Печатать книгуПечатать книгу

§ 8–1. Дзяржаўны лад Заходняй Еўропы

Як змяняўся дзяржаўны лад Заходняй Еўропы на працягу Сярэднявечча? З чым гэтыя змены былі звязаныя?

Якімі прычынамі было выклікана Вялікае перасяленне народаў і як яно паўплывала на гісторыю Еўропы? Успомніце азначэнні паняццяў «манархія», «бенефіцый», «саслоўна-прадстаўнічая манархія» (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас).

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 8–1. Дзяржаўны лад Заходняй Еўропы
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 14:55

1. Органы ўлады ў раннесярэднявечных дзяржавах

Палітычныя інстытуты дзяржаў Заходняй Еўропы ў перыяд Ранняга сярэднявечча знаходзіліся ў працэсе фарміравання. Тыповай формай арганізацыі дзяржаўнай улады была манархія — палітычны лад, пры якім вярхоўная ўлада належыць аднаму спадчыннаму правіцелю (каралю, імператару, цару). Яскравым прыкладам раннесярэднявечнай манархіі з'яўляецца дзяржава германскага племя франкаў, якая ўзнікла каля 500 г. Падпарадкаваўшы сабе вялікую тэрыторыю, першы франкскі кароль Хлодвіг стаў правіць не адным племем, а ўсім насельніцтвам краіны. Была заснавана каралеўская дынастыя, улада перадавалася ў спадчыну. Спачатку правіла дынастыя Меравінгаў, затым — Каралінгаў.

 

Паўнамоцтвы такога караля першапачаткова былі абмежаваныя саветам знаці, без якога правіцель не мог, напрыклад, прымаць законы. У аснове заканадаўства і судовай сістэмы ляжалі пісаныя зборнікі звычайнага права, якія ўзніклі на аснове старажытных традыцый, — «праўды». Ужо пры Хлодвігу была запісаная на латыні першая такая «праўда» — «Салічны закон». Карэннае гала-рымскае насельніцтва, якое пражывала на землях франкаў да іх прыходу, судзілі па рымскіх законах. Кароль з'яўляўся вышэйшым суддзёй.

Найважнейшыя рашэнні кароль прымаў сам, пры гэтым ён часта раіўся са знатнымі франкамі. Шараговым франкам паведамлялі аб пастановах караля і савета знаці на ваенных аглядах. Улада правіцеля распаўсюджвалася і на каралеўскую дружыну — апору яго палітычнай магутнасці.

Царква імкнулася адыгрываць важную ролю ў пытаннях палітычнага кіравання варварскімі каралеўствамі. Манархі ахвотна прыцягвалі прадстаўнікоў адукаванага духавенства да адміністрацыйнай дзейнасці, а таксама ў якасці прыдворных дарадцаў. Больш за тое, у суседнім з каралеўствам франкаў каралеўстве вестготаў у VII ст. царкоўныя сходы выступалі ў ролі своеасаблівага парламента. На іх распрацоўвалася агульнадзяржаўнае заканадаўства.

У якасці намеснікаў караля ў асобныя вобласці краіны прызначаліся набліжаныя да манарха прадстаўнікі франкскай знаці — графы. Яны валодалі адміністрацыйнымі, судовымі і фіскальнымі паўнамоцтвамі. У той жа час франкскія каралі прымалі на службу і прадстаўнікоў гала-рымскай знаці.

Паступова пры двары караля складваўся адміністрацыйны апарат для кіравання краінай. Першапачаткова ён складаўся з каралеўскіх дружыннікаў і слуг-міністраў. У VIII ст. важную ролю ў палітычным жыцці краіны пачалі адыгрываць маярдомы — вышэйшыя службовыя асобы пры каралеўскім двары. Рост іх магутнасці дазволіў ім праз некаторы час адхіліць ад фактычнага кіраўніцтва краінай караля, узяўшы ўладу ў свае рукі.

 

2. Сярэднявечная манархія

У 800 г. папа рымскі каранаваў Карла Вялікага (768—814) імператарскай каронай. Каралеўства франкаў стала імперыяй, і сістэма органаў палітычнага кіравання працягвала развівацца. Цяпер правіцель лічыў сябе роўным па магутнасці імператару Візантыі.

Франкская імперыя дзялілася на адміністрацыйныя адзінкі — графствы. Там прызначаныя імператарам з ліку мясцовай знаці графы ўзначальвалі апалчэнне, займаліся зборам падаткаў, выконвалі судовыя функцыі. За іх дзейнасцю назіралі адмысловыя «гасударавы пасланцы», якім імператар даваў шырокія паўнамоцтвы і судовыя функцыі для праверкі дзейнасці мясцовай адміністрацыі.

