§ 8–1. Дзяржаўны лад Заходняй Еўропы

2. Сярэднявечная манархія

У 800 г. папа рымскі каранаваў Карла Вялікага (768—814) імператарскай каронай. Каралеўства франкаў стала імперыяй, і сістэма органаў палітычнага кіравання працягвала развівацца. Цяпер правіцель лічыў сябе роўным па магутнасці імператару Візантыі.

Франкская імперыя дзялілася на адміністрацыйныя адзінкі — графствы. Там прызначаныя імператарам з ліку мясцовай знаці графы ўзначальвалі апалчэнне, займаліся зборам падаткаў, выконвалі судовыя функцыі. За іх дзейнасцю назіралі адмысловыя «гасударавы пасланцы», якім імператар даваў шырокія паўнамоцтвы і судовыя функцыі для праверкі дзейнасці мясцовай адміністрацыі.

Залежнасць манарха ад знаці стала змяншацца. Цяпер галоўная роля ў заканадаўчай дзейнасці належала ўжо імператару, а не савету знаці. Штогод імператар склікаў сходы вышэйшай свецкай і духоўнай арыстакратыі, якія атрымалі назву «майскія палі». На іх абвяшчаліся новыя законы. Імператар мог раіцца са сваімі падданымі з ліку арыстакратаў. Па выніках выдаваліся ўказы і зборнікі пастаноў (капітулярыі). У такіх дакументах разглядаліся разнастайныя пытанні: палітычныя, гаспадарчыя, судовыя, царкоўныя. Гэтыя законы былі абавязковыя для выканання ўсімі падданымі імператара.

Адміністрацыйны апарат каралеўскага двара пры Карле Вялікім фарміраваўся ўжо ў асноўным з прамых васалаў вярхоўнага правіцеля. Прадстаўнікі духавенства як самага адукаванага саслоўя па-ранейшаму актыўна прыцягваліся манархамі да двара. Колькасць прыдворных чыноўнікаў значна ўзрасла, і ўзровень іх адукаванасці таксама. Пры Карле павялічыўся аб'ём пісьмовых распараджэнняў і ўказаў манарха.

Франкскія каралі разглядалі каралеўства як сваю ўласнасць. Звычайна яшчэ пры жыцці яны дзялілі дзяржаву паміж сваімі сынамі, якія, як правіла, атрымлівалі тытулы каралёў. Таму смерць правіцеля нярэдка выклікала вострыя канфлікты паміж яго сынамі з-за атрымання ўлады ў спадчыну. Адзінаўладдзе караля ўсталёўвалася толькі тады, калі спадчыннік заставаўся адзіным або падпарадкоўваў сабе братоў ваеннай сілай. Неўзабаве пасля смерці Карла Вялікага канфлікт паміж яго спадчыннікамі завяршыўся канчатковым падзелам імперыі франкаў паміж прадстаўнікамі дынастыі Каралінгаў.