§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці
- Успомніце царствы жывых арганізмаў, тыпы ўзаемаадносін жывых арганізмаў у экасістэмах.
- Як вы думаеце? Ад чаго ў першую чаргу залежыць стабільнасць экасістэмы?
- Вы даведаецеся пра прычыны зніжэння біялагічнай разнастайнасці.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Біялогія. 10 клас |
Книга: | § 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 24 Ноябрь 2024, 05:58 |
Прэамбула
Біяразнастайнасць — сукупнасць усіх відаў арганізмаў, якія жывуць на Зямлі. У наш час на планеце, паводле даных шэрага даследчыкаў, налічваецца прыкладна 500 тыс. відаў бактэрый, 300 тыс. відаў грыбоў, 500 тыс. відаў раслін і каля 1,5 млн відаў жывёл. Раней адзначалася, што біяразнастайнасць з’яўляецца адным з найважнейшых паказчыкаў, якія забяспечваюць устойлівасць экасістэм і біясферы ў цэлым. Выміранне відаў натуральным шляхам даволі працяглы працэс. Палеанталагічныя даныя паказваюць, што сярэдняя хуткасць вымірання складае прыблізна 1 від у стагоддзе.
За апошнія 400 гадоў з твару Зямлі, па некаторых даных, знікла 107 відаў і падвідаў млекакормячых, 160 відаў і падвідаў птушак. Па даных Міжнароднага саюза аховы прыроды (МСАП), на мяжы знікнення знаходзяцца 11 167 відаў жывёл і 5714 відаў раслін. У Беларусі ў гэту катэгорыю трапляюць амаль трэць відаў дзікіх жывёл. Згодна з прагнозамі вучоных, калі тэмпы вымірання захаваюцца на такім жа ўзроўні, да 2100 г. могуць быць згублены усіх відаў арганізмаў, якія насяляюць планету. Гэта можа прывесці да біясфернага крызісу. На аднаўленне біяразнастайнасці біясферы спатрэбіцца 5 млн гадоў.
У Беларусі, як і ў іншых краінах, біяразнастайнасць залежыць ад стану прыродных экасістэм: лясоў, балот, азёр, — якія займаюць каля 50 % тэрыторыі краіны.
У цяперашні час асноўнымі прычынамі скарачэння біялагічнай разнастайнасці з’яўляюцца: парушэнне і забруджванне асяроддзя пражывання, празмернае спажыванне і браканьерства, акліматызацыя чужародных відаў.
*Парушэнне асяроддзя пражывання
Парушэнне асяроддзя пражывання можа быць следствам як антрапагеннага ўздзеяння (высечка лясоў, асушэнне балот, узворванне стэпаў і цалінных зямель), так і натуральных прычын. У выніку звычныя месцы жыцця жывёл становяцца непрыдатнымі.
Пракладка газаправода без уліку міграцыі аленяў у тундры прывяла да таго, што жывёлы сталі збівацца перад трубой у вялізныя статкі, і нішто не магло іх прымусіць звярнуць з векавога шляху. У выніку загінулі шматлікія тысячы жывёл.
Адной з прычын парушэння асяроддзя пражывання з’яўляецца змяненне клімату і натуральная эвалюцыйная змена выглядаў флоры і фаўны. Гэта глабальная праблема, якая закранае ўсе дзяржавы. На змену лясам усё актыўней на тэрыторыю Беларусі пранікаюць стэпавая расліннасць і спадарожныя віды жывёл. У выніку гэтых змяненняў Беларусь пазбавілася такіх жывёл, як расамаха, лань, лясны кот. Вярнуць гэтых жывёл у беларускую прыроду з прычыны змянення клімату ўжо немагчыма.
Так, напрыклад, назіраецца скарачэнне колькасці курапаткі белай. Пры поўнай адсутнасці снежнага покрыва ў зімовы перыяд больш за 30 % гэтых птушак знішчаецца драпежнымі птушкамі. У час зімовых адліг у курапатак узрастаюць энергетычныя затраты на кормаздабыванне, бо парасткі верб, якія з’яўляюцца іх асноўным кормам у зімовы перыяд, губляюць крохкасць, і птушкам значна цяжэй іх скусваць, што пагаршае ўмовы зімоўкі.
*Забруджванне асяроддзя
Забруджванне — гэта прыўнясенне ў навакольнае асяроддзе новых, не характэрных для яго фізічных, хімічных, біялагічных агентаў ці перавышэнне ўзроўню натуральных фактараў, якое прыводзіць да негатыўных наступстваў. Забруджванне бывае хімічным, біялагічным, фізічным (цеплавое, шумавое, радыеактыўнае, электрамагнітнае, светлавое). Разгледзім больш падрабязна некаторыя віды забруджванняў.
