§ 9-1. ЭКАНІМІКА СЯРЭДНЯВЕЧНАЙ ЕЎРОПЫ

2. Земляробства

Эканамічнае развіццё Заходняй Еўропы ў сярэднія вякі грунтавалася на сельскай гаспадарцы, якая была асноўным заняткам насельніцтва і развівалася вельмі марудна. Найбольш пашыранымі былі збожжавыя (пшаніца і проса) і бабовыя культуры. З гародніны вырошчваліся ў асноўным рэпа, рэдзька, капуста, лук, часнок і агуркі. У Раннім сярэдневеччы глебу ўзворвалі лёгкім плугам і практычна не ўгнойвалі. Каласы зжыналі сярпамі, а затым малацілі палкамі альбо цапамі. Сельскагаспадарчы інвентар доўгі час заставаўся вельмі прымітыўным. Рамяство яшчэ не было выдзелена з сельскай гаспадаркі, і таму сялянам даводзілася вырабляць прылады працы самастойна. Да XI ст. пераважаў натуральны тып гаспадаркі, гандаль быў развіты вельмі слаба.

Пануючай у ворным земляробстве была двухпольная сістэма. Але паступова асвойвалася і трохполле, пры якім адну частку поля засявалі яравымі, другую — азімымі, а трэцяя частка аднаўляла ўрадлівыя ўласцівасці. Даволі рана з'явіліся вадзяныя млыны, затым ветраныя. У Высокім сярэднявеччы стаў выкарыстоўвацца больш дасканалы цяжкі колавы плуг, пачало шырока распаўсюджвацца садоўніцтва.

Прадуктамі сельскай гаспадаркі сяляне забяспечвалі не толькі сябе, але і феадалаў. Ураджайнасць была даволі нізкай: збожжа вырошчвалі ўсяго ў два-тры разы больш, чым сеялі. Нярэдка здараліся неўраджаі, выкліканыя ўмовамі надвор'я (холады і засухі) і шматлікімі войнамі. Гэта прыводзіла да голаду і высокай смяротнасці насельніцтва.