§ 9. Еўропа феадальная

4. Гарады Заходняй Еўропы

У выніку падзелу рамяства і сельскай гаспадаркі ў канцы Ранняга сярэднявечча пачаўся актыўны працэс урбанізацыі — ​павелічэння колькасці гарадоў і гарадскога насельніцтва. Сярэднявечныя гарады ўзніклі ў рамках феадальнага грамадства як вынік эвалюцыі натуральнай гаспадаркі. Эканамічнай асновай іх з’яўлення і развіцця было аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі і ператварэнне яго ў асаблівую галіну вытворчай дзейнасці. Гэтаму працэсу таксама спадарожнічала зараджэнне рыначных адносін і банкаўскай сферы ў гарадской эканоміцы.

З IX ст. шматлікія гарады ўзнікалі на поўдні Францыі і ў Італіі, а затым у Гер­маніі па берагах рэк Дунай і Рэйн. Блізкасць да водных шляхоў давала магчымасць весці гандаль рэдкімі таварамі на далёкія адлегласці, што прыносіла найбольшы прыбытак. Буйнейшымі гарадамі былі Лондан і Парыж, якія налічвалі некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў.

Многія гарады, залежныя ад свецкіх або духоўных феадалаў, адчувалі цяжар павіннасцяў і падаткаў на карысць сваіх сеньёраў. Таму з цягам часу яны пачалі барацьбу за права самакіравання. Часта гараджане дабіваліся яго ўзброеным спосабам, але іншым разам набывалі яго за вялікія грошы.

Гарады, якія атрымалі вольнасці, засноўвалі незалежныя ад феадала органы самакіравання. Звычайна гэта быў гарадскі савет на чале з мэрам або бургамістрам, які засядаў у спецыяльным будынку — ​мэрыі ці ратушы. Дазвол гораду чаканіць манету, ствараць свой суд і набіраць апалчэнне афармляўся ў спецыяльным праве, якое гарантавала таксама асабістую свабоду гараджан ад феадалаў. У Германіі і ў краінах Цэнтральнай Еўропы найбольшае распаўсюджанне атрымала магдэбургскае права.