Печатать книгуПечатать книгу

§ 9. Еўропа феадальная

Як змяняліся сацыяльныя адносіны ў сярэднявечным феадаль­ным грамадстве? З чым гэта было звязана?

Як свабодныя сяляне станавіліся залежнымі? Як узнікалі гарады? Успомніце азначэнне паняццяў «феод», «феадал», «сеньёр», «васал», «саслоўе», «натуральная гаспадарка», «таварна-­грашовая гаспадарка». (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 9. Еўропа феадальная
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 07:53

1. Ранняе сярэднявечча — ​зараджэнне феадальных адносін

Падзенне Заходняй Рымскай імперыі ў выніку ўварвання варвараў прывяло да змянення сацыяльна-­эканамічнай сітуацыі ва ўтвораных германскіх каралеўствах. Асновай эканомікі там была натуральная гаспадарка, накіраваная на самазабеспячэнне ўсім неабходным без рыначных адносін. Сяляне ў Заходняй Еўропе былі арганізаваны ў сельскія абшчыны. Асноўным відам землекарыстання сялян з’яўляўся алод — ​індывідуальна-­сямейная зямельная ўласнасць. Алод перадаваўся ў спадчыну, але ў другой палове VI ст. права распараджацца ім належала абшчыне. Затым алод стаў цалкам прыватнай уласнасцю — ​зямлю можна было завяшчаць, падарыць, прадаць.

Тэхналогія апрацоўкі зямлі была даволі прымітыўнай і патрабавала наяўнасці ў гаспадарцы вялікай колькасці працоўных рук. Таму сялянскія сем’і лічылі за лепшае мець шмат дзяцей для больш эфектыўнага вядзення сельскай гаспадаркі. Аднак затым бацьку сямейства даводзілася дзяліць зямлю паміж сваімі сынамі, перадаючы яе ў спадчыну. У выніку такія спадчынныя надзелы аказваліся занадта малымі, сям’я ўжо не магла ні пракарміцца, ні забяспечыць выплату падаткаў каралю. Таму з цягам часу збяднелыя сяляне траплялі спачатку ў пазямельную, а затым і ў асабістую залежнасць ад феадалаў. Залежныя сяляне за карыстанне зямлёй павінны былі працаваць на гаспадара, выконваючы феадальныя павіннасці (адпрацоўваючы паншчыну), або плаціць натуральны аброк.

Акрамя таго, частыя вой­ны і неўраджаі, ад якіх цярпелі сяляне, вымушалі іх шукаць абароны ў феадалаў. Такім чынам, атрымліваючы падтрымку ад буйнога зямельнага ўласніка, сяляне станавіліся пазямельна або нават асабіста залежнымі ад гаспадара. Яны страчвалі права ўласнасці на свае надзелы і не маглі пакідаць гэтую зямлю, былі вымушаны працаваць на ёй. Адбывалася запрыгоньванне, або прымацаванне сялян да зямельных надзелаў. Так узнікла прыгоннае права.

У VIII ст. у Франкскай дзяржаве адбыліся аграрныя пераўтварэнні, у выніку якіх пануючай формай зямельнага ўладання стаў бенефіцый.

Бенефіцый (ад лац. beneficium — ​дабрадзейства) — ​гэта зямельнае ўладанне, якое перадаецца ў пажыццёвае карыстанне бенефіцыярыю пры ўмове нясення службы (ваеннай, адміністрацыйнай, прыдворнай). За невыкананне ўмоў трымальнікам бенефіцыю яго маглі пазбавіць зямельнага ўладання. Таксама бенефіцый вяртаўся ўласніку або яго спадчыннікам у выпадку смерці трымальніка. Аднак сын бенефіцыярыя мог атрымаць бацькоўскае зямельнае ўладанне пры ўмове нясення службы і прынясення асобнай клятвы вернасці ўласніку зямлі.

Таксама ў працэсе развіцця пазямельных адносін у асяроддзі вышэйшага саслоўя ў Заходняй Еўропе да VIII ст. паступова аформіўся такі тып землеўладання, як вотчына. Пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе валоданне зямлёй з арганізацыяй гаспадарчых работ і правамі на залежных сялян. Частку гэтай зямлі ў выглядзе асоб­ных зямельных уладанняў уласнік мог аддаваць бенефіцыярыю ў якасці бенефіцыю для пажыццёвага валодання або сялянам на час.

