Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 8. Палітычная карта сярэднявечнай Еўропы

Якія змены адбываліся на палітычнай карце Еўропы ў Сярэднявеччы? Якія агульныя тэндэнцыі праявіліся ў развіцці дзяржаўнасці ў перыяд феадалізму?
Якімі прычынамі было выклікана Вялікае перасяленне народаў і як яно паўплывала на гісторыю Еўропы? Успомніце азначэнні паняццяў «феадалізм», «феадальная раздробленасць», «Рэканкіста», «саслоўна-­прадстаўнічая манархія». (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Падручнік: § 8. Палітычная карта сярэднявечнай Еўропы
Надрукаваны: Гость
Дата: Нядзеля 19 Травень 2024 10:45

1. Ранняе сярэднявечча: ад варварскіх каралеўстваў да імперыі Карла Вялікага

Сярэднімі вякамі (Сярэднявеччам) мы называем перыяд у гісторыі чалавецтва з канца V ст. да канца XV ст., які ідзе пасля Антычнасці і папярэднічае Новаму часу.

Яшчэ з ІІІ ст. узмацніўся націск германскіх плямёнаў на Рымскую імперыю. Ад нападаў яны паступова перайшлі да сапраўдных заваяванняў. Аслабелая Заходняя Рымская імперыя была ўжо не здольная стрымаць націск варварскіх плямёнаў і пала. Да канца V ст. германцы рассяліліся практычна па ўсёй яе тэрыторыі. Так былі створаны варварскія каралеўствы.

Каля 500 г. у франкаў узнікла каралеўства на чале з Хлодвігам, якому ўдалося перамагчы іншых племянных правіцеляў і захапіць значныя тэрыторыі.

Хлодвіг заснаваў першую каралеўскую дынастыю франкаў — ​Меравінгскую. Знаходзячыся на чале ўлады, ён абапіраўся як на апалчэнне свабодных франкаў, так і на знаць.

Франкі вялі шмат вой­наў і паступова захапілі ўсю тэрыторыю Галіі, а ў VIII ст. пакарылі поўнач Італіі і ўсход­нюю частку Германіі. Іншыя варварскія каралеўствы былі з цягам часу захоплены Візантыяй і арабамі. Арабы паспрабавалі рушыць наперад у Еўропу, але былі разбіты франкамі ў бітве каля Пуацье ў 732 г.

Найбольшай магутнасці дзяржава франкаў дасягнула пры Карле Вялікім (768–814). Ён праводзіў актыўную знешнюю палітыку і значна пашырыў межы дзяржавы, зрабіўшы больш за 50 заваёўніцкіх паходаў у суседнія краіны.

У 800 г. Карл прыбыў у Рым, дзе быў абвешчаны імператарам і каранаваны папам рымскім. Рэзідэнцыяй імператара франкаў стаў г. Ахен. Так на палітычнай карце Еўропы размясціліся дзве імперыі: на захадзе — ​Франкская, на паўднёвым усходзе — ​Візантыйская.

Імперыя франкаў была адзінай нядоўга. Пасля смерці Карла ў 814 г. яго сын Людовік падзяліў дзяржаву на некалькі частак і перадаў сваім сынам, захоўваючы за сабой тытул імператара. Аднак у хуткім часе пачаліся міжусобныя вой­ны паміж спадкаемцамі. Барацьба завяршылася ў 843 г., калі ў Вердэне ўнукі Карла Вялікага падпісалі дагавор аб падзеле імперыі на тры часткі. У далейшым на гэтых тэрыторыях утварыліся Францыя, Германія і Італія.

2. Еўропа Высокага сярэднявечча: феадальная раздробленасць

Перыяд Высокага сярэднявечча ў еўрапейскіх дзяржавах характарызаваўся палітычнай нестабільнасцю, слабасцю каралеўскай улады і пастаяннымі міжусобіцамі. Пачалася эпоха феадальнай раздробленасці. Напружаная ўнутрыпалітычная сітуацыя ўскладнялася нападамі качэўнікаў (венграў, полаўцаў і манголаў). На Пірэнейскім паўвостраве ішла Рэканкіста — ​вызваленчая барацьба супраць маўраў (арабаў-­мусульман). Самі еўрапейцы ажыццяўлялі крыжовыя паходы ў Іерусалім і краіны Блізкага Усходу для вызвалення Труны Гасподняй і Святой зямлі.

