§ 8–1. Дзяржаўны лад Заходняй Еўропы

3. Феадальная раздробленасць і пераход да цэнтралізаванай дзяржавы

Асноўным фактарам феадальнай раздробленасці ў Заходняй Еўропе была практыка падзелу буйны́мі феадаламі сваіх зямель на часткі з мэтай перадачы іх больш дробным феадалам за нясенне ваеннай службы.

Каралі таксама актыўна практыкавалі раздачу зямельных надзелаў у выглядзе феодаў сваім васалам за ваенную службу. Такім чынам яны імкнуліся асабістымі сувязямі з феадаламі забяспечыць трываласць дзяржавы. Аднак такая практыка ў выніку прывяла да супрацьлеглага выніку. Адчуваючы сваю незалежнасць ад цэнтральнай улады і сваю магутнасць, феадалы вялі войны паміж сабой і нават з каралём.

Яшчэ адным фактарам, які спрыяў узнікненню феадальнай раздробленасці, быў натуральны характар эканомікі. Пры натуральнай гаспадарцы доўгі час захоўвалася аўтаркія (эканамічная самадастатковасць, адасобленасць) асобных рэгіёнаў краіны, насельнікі якіх цалкам забяспечвалі сябе ўсім неабходным. Таму паміж гэтымі абласцямі не было трывалых гаспадарчых сувязяў і кожны буйны́я феадал адчуваў сябе эканамічна незалежным.

Такім чынам, да Высокага сярэднявечча многія дзяржавы Заходняй Еўропы падышлі ў стане феадальнай раздробленасці. Феадалы кіравалі сваімі ўладаннямі без каралеўскіх чыноўнікаў. Каралеўская ўлада была слабай, цэнтральны апарат кіравання — малалікім. Аднак каралі імкнуліся зноў аб'яднаць краіну пад сваёй уладай.

Важнай умовай аб'яднання раздробленых дзяржаў стала працяканне пэўных эканамічных працэсаў. Дзякуючы ўзмацненню падзелу працы і развіццю таварна-грашовых адносін знікала гаспадарчая раз'яднанасць абласцей унутры дзяржавы. У адзінстве краіны былі зацікаўлены гарады і дробныя феадалы. Яны і сталі падтрымкай манархаў, калі каралі пачалі аб'ядноўваць дзяржавы пад сваёй уладай.