У ІХ–ХІ стст. у Заходняй Еўропе паступова сфарміраваўся новы грамадскі лад, які атрымаў назву феадалізм. Словам «феод» абазначалі зямлю як спадчыннае ўладанне, аддадзенае за службу гаспадаром свайму падначаленаму. Такога гаспадара называлі «сеньёр» (лац. senior — ​старэйшы), а атрымальніка зямлі — ​«васал». Кароль быў вярхоўным сеньёрам, яго называлі «сюзерэн». Феод як форма зямельнага ўладання з’яўляўся вынікам эвалюцыі сістэмы бенефіцыяў.

1-1. Феод і феадалізм. Высокае сярэднявечча: адносіны панавання-падпарадкавання

У ходзе развіцця пазямельных адносін у асяроддзі вышэйшага саслоўя ў Заходняй Еўропе да VIII ст. паступова аформіўся пануючы тып землеўладання — вотчына. Пад гэтым тэрмінам разумеецца ўвесь комплекс феадальнай зямельнай уласнасці з правамі на залежных сялян. Пэўная тэрыторыя, якая знаходзілася ў непасрэдным валоданні сеньёра, называлася дамен. Яе частка ў выглядзе асобных зямельных уладанняў магла аддавацца больш дробным феадалам у якасці бенефіцыя як пажыццёвага уладання альбо ў выглядзе часовых трыманняў сялянам.

Уласнік вотчыны (сеньёр) валодаў комплексам наступных правоў у сваёй сеньёрыі: ён мог вяршыць суд, збіраць падаткі, чаканіць манеты, набіраць войска і выдаваць законы. Дадзеныя правы надаваліся сеньёру каралём праз імунныя граматы. Аднак права найвышэйшай юрысдыкцыі (права жыцця і смерці) заставалася за манархам.

2. Сюзерэнітэт-­васалітэт, феадальная іерархія

Перадача зямлі (інвестытура) ад сеньёра да васала суправаджалася спецыяльнай цырымоніяй, званай амаж. Яна была сімвалічным замацаваннем васальнай пазямельнай залежнасці. У час амажу васал укладваў свае злучаныя далоні ў далоні сеньёра. Ён даваў клятву верна служыць сеньёру і прызнаваў сябе «яго чалавекам». У адказ сеньёр гарантаваў сваю падтрымку.

Васал абавязаны быў удзельнічаць у ваенных паходах на баку сеньёра, ён таксама мог служыць пры двары гаспадара, займаючыся адміністрацыйнай або судовай дзейнасцю. Ваенная служба звычайна доўжылася 30–40 дзён на год. Калі сеньёр трапляў у палон, выходзіла замуж яго старэйшая дачка або яго старэйшы сын пасвячаўся ў рыцары, васал аказваў фінансавую дапамогу.

Атрымаўшы зямельнае ўладанне, феадал, у сваю чаргу, мог перадаць яго частку іншаму васалу, робячыся ў дачыненні да яго сеньёрам. Таму вынікам развіцця феадальных адносін стала лес­вічная структура грамадства землеўладальнікаў. На верхняй прыступцы гэтай лесвіцы знаходзіўся манарх, які раздаваў землі сваім васалам, што месціліся прыступкаю ніжэй за сюзерэна-­караля. Яны, у сваю чаргу, раздавалі землі іншым феадалам, якія знаходзіліся на больш нізкай прыступцы феадальнай лесвіцы. Феадальная лесвіца заканчвалася прыступкай «аднашчытных» рыцараў, якія ўжо не маглі дазволіць сабе мець васала з-за недастатковай колькасці зямлі. Такая іерархічная лесвіца існавала ў кожнай феадальнай дзяржаве Заходняй Еўропы.

Пераход ад бенефіцыю да феода азнаменаваў таксама ўнутрыпалітычныя змяненні ў краінах Заходняй Еўропы. Была сфарміравана ўстойлівая лесвіца паслядоўнага панавання-­падпарадкавання, заснаваная на пазямельнай (феод) і асабістай (амаж) залежнасці аднаго феадала ад другога. Кожны васал знаходзіўся ў залежнасці толькі ад свайго сеньёра, а сеньёру свайго сеньёра ён ужо не падпарадкоўваўся. Таму многія буйны`я феадалы адчувалі сваю незалежнасць ад вярхоўнай улады. Больш за тое, калі васал лічыў, што сеньёр абараняе яго недастаткова добра, то ён мог выступіць супраць яго са зброяй. У пачатку Высокага сярэднявечча гэта прывяло да таго, што феадалы сталі весці паміж сабой вой­ны. У выніку ў дзяржавах з’явіліся незалежныя буйны`я ўладанні асобных феадалаў. Пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці.

Тым не менш сістэма сюзерэнітэту-­васалітэту з’яўлялася асновай палітычнага ладу феадальнай манархіі і забяспечвала адзінства паноўнага класа землеўладальнікаў у перыяд феадальнай раздробленасці.