Французскае каралеўства, дзе з Х ст. кіравала дынастыя Капетынгаў, складалася першапачаткова з 14 вялікіх феадальных уладанняў. На сваіх землях феадалы карысталіся шырокімі паўнамоцтвамі, дараванымі каралём. Яны маглі чыніць суд над мясцовым насельніцтвам, збіралі падаткі і трымалі свае ўзброеныя атрады.

Аб’яднанне Францыі пад каралеўскай уладай пачаў у першай палове XII ст. Людовік VI. Ён падпарадкаваў сабе феадалаў, якія валодалі землямі вакол Парыжа. Паступова каралі распаўсюджвалі сваю ўладу на іншыя тэрыторыі Францыі. Іх галоўнымі сапернікамі сталі каралі Англіі, дзе з сярэдзіны ХІІ ст. пачалося кіраванне дынастыі Плантагенетаў, заснаванай французскім графам Анжу Генрыхам Плантагенетам. Пад уладай Плантагенетаў апынулася палова тэрыторыі Францыі. У пачатку ХІІІ ст. кароль Францыі Філіп ІІ Аўгуст змог падпарадкаваць сабе большую частку іх французскіх уладанняў.

Найбуйнейшай дзяржавай у Заходняй Еўропе стала Свяшчэнная Рымская імперыя. Яе заснавальнік — ​германскі кароль Атон І — ​абвясціў сябе імператарам пасля таго, як у 962 г. захапіў поўнач Італіі і горад Рым. Таксама ў склад дзяржавы Атона былі ўключаны Чэхія, частка паўднёва-­ўсходняй Францыі і некаторыя славянскія землі. Ён, як у свой час Карл Вялікі, імкнуўся падкрэсліць пераемнасць паміж сваёй дзяржавай і Рымскай імперыяй.

Галоўнай задачай імператараў было падпарадкаванне ўсёй Італіі. У гэтых мэтах яны давалі шырокія паўнамоцтвы князям, каб заручыцца іх падтрымкай у італьянскіх паходах. Аднак уся Італія так і не была захоплена, а імператарская ўлада значна аслабла. Манарх не мог умешвацца ва ўнутра­ныя справы асобных княстваў, і яго ўлада не была спадчыннай.

Італія ў перыяд Высокага сярэднявечча таксама не была адзінай дзяржавай. Паўночныя і частка цэнтральных зямель уваходзілі ў склад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Вынікам барацьбы італьянцаў супраць падпарадкавання імперыі стала з’яўленне ў Паўночнай Італіі ў XII ст. шэрагу незалежных гарадоў-­дзяржаў, у якіх вярхоўная ўлада належала сходу гараджан. Паўднёвыя землі Італіі доўгі час адносіліся да Візантыі, а ў ХІІ ст. тут было заснавана каралеўства Сіцылія.

У ходзе вызваленчай барацьбы супраць мусульман на Пірэнейскім паўвостраве паступова ўтварыліся незалежныя каралеўствы: Арагон, Кастылія, Леон, Навара, Партугалія. Пры падтрымцы заходнееўрапейскіх рыцараў аб’яднаная армія пірэнейскіх каралеўстваў у 1212 г. разбіла вой­ска маўраў. У наступныя некалькі стагоддзяў мусульмане былі выгнаны з усёй тэрыторыі паўвострава, за выключэннем невялікай дзяржавы з цэнтрам у горадзе Гранада.

У 1066 г. Англія была скорана нармандскім герцагам Вільгельмам Заваёўнікам, які стаў яе каралём. Спадкаемцы Вільгельма вялі ўпартыя вой­ны за падпарадкаванне Уэльса, Шатландыі і Ірландыі. Да XIV ст. Уэльс быў скораны, а Шатландыя, заваяваная раней, наадварот, дабілася незалежнасці. Таксама англійскія каралі падпарадкавалі сабе невялікую частку Ірландыі.

3. Позняе сярэднявечча: фарміраванне цэнтралізаваных дзяржаў

XIV–XV стст. у гісторыі заходнееўрапейскіх краін азнаменаваліся тэндэнцыяй да пераадолення феадальнай раздробленасці ў шэрагу краін. У выніку гэтага з’явіліся дзяржавы з моцнай цэнтральнай уладай манарха, якому падпарадкоўваліся ўсе феадалы.

