§ 8–1. Дзяржаўны лад Заходняй Еўропы

1. Органы ўлады ў раннесярэднявечных дзяржавах

Палітычныя інстытуты дзяржаў Заходняй Еўропы ў перыяд Ранняга сярэднявечча знаходзіліся ў працэсе фарміравання. Тыповай формай арганізацыі дзяржаўнай улады была манархія — палітычны лад, пры якім вярхоўная ўлада належыць аднаму спадчыннаму правіцелю (каралю, імператару, цару). Яскравым прыкладам раннесярэднявечнай манархіі з'яўляецца дзяржава германскага племя франкаў, якая ўзнікла каля 500 г. Падпарадкаваўшы сабе вялікую тэрыторыю, першы франкскі кароль Хлодвіг стаў правіць не адным племем, а ўсім насельніцтвам краіны. Была заснавана каралеўская дынастыя, улада перадавалася ў спадчыну. Спачатку правіла дынастыя Меравінгаў, затым — Каралінгаў.

 

Паўнамоцтвы такога караля першапачаткова былі абмежаваныя саветам знаці, без якога правіцель не мог, напрыклад, прымаць законы. У аснове заканадаўства і судовай сістэмы ляжалі пісаныя зборнікі звычайнага права, якія ўзніклі на аснове старажытных традыцый, — «праўды». Ужо пры Хлодвігу была запісаная на латыні першая такая «праўда» — «Салічны закон». Карэннае гала-рымскае насельніцтва, якое пражывала на землях франкаў да іх прыходу, судзілі па рымскіх законах. Кароль з'яўляўся вышэйшым суддзёй.

Найважнейшыя рашэнні кароль прымаў сам, пры гэтым ён часта раіўся са знатнымі франкамі. Шараговым франкам паведамлялі аб пастановах караля і савета знаці на ваенных аглядах. Улада правіцеля распаўсюджвалася і на каралеўскую дружыну — апору яго палітычнай магутнасці.

Царква імкнулася адыгрываць важную ролю ў пытаннях палітычнага кіравання варварскімі каралеўствамі. Манархі ахвотна прыцягвалі прадстаўнікоў адукаванага духавенства да адміністрацыйнай дзейнасці, а таксама ў якасці прыдворных дарадцаў. Больш за тое, у суседнім з каралеўствам франкаў каралеўстве вестготаў у VII ст. царкоўныя сходы выступалі ў ролі своеасаблівага парламента. На іх распрацоўвалася агульнадзяржаўнае заканадаўства.

У якасці намеснікаў караля ў асобныя вобласці краіны прызначаліся набліжаныя да манарха прадстаўнікі франкскай знаці — графы. Яны валодалі адміністрацыйнымі, судовымі і фіскальнымі паўнамоцтвамі. У той жа час франкскія каралі прымалі на службу і прадстаўнікоў гала-рымскай знаці.

Паступова пры двары караля складваўся адміністрацыйны апарат для кіравання краінай. Першапачаткова ён складаўся з каралеўскіх дружыннікаў і слуг-міністраў. У VIII ст. важную ролю ў палітычным жыцці краіны пачалі адыгрываць маярдомы — вышэйшыя службовыя асобы пры каралеўскім двары. Рост іх магутнасці дазволіў ім праз некаторы час адхіліць ад фактычнага кіраўніцтва краінай караля, узяўшы ўладу ў свае рукі.