§ 8. Палітычная карта сярэднявечнай Еўропы

1. Ранняе сярэднявечча: ад варварскіх каралеўстваў да імперыі Карла Вялікага

Сярэднімі вякамі (Сярэднявеччам) мы называем перыяд у гісторыі чалавецтва з канца V ст. да канца XV ст., які ідзе пасля Антычнасці і папярэднічае Новаму часу.

Яшчэ з ІІІ ст. узмацніўся націск германскіх плямёнаў на Рымскую імперыю. Ад нападаў яны паступова перайшлі да сапраўдных заваяванняў. Аслабелая Заходняя Рымская імперыя была ўжо не здольная стрымаць націск варварскіх плямёнаў і пала. Да канца V ст. германцы рассяліліся практычна па ўсёй яе тэрыторыі. Так былі створаны варварскія каралеўствы.

Каля 500 г. у франкаў узнікла каралеўства на чале з Хлодвігам, якому ўдалося перамагчы іншых племянных правіцеляў і захапіць значныя тэрыторыі.

Хлодвіг заснаваў першую каралеўскую дынастыю франкаў — ​Меравінгскую. Знаходзячыся на чале ўлады, ён абапіраўся як на апалчэнне свабодных франкаў, так і на знаць.

Франкі вялі шмат вой­наў і паступова захапілі ўсю тэрыторыю Галіі, а ў VIII ст. пакарылі поўнач Італіі і ўсход­нюю частку Германіі. Іншыя варварскія каралеўствы былі з цягам часу захоплены Візантыяй і арабамі. Арабы паспрабавалі рушыць наперад у Еўропу, але былі разбіты франкамі ў бітве каля Пуацье ў 732 г.

Найбольшай магутнасці дзяржава франкаў дасягнула пры Карле Вялікім (768–814). Ён праводзіў актыўную знешнюю палітыку і значна пашырыў межы дзяржавы, зрабіўшы больш за 50 заваёўніцкіх паходаў у суседнія краіны.

У 800 г. Карл прыбыў у Рым, дзе быў абвешчаны імператарам і каранаваны папам рымскім. Рэзідэнцыяй імператара франкаў стаў г. Ахен. Так на палітычнай карце Еўропы размясціліся дзве імперыі: на захадзе — ​Франкская, на паўднёвым усходзе — ​Візантыйская.

Імперыя франкаў была адзінай нядоўга. Пасля смерці Карла ў 814 г. яго сын Людовік падзяліў дзяржаву на некалькі частак і перадаў сваім сынам, захоўваючы за сабой тытул імператара. Аднак у хуткім часе пачаліся міжусобныя вой­ны паміж спадкаемцамі. Барацьба завяршылася ў 843 г., калі ў Вердэне ўнукі Карла Вялікага падпісалі дагавор аб падзеле імперыі на тры часткі. У далейшым на гэтых тэрыторыях утварыліся Францыя, Германія і Італія.