Да пачатку XIV ст. французскія каралі кантралявалі ўжо тры чвэрці зямель сваёй дзяржавы. Аднак у хуткім часе Францыя ўступіла ў цяжкую Стагадовую вайну з Англіяй (1337–1453 гг.), у ходзе якой Англія захапіла частку французскіх зямель. Становішча ўскладнілася міжусобнай барацьбой буйны`х груповак феадалаў. Але ў выніку Францыя здолела адстаяць сваю незалежнасць, а ўлада французскага караля яшчэ больш умацавалася. У кіраванне караля Людовіка ХІ (1461–1483) завяршылася аб’яднанне французскіх зямель.

У самой Англіі ўспыхнула 30-гадовая міжусобная вайна Пунсовай і Белай Ружы (1455–1485). Перамогу ў ёй атрымаў знатны род Цюдораў. Новы кароль Генрых VII Цюдор пачаў жорстка падаўляць сепаратызм феадалаў. Улада манарха ў цэнтралізаванай дзяржаве ўзмацнілася.

Аб’яднаўчыя працэсы былі характэрныя і для іншых заходнееўрапейскіх дзяржаў. Так, у 1397 г. правіцелі Даніі, Швецыі і Нарвегіі заключылі палітычны саюз на чале з адзіным манархам — ​Кальмарскую унію. А ў 1479 г. каралеўствы Кастыліі і Арагона аб’ядналіся ў цэнтралізаваную дзяржаву. Так утварылася Іспанія.

Італьянскія землі па-ранейшаму заставаліся раз’яднаныя і належалі розным дзяржавам. Свяшчэнная Рымская імперыя перажывала глыбокі палітычны крызіс і фактычна распадалася.

Усведамляючы неабходнасць шырокай падтрымкі ў барацьбе з буйны`мі феадаламі з боку розных саслоўяў, каралі адважыліся на стварэнне саслоўна-­прадстаўнічых органаў улады — ​парламента ў Англіі і Генеральных штатаў у Францыі.

У 1265 г. у Англіі прайшло першае пасяджэнне парламента, які складаўся з палаты лордаў і палаты абшчын. У першую ўваходзілі запрошаныя каралём буйны`я свецкія і царкоўныя феадалы, а другая фарміравалася з гараджан (па двое ад кожнага вялікага горада) і рыцараў (па двое ад кожнага графства). Спачатку парламент склікаўся для абмеркавання падаткаў, але затым пачаў удзельнічаць і ў прыняцці законаў.

У 1302 г. французскі кароль Філіп IV упершыню склікаў Генеральныя штаты, каб заручыцца падтрымкай духавенства, дваранства і заможных гараджан у барацьбе з папам рымскім. Прадстаўнікі трох саслоўяў засядалі паасобку і збіраліся разам толькі для вынясення канчатковага рашэння. Кожнай палаце належаў адзін голас.

Пачатак новаму этапу ў гісторыі сярэднявечнай Еўропы быў пакладзены нашэсцямі германскіх плямёнаў, якія прайшлі да Іспаніі і Паўночнай Афрыкі. У Раннім сярэднявеччы былі створаны германскія каралеўствы, самым уплывовым сярод якіх стала Франкская дзяржава. Перыяд Высокага сярэднявечча адзначаны феадальнай раздробленасцю. У Познім сярэднявеччы пачаўся працэс цэнтралізацыі шэрагу дзяржаў: Францыі, Англіі, Іспаніі. Германія і Італія надоўга захавалі раздробленасць на асобныя палітыка-­тэрытарыяльныя адзінкі. Аднак менавіта ў Сярэднявеччы пачалося фарміраванне сучаснай палітычнай карты Еўропы.

Пытанні

1. Якія, на вашу думку, галоўныя вынікі палітычнага развіцця Еўропы ў Раннім сярэднявеччы?

2. Што, на ваш погляд, стала асноўнай прычынай феадальнай раздробленасці?

3. На прыкладзе Францыі растлумачце механізм фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы. Якія былі асаблівасці аб’яднаўчых працэсаў у іншых заходнееўрапейскіх краінах?

4. Якія прычыны прывялі да стварэння саслоўных прадстаўніцтваў у сярэднявечных дзяржавах Еўропы? Якія былі функцыі англійскага і французскага парламентаў?

5. Параўнайце прадстаўленыя ў параграфе картасхемы і прасачыце, як мянялася «палітычнае аблічча» Еўропы ў розныя перыяды Сярэднявечча. Пракаментуйце вынікі даследавання аднакласнікам.

6. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі ахарактарызуйце адносіны Англіі і Францыі ў XIV–XV стст.