§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці

Акліматызацыя чужародных відаў

Акліматызацыя — працэс прыстасавання жывых арганізмаў да новых умоў існавання  з прычыны змянення месцаў пражывання. У апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з актыўнай гаспадарчай дзейнасцю чалавека на тэрыторыю Беларусі трапіў цэлы шэраг відаў, чужародных для фаўны і флоры нашай краіны. Гэтыя віды добра прыстасаваліся да жыцця ў нашых кліматычных умовах. Працэс іх адаптацыі значна паскорыўся ў сувязі з глабальным змяненнем клімату і павелічэннем транспартных патокаў. У цяперашні час чужародныя віды прызнаны глабальнай экалагічнай праблемай, якая мае цэлы шэраг негатыўных наступстваў экалагічнага, эканамічнага і сацыяльнага характару. Паводле вывадаў міжнародных экспертаў, чужародныя віды ў глабальным маштабе з’яўляюцца другой па значнасці (пасля антрапагеннага забруджвання асяроддзя) прычынай вымірання абарыгенных відаў. Яны здольныя не толькі выцясняць мясцовыя віды, але і відазмяняць цэлыя экасістэмы. Такія віды называюцца інвазіўнымі.

Найбольш вядомымі прыкладамі негатыўных наступстваў акліматызацыі чужародных відаў можна назваць з’яўленне каларадскага жука ў Еўропе і труса ў Аўстраліі. У Беларусі ў ХХ ст. таксама была акліматызавана амерыканская норка, якая практычна выцесніла абарыгенную норку еўрапейскую. Іншым такім прыкладам з’яўляецца янотападобны сабака, завезены з Прыморскага краю.

Гэты від добра адаптаваўся да новых умоў, пачаў хутка размнажацца, выядаючы носкі птушак, якія гняздуюцца на зямлі, акупіруючы норы ліс і барсукоў, і стаў адным з асноўных пераносчыкаў смяротна небяспечнага віруса шаленства.

Аналагічная сітуацыя склалася і з завезеным у Беларусь для гаспадарчага выкарыстання (як корм для буйной рагатай жывёлы) раслінай — баршчэўнікам Сасноўскага. Гэта магутная з сакавітымі лістамі расліна сямейства парасонавых стала выцясняць іншыя травяністыя расліны і ўтвараць суцэльныя зараснікі амаль у чалавечы рост. Акрамя таго, баршчэўнік Сасноўскага ўяўляе рэальную пагрозу здароўю, а часам і жыццю чалавека (гл. § 17). Сумнік канадскі таксама з’яўляецца чужародным інвазіўным відам для Беларусі.

У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь налічваецца каля 35 чужародных відаў жывёл і 306 відаў раслін. Найбольш агрэсіўныя і шкодныя з іх — сабака янотападобны, норка амерыканская, цыкада буйвалава, мурашка фараонава, матылёк каштанавы (або ліпавы), рыба ратан-галавешка (бычок амурскі). Яны наносяць экалагічную ці эканамічную шкоду абарыгенным прадстаўнікам фаўны і занесены ў Чорную кнігу інвазіўных відаў жывёл Беларусі. Заканадаўча забаронена праводзіць наўмыснае ўсяленне чужародных відаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

У Беларусі ёсць пазітыўныя прыклады мерапрыемстваў па захаванні біяразнастайнасці. Іх вынікам з’яўляецца распаўсюджванне па тэрыторыі краіны, а затым і Заходняй Еўропы лебедзя-шыпуна, гусі шэрай і баклана вялікага, аднаўленне папуляцыі зубра еўрапейскага. Колькасць зуброў у Беларусі ў цяперашні час самая вялікая ў свеце — больш за 1600 асобін. Гэтыя прыклады паказваюць, што чалавек здольны станоўча ўплываць на відавы склад флоры і фаўны.

Паўторым галоўнае. Біялагічная разнастайнасць відаў з’яўляецца важным паказчыкам, які забяспечвае ўстойлівасць экасістэм і біясферы ў цэлым. Асноўнымі прычынамі скарачэння біялагічнай разнастайнасці можна лічыць: парушэнне і забруджванне асяроддзя пражывання, празмернае спажыванне і браканьерства, акліматызацыю чужародных відаў. У цяперашні час у Беларусі пад пагрозай знікнення знаходзіцца амаль трэць відаў дзікіх жывёл і раслін.