Хімічнае забруджванне — вынік змянення натуральных хімічных уласцівасцей навакольнага асяроддзя пры паступленні ў яго хімічных рэчываў, не ўласцівых яму. Шкодныя рэчывы (аксіды серы і азоту, цяжкія металы, вуглевадароды, якія змяшчаюць хлор ці фтор, фенолы, фармальдэгід), што паступілі ў прыроднае асяроддзе, могуць назапашвацца, перавышаючы дапушчальныя канцэнтрацыі, выклікаць захворванні і гібель жывых арганізмаў.
Біялагічнае забруджванне ажыццяўляецца нехарактэрнымі для дадзенай экасістэмы жывымі арганізмамі (вірусамі, патагеннымі бактэрыямі і грыбамі) і прадуктамі іх жыццядзейнасці, якія пагаршаюць умовы існавання натуральных біятычных згуртаванняў.
Радыеактыўнае забруджванне звязана з павышэннем натуральнага радыеактыўнага фону і ўзроўню ўтрымання ў асяроддзі радыеактыўных элементаў і рэчываў. Гэта выклікае разнастайныя марфалагічныя і функцыянальныя парушэнні, прамянёвую хваробу і гібель жывых арганізмаў.
Шумавое забруджванне, як вы ўжо ведаеце, характарызуецца перавышэннем узроўню натуральнага шумавога фону. Адаптацыя арганізмаў да шуму практычна немагчымая. Шум парушае сігнальныя камунікацыі паміж жывёламі, і гэта адбіваецца на паводзінах у перыяд размнажэння, пры абароне ад драпежнікаў і да т. п.
Электрамагнітнае забруджванне адбываецца ў выніку змянення электрамагнітных уласцівасцей навакольнага асяроддзя, якія прыводзяць да глабальных і мясцовых геафізічных анамалій і змяненняў у біялагічных структурах жывых арганізмаў.
*Празмернае спажыванне
Празмернае спажыванне — гэта ўзяцце прыродных рэсурсаў з асяроддзя для розных мэт (харчовых, гаспадарчых, медыцынскіх). Да прыродных рэсурсаў належаць змешчаныя ў прыродзе сродкі існавання, не створаныя працай людзей (вада, глеба, расліны, жывёлы, мінералы). Іх падзяляюць на вычарпальныя і невычарпальныя.
Да вычарпальных рэсурсаў належаць неаднаўляемыя, адносна аднаўляемыя і аднаўляемыя. Неаднаўляемыя рэсурсы не аднаўляюцца ці аднаўляюцца павольней, чым яны выкарыстоўваюцца чалавекам. Да іх належаць карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, торф, вапнякі). Адносна аднаўляльныя рэсурсы — гэта глеба, лес. Аднаўляльныя — расліннасць, жывёльны свет, шэраг мінеральных рэсурсаў, што аднаўляюцца з рознай хуткасцю. Каб заставацца аднаўляльнымі, гэтыя рэсурсы павінны расходавацца не хутчэй за іх аднаўленне.
Невычарпальнымі прынята лічыць касмічныя (сонечная радыяцыя, энергія марскіх прыліваў і адліваў), кліматычныя (атмасфернае паветра, энергія ветру, ападкі), водныя рэсурсы (запасы вады на Зямлі). Аднак вада і атмасфернае паветра невычэрпныя толькі колькасна, а якасна — вычэрпныя.
*Браканьерства
Браканьерства — гэта незаконныя дзеянні па здабычы, знішчэнні дзікіх жывёл ці раслін, якія парушаюць заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя. Да браканьерства належаць паляванне і рыбная лоўля ў забароненых месцах ці забароненымі прыладамі і спосабамі, збор яек і пуху птушак, разбурэнне гнёздаў, нор. Таксама браканьерствам лічыцца высечка лесу, збор расліннай сыравіны без адпаведнага дазволу. У Беларусі ўведзена сур’ёзная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць за незаконныя дзеянні ў сферы аховы і выкарыстання жывёльнага свету.
У выніку празмернага спажывання і браканьерства на Зямлі ўжо назаўжды зніклі: тур (продак буйной рагатай жывёлы), тарпан (продак свойскага каня), карова марская (стэлерава), гагарка бяскрылая, голуб вандроўны.