3. Саслоўі сярэднявечнага грамадства. Познефеадальнае грамадства

Феадалізацыя грамадства прывяла да фарміравання ў Высокім сярэднявеччы чатырох асноўных саслоўяў: рыцарства, духавенства, свабодных сялян і гараджан. Першыя два саслоўі лічыліся прывілеяванымі. У сярэднявечным грамадстве адсутнічала сацыяльная мабільнасць. Прыналежнасць чалавека да саслоўя вызначалася пры нараджэнні, перайсці ў іншае саслоўе ён практычна не мог (выключэннем было духавенства, якое фарміравалася не па нараджэнні).

Саслоўе феадалаў аб’ядноўвала буйны`х, сярэдніх і дробных землеўладальнікаў. Пры гэтым таксама з’явілася значная колькасць рыцараў, якія не атрымалі зямлю ў спадчыну.

У перыяд Позняга сярэднявечча адбыліся сур’ёзныя змяненні ў структуры саслоўя феадалаў. Гэта быў час фарміравання цэнтралізаваных нацыянальных дзяржаў, у якіх кароль стаў ужо рэальным паўнаўладным манархам, а не намінальным, як раней. Цяпер усе феадалы з’яўляліся яго прамымі васаламі. Замест інвестытуры ўзнікла сістэма грашовых узнагарод. Свецкая феадальная іерархія страціла ранейшы сэнс і стала адыгрываць сімвалічную ролю. Адбылося ўтварэнне адзінага саслоўя дваран, у рамках якога тытулы «граф», «барон», «герцаг» паказвалі толькі на прыналежнасць да арыстакратыі.

У Высокім сярэднявеччы ў саслоўе сялян уключаліся асабіста залежныя, пазямельна залежныя і поўнасцю свабодныя людзі. З цягам часу стала відавочна, што праца свабодных сялян на арандаваных участках аказалася больш эфектыўнай і прыбытковай, чым праца асабіста залежных. Таму ў Познім сярэднявеччы саслоўе сялян уніфікавалася праз атрыманне асабістай свабоды і было ўключана разам з гараджанамі ў падатковае саслоўе.

Таксама ў перыяд Высокага сярэднявечча пачало фарміравацца саслоўе гараджан. Гэта было звязана з працэсам аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі і актыўнай урбанізацыяй. Да Позняга сярэднявечча адбылася дыферэнцыяцыя гараджан па маёмаснай прыкмеце на заможных і беднякоў.

У выніку развіцця сацыяльнай структуры сфарміраваліся тры саслоўі: дваранства, духавенства, падатковае саслоўе.

4. Гарады Заходняй Еўропы

У выніку падзелу рамяства і сельскай гаспадаркі ў канцы Ранняга сярэднявечча пачаўся актыўны працэс урбанізацыі — ​павелічэння колькасці гарадоў і гарадскога насельніцтва. Сярэднявечныя гарады ўзніклі ў рамках феадальнага грамадства як вынік эвалюцыі натуральнай гаспадаркі. Эканамічнай асновай іх з’яўлення і развіцця было аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі і ператварэнне яго ў асаблівую галіну вытворчай дзейнасці. Гэтаму працэсу таксама спадарожнічала зараджэнне рыначных адносін і банкаўскай сферы ў гарадской эканоміцы.

З IX ст. шматлікія гарады ўзнікалі на поўдні Францыі і ў Італіі, а затым у Гер­маніі па берагах рэк Дунай і Рэйн. Блізкасць да водных шляхоў давала магчымасць весці гандаль рэдкімі таварамі на далёкія адлегласці, што прыносіла найбольшы прыбытак. Буйнейшымі гарадамі былі Лондан і Парыж, якія налічвалі некалькі дзясяткаў тысяч жыхароў.

Многія гарады, залежныя ад свецкіх або духоўных феадалаў, адчувалі цяжар павіннасцяў і падаткаў на карысць сваіх сеньёраў. Таму з цягам часу яны пачалі барацьбу за права самакіравання. Часта гараджане дабіваліся яго ўзброеным спосабам, але іншым разам набывалі яго за вялікія грошы.

Гарады, якія атрымалі вольнасці, засноўвалі незалежныя ад феадала органы самакіравання. Звычайна гэта быў гарадскі савет на чале з мэрам або бургамістрам, які засядаў у спецыяльным будынку — ​мэрыі ці ратушы. Дазвол гораду чаканіць манету, ствараць свой суд і набіраць апалчэнне афармляўся ў спецыяльным праве, якое гарантавала таксама асабістую свабоду гараджан ад феадалаў. У Германіі і ў краінах Цэнтральнай Еўропы найбольшае распаўсюджанне атрымала магдэбургскае права.

