§ 8–1. Дзяржаўны лад Заходняй Еўропы

4. Фарміраванне саслоўна-прадстаўнічай манархіі

Да Высокага сярэднявечча сфарміраваліся асноўныя саслоўі: прывілеяваныя (духавенства і рыцарства) і ніжэйшыя (сяляне і гараджане).

Падпісаная ў 1215 г. англійскім каралём Джонам Беззямельным «Вялікая хартыя вольнасцяў» спрыяла абароне правоў усіх свабодных людзей і стала асновай новых узаемаадносін грамадства і дзяржавы. Правы караля цяпер абмяжоўваліся: ён не мог уводзіць новыя падаткі без згоды савета прыбліжаных баронаў, не мог арыштаваць свабоднага чалавека або адабраць яго маёмасць без рашэння суда. «Вялікай хартыяй вольнасцяў» было зацверджана права свабодных людзей супраціўляцца самавольству каралеўскай улады. У гэтым выпадку савет баронаў мог абвясціць каралю вайну.

Рост палітычнага і эканамічнага ўплыву вольнага саслоўя — гараджан і свабодных сялян — даў магчымасць каралеўскай уладзе разглядаць яго як свайго новага саюзніка ў барацьбе з феадальнай раздробленасцю. Уладзе буйнх феадалаў былі супрацьпастаўленыя выбарныя саслоўна-прадстаўнічыя ўстановы: парламент у Англіі і Генеральныя штаты ў Францыі. Акрамя феадалаў туды абіралі прадстаўнікоў дробнага рыцарства і гараджан, а часам і свабодных сялян.

У 1265 г. у Англіі прайшло першае пасяджэнне парламента, на якое запрасілі прадстаўнікоў графстваў і гарадоў. У XIV ст. у парламенце сфарміраваліся палата лордаў і палата абшчын. У першую ўваходзілі запрошаныя каралём буйны́я свецкія і царкоўныя феадалы, а другая сладалася з гараджан (па два ад горада) і рыцараў (па два ад кожнага графства). Спачатку парламент склікаўся для абмеркавання і ўвядзення новых падаткаў, але затым стаў удзельнічаць і ў прыняцці законаў.

У 1302 г. французскі кароль Філіп IV упершыню склікаў Генеральныя штаты, каб заручыцца падтрымкай духавенства, дваранства і заможных гараджан у барацьбе з папам рымскім. Гэты новы орган склікаўся кожны раз, калі каралі, напрыклад, вырашалі ўвесці новы падатак. Прадстаўнікі трох саслоўяў засядалі паасобку і збіраліся разам толькі для вынясення канчатковага рашэння. Кожная палата мела адзін голас.

Саслоўна-прадстаўнічая манархія — гэта першы этап развіцця цэнтралізаванай дзяржавы. Каралеўская ўлада была яшчэ недастаткова моцнай, каб кіраваць краінай без падтрымкі саслоўяў.

Такім чынам, сацыяльная структура сярэднявечнага грамадства будавалася па саслоўным прынцыпе. Кожнае саслоўе выконвала сваю функцыю. Спадчынная манархія, асвечаная каталіцкай царквой, лічылася адзінай магчымай формай дзяржаўнага праўлення. Манархія выступала гарантам сацыяльнага міру і ўзаемадзеяння саслоўяў. Першапачаткова дзяржаўны апарат абмяжоўваўся прыбліжанымі манарха. Уступіўшы на шлях цэнтралізацыі дзяржаў і аб'яднання зямель, манархія пачала стварэнне разгалінаванага дзяржаўнага апарату. З'явілася абавязковае для ўсяго насельніцтва адзінае заканадаўства. Галоўным ворагам каралеўскай улады доўгі час выступалі буйны́я феадалы, якія перашкаджалі цэнтралізацыі. У барацьбе з імі сфарміравалася саслоўна-прадстаўнічая манархія.