гільдыі. Купцы італьянскіх гарадоў Венецыя і Генуя кантралявалі выгадныя гандлёвыя шляхі, якія злучалі Еўропу з краінамі Усходу. Гандаль на поўначы Еўропы кантралявалі купцы нямецкага гандлёвага саюза Ганзы, куды ўваходзілі прадстаўнікі больш чым 70 гарадоў.

Шырокае распаўсюджванне атрымалі гарадскія рынкі і кірмашы, дзе рамеснікі і сяляне маглі прадаць свой тавар. Самыя славутыя круглагодныя кірмашы праводзіліся ў графстве Шампань на паўночным усходзе Францыі.

У выніку развіцця гандлёва-рамеснай дзейнасці ў гарадах усё большае значэнне набывалі грошы і звязаныя з імі аперацыі. Манеты маглі чаканіць не толькі каралі, але і асобныя буйня феадалы. На рынках вялікім попытам карысталіся паслугі грашовых мянял, якія абменьвалі манеты розных дзяржаў, вызначалі іх сапраўднасць. Назапашваючы вялікія грашовыя сумы, мянялы давалі іх у доўг пад высокі працэнт, становячыся ліхвярамі. Паступова на аснове лавак мянял і ліхвяроў з'яўляліся першыя банкі — арганізацыі, якія давалі грашовыя сродкі ў пазыку, прымалі ўклады на захоўванне пад працэнты, а таксама выдавалі ўкладзеныя грошы ў іншых гарадах і краінах.

5. Гарады Заходняй Еўропы. Месца горада ў феадальным грамадстве

Частку вырабленых тавараў рамеснікі павінны былі аддаваць свайму феадалу ў якасці аброку. Не жадаючы гэтага рабіць, яны пакідалі сельскую мясцовасць і вандравалі ў пошуках заказаў. Часта майстры асядалі на скрыжаваннях дарог і каля руін рымскіх крэпасцяў, каля сцен манастыроў і замкаў, каля рачных перапраў і марскіх гаваняў. Там яны будавалі сабе жыллё, набывалі ў купцоў сыравіну і выконвалі заказы для мясцовых жыхароў, а за сценамі замкаў і манастыроў можна было схавацца ў выпадку небяспекі.

З часам падобныя паселішчы разрасталіся, для абароны ад ворагаў іх абносілі сценамі і ровам. Так ўзнікалі гарады, эканамічнай асновай якіх, у адрозненне ад вёсак, былі рамяство і гандаль.

З XI ст. актывізаваўся рост гарадоў на поўдні Францыі і ў Італіі, а затым у Германіі па берагах рэк Дунай і Рэйн. Блізкасць да водных шляхоў давала магчымасць весці гандаль рэдкімі таварамі на далёкія адлегласці, што прыносіла найбольшы прыбытак. Паступова гарады сталі з'яўляцца ва ўсіх краінах Еўропы. Найбуйнейшымі былі Лондан, Рым, Парыж, якія налічвалі некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў.

Многім гарадам, якія залежалі ад свецкіх ці духоўных феадалаў, было цяжка выконваць павіннасці і выплачваць падаткі на карысць сваіх сеньёраў. Таму з часам яны пачалі барацьбу за права самакіравання. Часта гараджане дамагаліся такога права з дапамогай зброі, а часам набывалі яго ў феадалаў за вялікую плату.

Не ўсім гарадам ўдавалася дабіцца права на самакіраванне. Тыя, якія яго атрымлівалі, засноўвалі незалежныя ад феадала органы кіравання. Звычайна гэта быў гарадскі савет на чале з мэрам або бургамістрам, які засядаў у спецыяльным будынку — ратушы. Дазвол гораду чаканіць манету, ствараць свой суд і набіраць апалчэнне афармляўся ў юрыдычнай сістэме, якая атрымала назву «Магдэбургскае права». Гэтае права гарантавала таксама і асабістую свабоду гараджан ад феадалаў.

«Гарадское паветра робіць чалавека свабодным», — казала сярэднявечная прымаўка, якая пайшла ад звычая, згодна з якім прыгонны або залежны чалавек аўтаматычна прызнаваўся вольным, калі пражыў у горадзе адзін год і адзін дзень. Так выражалася права горада на свабоду і самакіраванне.

Эканамічнай асновай станаўлення і развіцця гарадоў з'яўлялася аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі. Яно стала адасобленай галіной вытворчай дзейнасці. Гэтаму працэсу таксама спадарожнічала зараджэнне рынкавых адносін.

Насельніцтва Заходняй і Цэнтральнай Еўропы жыло асела, яго асноўным заняткам было земляробства. Жывёлагадоўля адыгрывала дапаможную ролю. На працягу ўсяго Сярэднявечча панавалі ручная праца і натуральная гаспадарка. Аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі спрыяла ўзнікненню гарадоў. Асноўнымі заняткамі іх насельніцтва сталі рамяство і гандаль. У ходзе развіцця рамяства фарміраваліся цэхі, дзейнасць якіх жорстка рэгламентавалася статутамі. Імкненне жыхароў гарадоў да свабоды ўступіла ў супярэчнасць з феадальнымі нормамі. У выніку барацьбы з феадаламі гарады атрымалі права на самакіраванне. Першапачаткова найбольшы прыбытак прыносіў далёкі гандаль. Развіццё гарадскога гандлю паступова спрыяла фарміраванню гандлёва-грашовых адносін. У сувязі з працэсам цэнтралізацыі ў кожнай краіне узнік унутраны рынак.

Пытанні

1. Растлумачце, якім чынам прыродныя ўмовы ўплывалі на гаспадарчае жыццё людзей у Сярэднявеччы. Прывядзіце прыклады.

2. Да ХI ст. ураджаі збожжавых культур у Заходняй Еўропе ў параўнанні з перыядам Ранняга сярэднявечча ўзраслі прыкладна ўдвая. Якія новаўвядзенні ў земляробстве спрыялі павышэнню ўраджайнасці?

3. Растлумачце прычынна-выніковыя сувязі паміж поспехамі ў сельскай гаспадарцы, аддзяленнем рамяства ад сельскай гаспадаркі і ўзнікненнем гарадоў. Выкарыстайце схему.

4. Якія змены адбываліся ў жыцці сярэднявечных гарадоў?

5. Як вы лічыце, цэхавыя арганізацыі спрыялі развіццю рамеснай вытворчасці або тармазілі яго? Прывядзіце аргументы, якія даказваюць ваш пункт гледжання.

6. Напішыце артыкул у фармаце Вікіпедыі «Сярэднявечны горад». Раскажыце ў ім аб развіцці гарадоў у Сярэднія вякі. Выкарыстоўвайце дадатковыя крыніцы інфармацыі.