Залежнасць манарха ад знаці стала змяншацца. Цяпер галоўная роля ў заканадаўчай дзейнасці належала ўжо імператару, а не савету знаці. Штогод імператар склікаў сходы вышэйшай свецкай і духоўнай арыстакратыі, якія атрымалі назву «майскія палі». На іх абвяшчаліся новыя законы. Імператар мог раіцца са сваімі падданымі з ліку арыстакратаў. Па выніках выдаваліся ўказы і зборнікі пастаноў (капітулярыі). У такіх дакументах разглядаліся разнастайныя пытанні: палітычныя, гаспадарчыя, судовыя, царкоўныя. Гэтыя законы былі абавязковыя для выканання ўсімі падданымі імператара.

Адміністрацыйны апарат каралеўскага двара пры Карле Вялікім фарміраваўся ўжо ў асноўным з прамых васалаў вярхоўнага правіцеля. Прадстаўнікі духавенства як самага адукаванага саслоўя па-ранейшаму актыўна прыцягваліся манархамі да двара. Колькасць прыдворных чыноўнікаў значна ўзрасла, і ўзровень іх адукаванасці таксама. Пры Карле павялічыўся аб'ём пісьмовых распараджэнняў і ўказаў манарха.

Франкскія каралі разглядалі каралеўства як сваю ўласнасць. Звычайна яшчэ пры жыцці яны дзялілі дзяржаву паміж сваімі сынамі, якія, як правіла, атрымлівалі тытулы каралёў. Таму смерць правіцеля нярэдка выклікала вострыя канфлікты паміж яго сынамі з-за атрымання ўлады ў спадчыну. Адзінаўладдзе караля ўсталёўвалася толькі тады, калі спадчыннік заставаўся адзіным або падпарадкоўваў сабе братоў ваеннай сілай. Неўзабаве пасля смерці Карла Вялікага канфлікт паміж яго спадчыннікамі завяршыўся канчатковым падзелам імперыі франкаў паміж прадстаўнікамі дынастыі Каралінгаў.

3. Феадальная раздробленасць і пераход да цэнтралізаванай дзяржавы

Асноўным фактарам феадальнай раздробленасці ў Заходняй Еўропе была практыка падзелу буйны́мі феадаламі сваіх зямель на часткі з мэтай перадачы іх больш дробным феадалам за нясенне ваеннай службы.

Каралі таксама актыўна практыкавалі раздачу зямельных надзелаў у выглядзе феодаў сваім васалам за ваенную службу. Такім чынам яны імкнуліся асабістымі сувязямі з феадаламі забяспечыць трываласць дзяржавы. Аднак такая практыка ў выніку прывяла да супрацьлеглага выніку. Адчуваючы сваю незалежнасць ад цэнтральнай улады і сваю магутнасць, феадалы вялі войны паміж сабой і нават з каралём.

Яшчэ адным фактарам, які спрыяў узнікненню феадальнай раздробленасці, быў натуральны характар эканомікі. Пры натуральнай гаспадарцы доўгі час захоўвалася аўтаркія (эканамічная самадастатковасць, адасобленасць) асобных рэгіёнаў краіны, насельнікі якіх цалкам забяспечвалі сябе ўсім неабходным. Таму паміж гэтымі абласцямі не было трывалых гаспадарчых сувязяў і кожны буйны́я феадал адчуваў сябе эканамічна незалежным.

Такім чынам, да Высокага сярэднявечча многія дзяржавы Заходняй Еўропы падышлі ў стане феадальнай раздробленасці. Феадалы кіравалі сваімі ўладаннямі без каралеўскіх чыноўнікаў. Каралеўская ўлада была слабай, цэнтральны апарат кіравання — малалікім. Аднак каралі імкнуліся зноў аб'яднаць краіну пад сваёй уладай.

Важнай умовай аб'яднання раздробленых дзяржаў стала працяканне пэўных эканамічных працэсаў. Дзякуючы ўзмацненню падзелу працы і развіццю таварна-грашовых адносін знікала гаспадарчая раз'яднанасць абласцей унутры дзяржавы. У адзінстве краіны былі зацікаўлены гарады і дробныя феадалы. Яны і сталі падтрымкай манархаў, калі каралі пачалі аб'ядноўваць дзяржавы пад сваёй уладай.

 

4. Фарміраванне саслоўна-прадстаўнічай манархіі

Да Высокага сярэднявечча сфарміраваліся асноўныя саслоўі: прывілеяваныя (духавенства і рыцарства) і ніжэйшыя (сяляне і гараджане).

