§ 9-1. ЭКАНІМІКА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЕЎРОПЫ

4. Рамяство і гандаль

У перыяд Ранняга сярэднявечча неабходныя прылады працы і вопратку сяляне выраблялі сабе самі: рамяство яшчэ не было аддзелена ад сельскай гаспадаркі. У той жа час, каб зрабіць колавы плуг, неабходныя былі адмысловыя ўменні. Звычайна ў сялянскім асяроддзі знаходзіліся найбольш здольныя майстры, якія пачыналі спецыялізавацца на асобных рамёствах. Пры гэтым яны ўжо менш часу аддавалі сельскагаспадарчым заняткам, а потым і зусім ад іх адмаўляліся, бо былі здольныя пракарміць сябе. Рамяство станавілася іх асноўным заняткам, майстры выпускалі больш вырабаў, чым раней.

Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі адной спецыяльнасці аб'ядноўваліся ў цэхі на чале са старшыной. Такія майстры звычайна сяліліся на адной вуліцы, якую і называлі ў гонар свайго рамяства (Кавальская, Шавецкая, Ювелірная і г. д.), а падчас ваенных дзеянняў яны ж фарміравалі баявы атрад. Каб далучыцца да цэха, неабходна было здаць спецыяльны экзамен, які пацвярджаў майстэрства. Пасля гэтага рамеснік атрымліваў званне майстра і павінен быў працаваць у горадзе згодна са спецыяльным статутам. Статут, які рэгламентаваў вытворчую дзейнасць, зацвярджаўся членамі цэха сумесна. Звычайна ў такіх статутах апісваліся нормы і стандарты выпускаемай прадукцыі. За выпуск няякаснага вырабу майстра прыцягвалі да суда.

Сярэднявечнае рамяство было заснавана на ручной працы, гаспадаром майстэрні быў сам майстар. У яго распараджэнні было некалькі чаляднікаў. Яны працавалі бясплатна, асвойваючы прафесію, у надзеі здаць экзамен і стаць паўнапраўнымі членамі цэха. Для гэтага трэба было зрабіць так званы шэдэўр — дасканалы ўзор вырабу.

Прадметы, вырабленыя рамеснікамі, былі больш якаснымі, чым тыя, якія рабілі самі сяляне. Таму сяляне імкнуліся абмяняць на іх лішкі сваёй прадукцыі. Так паступова зараджаліся таварна-грашовыя адносіны. Натуральная гаспадарка замянялася таварнай, дзе прадукт вырабляўся для продажу ці абмену, а не для ўласнага спажывання. З мэтай развіцця гандлю манархі еўрапейскіх дзяржаў будавалі брукаваныя дарогі, масты, развівалі суднабудаванне.

Пасрэднікамі ў гандлёвых аперацыях выступалі купцы. Для абароны сваіх інтарэсаў яны пачалі аб'ядноўвацца ў гільдыі. Купцы італьянскіх гарадоў Венецыя і Генуя кантралявалі выгадныя гандлёвыя шляхі, якія злучалі Еўропу з краінамі Усходу. Гандаль на поўначы Еўропы кантралявалі купцы нямецкага гандлёвага саюза Ганзы, куды ўваходзілі прадстаўнікі больш чым 70 гарадоў.

Шырокае распаўсюджванне атрымалі гарадскія рынкі і кірмашы, дзе рамеснікі і сяляне маглі прадаць свой тавар. Самыя славутыя круглагодныя кірмашы праводзіліся ў графстве Шампань на паўночным усходзе Францыі.

У выніку развіцця гандлёва-рамеснай дзейнасці ў гарадах усё большае значэнне набывалі грошы і звязаныя з імі аперацыі. Манеты маглі чаканіць не толькі каралі, але і асобныя буйня феадалы. На рынках вялікім попытам карысталіся паслугі грашовых мянял, якія абменьвалі манеты розных дзяржаў, вызначалі іх сапраўднасць. Назапашваючы вялікія грашовыя сумы, мянялы давалі іх у доўг пад высокі працэнт, становячыся ліхвярамі. Паступова на аснове лавак мянял і ліхвяроў з'яўляліся першыя банкі — арганізацыі, якія давалі грашовыя сродкі ў пазыку, прымалі ўклады на захоўванне пад працэнты, а таксама выдавалі ўкладзеныя грошы ў іншых гарадах і краінах.