5. Рамяство і гандаль

Для абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі адной спецыяльнасці (майстры) аб’ядноўваліся ў цэхі на чале са старшынёй. Рамеснікі павінны былі працаваць у горадзе згодна са спецыяльным статутам, у якім апісваліся стандарты прадукцыі, што выпускалася.

Сярэднявечнае рамяство было заснавана на ручной працы, гаспадаром майстэрні быў сам майстар. У яго распараджэнні працавала некалькі вучняў-­чаляднікаў. Яны працавалі бясплатна, асвойваючы прафесію, у спадзяванні здаць экзамен і стаць паўнапраўнымі членамі цэха. Для гэтага яны павінны былі стварыць так званы шэдэўр — ​дасканалы ўзор вырабу.

Прадметы, што вырабляліся рамеснікамі, сталі больш якаснымі. Таму сяляне самі ўжо не майстравалі рамесныя вырабы, а імкнуліся абмяняць на іх сваю прадукцыю. Так паступова зараджаліся таварна-­грашовыя адносіны. Натуральная гаспадарка замянялася таварнай, дзе прадукт быў прызначаны для продажу або абмену, а не для ўласнага спажывання.

Значнае пашырэнне атрымалі гарадскія рынкі і кірмашы, дзе рамеснікі і сяляне маглі прадаць свой тавар. На рынках вялікім попытам карысталіся паслугі грашовых мянял, якія абменьвалі манеты розных дзяржаў, вызначалі іх сапраўднасць. Накопліваючы вялікія грашовыя сумы, мянялы давалі іх у доўг пад высокі працэнт, робячыся ліхвярамі. Паступова на аснове крам мянял і ліхвяроў з’явіліся першыя банкі — ​арганізацыі, якія давалі грашовыя сродкі ў пазыку, а таксама прымалі ўклады на захоўванне пад працэнты.

Пасрэднікамі ў гандлёвых аперацыях выступалі купцы. Дзеля абароны сваіх інтарэсаў яны пачалі аб’ядноўвацца ў гільдыі. Купцы італьянскіх гарадоў Венецыя і Генуя кантралявалі выгадныя гандлёвыя шляхі, якія звязвалі Еўропу з краінамі Усходу. Гандаль на поўначы Еўропы кантралявалі купцы нямецкага гандлёвага саюзу Ганза, куды ўваходзілі прадстаўнікі больш як 70 гарадоў.

Галоўным багаццем Сярэднявечча была зямля. Воінскае саслоўе атрымлівала ад манархаў зямлю за службу. Паступова зямля стала іх спадчыннай уласнасцю — ​феодам. Але яе неабходна было апрацоўваць, каб атрымліваць ураджаі. Феадалы не толькі арганізоўвалі працу сялян, але і імкнуліся прымацаваць іх да зямлі. Гэта стала прычынай узнікнення прыгоннага права. Унутры саслоўя феадалаў узнікла іерархічная васальная лесвіца. Вярхоўным сюзерэнам быў кароль, яму падпарадкоўваліся буйны`я феадалы, у васальнай залежнасці ад якіх, у сваю чаргу, знаходзіліся больш дробныя феадалы. Прывілеяванымі саслоўямі былі феадалы-­дваране, духавенства. У гарадах сфарміравалася новае свабоднае саслоўе буржуа (гараджан), якія займаліся гандлем і рамёствамі. Паступова структура саслоўяў станавілася ўсё больш складанай.

Пытанні

1. Складзіце воблака слоў з незнаёмых вам гістарычных паняццяў, якія сустрэліся ў параграфе.

2. З чым былі звязаны змены ў становішчы сялян у перыяд Сярэднявечча і ўсталяванне павіннасцяў?

3. Што ўяўлялі з сябе пазямельныя і асабістыя абавязацельствы васалаў і сеньёраў у адносінах адзін да аднаго?

3-1. Пакажыце ў форме лагічнага ланцужка працэс станаўлення сярэднявечнага заходнееўрапейскага грамадства і ахарактарызуйце становішча кожнага саслоўя.

4. Як змены ў сістэме феадальнага землеўладання паўплывалі на адносіны паміж сеньёрамі і васаламі?

5. Ахарактарызуйце горад, які мае самакіраванне, па наступных пунктах: а) сацыяльная структура; б) заняткі жыхароў; в) аб’яднанні гараджан; г) кіраванне горадам.

6. Якія змяненні адбыліся ў жыцці людзей з пераходам ад натуральнай гаспадаркі да таварна-­грашовай?