Падпісаная ў 1215 г. англійскім каралём Джонам Беззямельным «Вялікая хартыя вольнасцяў» спрыяла абароне правоў усіх свабодных людзей і стала асновай новых узаемаадносін грамадства і дзяржавы. Правы караля цяпер абмяжоўваліся: ён не мог уводзіць новыя падаткі без згоды савета прыбліжаных баронаў, не мог арыштаваць свабоднага чалавека або адабраць яго маёмасць без рашэння суда. «Вялікай хартыяй вольнасцяў» было зацверджана права свабодных людзей супраціўляцца самавольству каралеўскай улады. У гэтым выпадку савет баронаў мог абвясціць каралю вайну.

Рост палітычнага і эканамічнага ўплыву вольнага саслоўя — гараджан і свабодных сялян — даў магчымасць каралеўскай уладзе разглядаць яго як свайго новага саюзніка ў барацьбе з феадальнай раздробленасцю. Уладзе буйнх феадалаў былі супрацьпастаўленыя выбарныя саслоўна-прадстаўнічыя ўстановы: парламент у Англіі і Генеральныя штаты ў Францыі. Акрамя феадалаў туды абіралі прадстаўнікоў дробнага рыцарства і гараджан, а часам і свабодных сялян.

У 1265 г. у Англіі прайшло першае пасяджэнне парламента, на якое запрасілі прадстаўнікоў графстваў і гарадоў. У XIV ст. у парламенце сфарміраваліся палата лордаў і палата абшчын. У першую ўваходзілі запрошаныя каралём буйны́я свецкія і царкоўныя феадалы, а другая сладалася з гараджан (па два ад горада) і рыцараў (па два ад кожнага графства). Спачатку парламент склікаўся для абмеркавання і ўвядзення новых падаткаў, але затым стаў удзельнічаць і ў прыняцці законаў.

У 1302 г. французскі кароль Філіп IV упершыню склікаў Генеральныя штаты, каб заручыцца падтрымкай духавенства, дваранства і заможных гараджан у барацьбе з папам рымскім. Гэты новы орган склікаўся кожны раз, калі каралі, напрыклад, вырашалі ўвесці новы падатак. Прадстаўнікі трох саслоўяў засядалі паасобку і збіраліся разам толькі для вынясення канчатковага рашэння. Кожная палата мела адзін голас.

Саслоўна-прадстаўнічая манархія — гэта першы этап развіцця цэнтралізаванай дзяржавы. Каралеўская ўлада была яшчэ недастаткова моцнай, каб кіраваць краінай без падтрымкі саслоўяў.

Такім чынам, сацыяльная структура сярэднявечнага грамадства будавалася па саслоўным прынцыпе. Кожнае саслоўе выконвала сваю функцыю. Спадчынная манархія, асвечаная каталіцкай царквой, лічылася адзінай магчымай формай дзяржаўнага праўлення. Манархія выступала гарантам сацыяльнага міру і ўзаемадзеяння саслоўяў. Першапачаткова дзяржаўны апарат абмяжоўваўся прыбліжанымі манарха. Уступіўшы на шлях цэнтралізацыі дзяржаў і аб'яднання зямель, манархія пачала стварэнне разгалінаванага дзяржаўнага апарату. З'явілася абавязковае для ўсяго насельніцтва адзінае заканадаўства. Галоўным ворагам каралеўскай улады доўгі час выступалі буйны́я феадалы, якія перашкаджалі цэнтралізацыі. У барацьбе з імі сфарміравалася саслоўна-прадстаўнічая манархія.

Пытанні

1. Прывядзіце прыклады, якія даказваюць, што заходнееўрапейскае сярэднявечнае грамадства сфарміравалася пад уплывам двух фактараў: рымскай культуры і германскіх традыцый.

2. Якія мерапрыемствы франкскіх правіцеляў прывялі да ўзвышэння іх каралеўства?

3. Як вы думаеце, чаму каталіцкая царква падтрымала ідэю аднаўлення імперыі ў Заходняй Еўропе? Для адказу выкарыстайце дадатковыя крыніцы інфармацыі.

4. Назавіце і ахарактарызуйце прычыны феадальнай раздробленасці ў Заходняй Еўропе.

5. Выкажыце меркаванне, чаму дробныя феадалы былі зацікаўлены ў цэнтралізацыі краіны.

6. Якім чынам у саслоўна-прадстаўнічай манархіі рэалізоўваўся «дыялог» улады і саслоўяў?

7. Напішыце эсэ «Асноўныя вынікі дзяржаўнага развіцця Заходняй Еўропы ў перыяд Сярэднявечча».