§ 9. Еўропа феадальная

1. Ранняе сярэднявечча — ​зараджэнне феадальных адносін

Падзенне Заходняй Рымскай імперыі ў выніку ўварвання варвараў прывяло да змянення сацыяльна-­эканамічнай сітуацыі ва ўтвораных германскіх каралеўствах. Асновай эканомікі там была натуральная гаспадарка, накіраваная на самазабеспячэнне ўсім неабходным без рыначных адносін. Сяляне ў Заходняй Еўропе былі арганізаваны ў сельскія абшчыны. Асноўным відам землекарыстання сялян з’яўляўся алод — ​індывідуальна-­сямейная зямельная ўласнасць. Алод перадаваўся ў спадчыну, але ў другой палове VI ст. права распараджацца ім належала абшчыне. Затым алод стаў цалкам прыватнай уласнасцю — ​зямлю можна было завяшчаць, падарыць, прадаць.

Тэхналогія апрацоўкі зямлі была даволі прымітыўнай і патрабавала наяўнасці ў гаспадарцы вялікай колькасці працоўных рук. Таму сялянскія сем’і лічылі за лепшае мець шмат дзяцей для больш эфектыўнага вядзення сельскай гаспадаркі. Аднак затым бацьку сямейства даводзілася дзяліць зямлю паміж сваімі сынамі, перадаючы яе ў спадчыну. У выніку такія спадчынныя надзелы аказваліся занадта малымі, сям’я ўжо не магла ні пракарміцца, ні забяспечыць выплату падаткаў каралю. Таму з цягам часу збяднелыя сяляне траплялі спачатку ў пазямельную, а затым і ў асабістую залежнасць ад феадалаў. Залежныя сяляне за карыстанне зямлёй павінны былі працаваць на гаспадара, выконваючы феадальныя павіннасці (адпрацоўваючы паншчыну), або плаціць натуральны аброк.

Акрамя таго, частыя вой­ны і неўраджаі, ад якіх цярпелі сяляне, вымушалі іх шукаць абароны ў феадалаў. Такім чынам, атрымліваючы падтрымку ад буйнога зямельнага ўласніка, сяляне станавіліся пазямельна або нават асабіста залежнымі ад гаспадара. Яны страчвалі права ўласнасці на свае надзелы і не маглі пакідаць гэтую зямлю, былі вымушаны працаваць на ёй. Адбывалася запрыгоньванне, або прымацаванне сялян да зямельных надзелаў. Так узнікла прыгоннае права.

У VIII ст. у Франкскай дзяржаве адбыліся аграрныя пераўтварэнні, у выніку якіх пануючай формай зямельнага ўладання стаў бенефіцый.

Бенефіцый (ад лац. beneficium — ​дабрадзейства) — ​гэта зямельнае ўладанне, якое перадаецца ў пажыццёвае карыстанне бенефіцыярыю пры ўмове нясення службы (ваеннай, адміністрацыйнай, прыдворнай). За невыкананне ўмоў трымальнікам бенефіцыю яго маглі пазбавіць зямельнага ўладання. Таксама бенефіцый вяртаўся ўласніку або яго спадчыннікам у выпадку смерці трымальніка. Аднак сын бенефіцыярыя мог атрымаць бацькоўскае зямельнае ўладанне пры ўмове нясення службы і прынясення асобнай клятвы вернасці ўласніку зямлі.

Таксама ў працэсе развіцця пазямельных адносін у асяроддзі вышэйшага саслоўя ў Заходняй Еўропе да VIII ст. паступова аформіўся такі тып землеўладання, як вотчына. Пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе валоданне зямлёй з арганізацыяй гаспадарчых работ і правамі на залежных сялян. Частку гэтай зямлі ў выглядзе асоб­ных зямельных уладанняў уласнік мог аддаваць бенефіцыярыю ў якасці бенефіцыю для пажыццёвага валодання або сялянам на час.

У ІХ–ХІ стст. у Заходняй Еўропе паступова сфарміраваўся новы грамадскі лад, які атрымаў назву феадалізм. Словам «феод» абазначалі зямлю як спадчыннае ўладанне, аддадзенае за службу гаспадаром свайму падначаленаму. Такога гаспадара называлі «сеньёр» (лац. senior — ​старэйшы), а атрымальніка зямлі — ​«васал». Кароль быў вярхоўным сеньёрам, яго называлі «сюзерэн». Феод як форма зямельнага ўладання з’яўляўся вынікам эвалюцыі сістэмы бенефіцыяў.