§ 8. Палітычная карта сярэднявечнай Еўропы

2. Еўропа Высокага сярэднявечча: феадальная раздробленасць

Перыяд Высокага сярэднявечча ў еўрапейскіх дзяржавах характарызаваўся палітычнай нестабільнасцю, слабасцю каралеўскай улады і пастаяннымі міжусобіцамі. Пачалася эпоха феадальнай раздробленасці. Напружаная ўнутрыпалітычная сітуацыя ўскладнялася нападамі качэўнікаў (венграў, полаўцаў і манголаў). На Пірэнейскім паўвостраве ішла Рэканкіста — ​вызваленчая барацьба супраць маўраў (арабаў-­мусульман). Самі еўрапейцы ажыццяўлялі крыжовыя паходы ў Іерусалім і краіны Блізкага Усходу для вызвалення Труны Гасподняй і Святой зямлі.

Французскае каралеўства, дзе з Х ст. кіравала дынастыя Капетынгаў, складалася першапачаткова з 14 вялікіх феадальных уладанняў. На сваіх землях феадалы карысталіся шырокімі паўнамоцтвамі, дараванымі каралём. Яны маглі чыніць суд над мясцовым насельніцтвам, збіралі падаткі і трымалі свае ўзброеныя атрады.

Аб’яднанне Францыі пад каралеўскай уладай пачаў у першай палове XII ст. Людовік VI. Ён падпарадкаваў сабе феадалаў, якія валодалі землямі вакол Парыжа. Паступова каралі распаўсюджвалі сваю ўладу на іншыя тэрыторыі Францыі. Іх галоўнымі сапернікамі сталі каралі Англіі, дзе з сярэдзіны ХІІ ст. пачалося кіраванне дынастыі Плантагенетаў, заснаванай французскім графам Анжу Генрыхам Плантагенетам. Пад уладай Плантагенетаў апынулася палова тэрыторыі Францыі. У пачатку ХІІІ ст. кароль Францыі Філіп ІІ Аўгуст змог падпарадкаваць сабе большую частку іх французскіх уладанняў.

Найбуйнейшай дзяржавай у Заходняй Еўропе стала Свяшчэнная Рымская імперыя. Яе заснавальнік — ​германскі кароль Атон І — ​абвясціў сябе імператарам пасля таго, як у 962 г. захапіў поўнач Італіі і горад Рым. Таксама ў склад дзяржавы Атона былі ўключаны Чэхія, частка паўднёва-­ўсходняй Францыі і некаторыя славянскія землі. Ён, як у свой час Карл Вялікі, імкнуўся падкрэсліць пераемнасць паміж сваёй дзяржавай і Рымскай імперыяй.

Галоўнай задачай імператараў было падпарадкаванне ўсёй Італіі. У гэтых мэтах яны давалі шырокія паўнамоцтвы князям, каб заручыцца іх падтрымкай у італьянскіх паходах. Аднак уся Італія так і не была захоплена, а імператарская ўлада значна аслабла. Манарх не мог умешвацца ва ўнутра­ныя справы асобных княстваў, і яго ўлада не была спадчыннай.

Італія ў перыяд Высокага сярэднявечча таксама не была адзінай дзяржавай. Паўночныя і частка цэнтральных зямель уваходзілі ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Вынікам барацьбы італьянцаў супраць падпарадкавання імперыі стала з’яўленне ў Паўночнай Італіі ў XII ст. шэрагу незалежных гарадоў-­дзяржаў, у якіх вярхоўная ўлада належала сходу гараджан. Паўднёвыя землі Італіі доўгі час адносіліся да Візантыі, а ў ХІІ ст. тут было заснавана каралеўства Сіцылія.

У ходзе вызваленчай барацьбы супраць мусульман на Пірэнейскім паўвостраве паступова ўтварыліся незалежныя каралеўствы: Арагон, Кастылія, Леон, Навара, Партугалія. Пры падтрымцы заходнееўрапейскіх рыцараў аб’яднаная армія пірэнейскіх каралеўстваў у 1212 г. разбіла вой­ска маўраў. У наступныя некалькі стагоддзяў мусульмане былі выгнаны з усёй тэрыторыі паўвострава, за выключэннем невялікай дзяржавы з цэнтрам у горадзе Гранада.

У 1066 г. Англія была скорана нармандскім герцагам Вільгельмам Заваёўнікам, які стаў яе каралём. Спадкаемцы Вільгельма вялі ўпартыя вой­ны за падпарадкаванне Уэльса, Шатландыі і Ірландыі. Да XIV ст. Уэльс быў скораны, а Шатландыя, заваяваная раней, наадварот, дабілася незалежнасці. Таксама англійскія каралі падпарадкавалі сабе невялікую частку Ірландыі.