Акліматызацыя чужародных відаў
Акліматызацыя — працэс прыстасавання жывых арганізмаў да новых умоў існавання з прычыны змянення месцаў пражывання. У апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з актыўнай гаспадарчай дзейнасцю чалавека на тэрыторыю Беларусі трапіў цэлы шэраг відаў, чужародных для фаўны і флоры нашай краіны. Гэтыя віды добра прыстасаваліся да жыцця ў нашых кліматычных умовах. Працэс іх адаптацыі значна паскорыўся ў сувязі з глабальным змяненнем клімату і павелічэннем транспартных патокаў. У цяперашні час чужародныя віды прызнаны глабальнай экалагічнай праблемай, якая мае цэлы шэраг негатыўных наступстваў экалагічнага, эканамічнага і сацыяльнага характару. Паводле вывадаў міжнародных экспертаў, чужародныя віды ў глабальным маштабе з’яўляюцца другой па значнасці (пасля антрапагеннага забруджвання асяроддзя) прычынай вымірання абарыгенных відаў. Яны здольныя не толькі выцясняць мясцовыя віды, але і відазмяняць цэлыя экасістэмы. Такія віды называюцца інвазіўнымі.
Найбольш вядомымі прыкладамі негатыўных наступстваў акліматызацыі чужародных відаў можна назваць з’яўленне каларадскага жука ў Еўропе і труса ў Аўстраліі. У Беларусі ў ХХ ст. таксама была акліматызавана амерыканская норка, якая практычна выцесніла абарыгенную норку еўрапейскую. Іншым такім прыкладам з’яўляецца янотападобны сабака, завезены з Прыморскага краю.
Гэты від добра адаптаваўся да новых умоў, пачаў хутка размнажацца, выядаючы носкі птушак, якія гняздуюцца на зямлі, акупіруючы норы ліс і барсукоў, і стаў адным з асноўных пераносчыкаў смяротна небяспечнага віруса шаленства.
Аналагічная сітуацыя склалася і з завезеным у Беларусь для гаспадарчага выкарыстання (як корм для буйной рагатай жывёлы) раслінай — баршчэўнікам Сасноўскага. Гэта магутная з сакавітымі лістамі расліна сямейства парасонавых стала выцясняць іншыя травяністыя расліны і ўтвараць суцэльныя зараснікі амаль у чалавечы рост. Акрамя таго, баршчэўнік Сасноўскага ўяўляе рэальную пагрозу здароўю, а часам і жыццю чалавека (гл. § 17). Сумнік канадскі таксама з’яўляецца чужародным інвазіўным відам для Беларусі.
У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь налічваецца каля 35 чужародных відаў жывёл і 306 відаў раслін. Найбольш агрэсіўныя і шкодныя з іх — сабака янотападобны, норка амерыканская, цыкада буйвалава, мурашка фараонава, матылёк каштанавы (або ліпавы), рыба ратан-галавешка (бычок амурскі). Яны наносяць экалагічную ці эканамічную шкоду абарыгенным прадстаўнікам фаўны і занесены ў Чорную кнігу інвазіўных відаў жывёл Беларусі. Заканадаўча забаронена праводзіць наўмыснае ўсяленне чужародных відаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
У Беларусі ёсць пазітыўныя прыклады мерапрыемстваў па захаванні біяразнастайнасці. Іх вынікам з’яўляецца распаўсюджванне па тэрыторыі краіны, а затым і Заходняй Еўропы лебедзя-шыпуна, гусі шэрай і баклана вялікага, аднаўленне папуляцыі зубра еўрапейскага. Колькасць зуброў у Беларусі ў цяперашні час самая вялікая ў свеце — больш за 1600 асобін. Гэтыя прыклады паказваюць, што чалавек здольны станоўча ўплываць на відавы склад флоры і фаўны.
Паўторым галоўнае. Біялагічная разнастайнасць відаў з’яўляецца важным паказчыкам, які забяспечвае ўстойлівасць экасістэм і біясферы ў цэлым. Асноўнымі прычынамі скарачэння біялагічнай разнастайнасці можна лічыць: парушэнне і забруджванне асяроддзя пражывання, празмернае спажыванне і браканьерства, акліматызацыю чужародных відаў. У цяперашні час у Беларусі пад пагрозай знікнення знаходзіцца амаль трэць відаў дзікіх жывёл і раслін.
Праверым веды
Ключавыя пытанні
1. Ад чаго залежыць біяразнастайнасць?
2. Як дзейнасць чалавека ўплывае на біяразнастайнасць? Прывядзіце прыклады.
3. Якія віды і чаму называюцца інвазіўнымі?
*4. Выберыце з прапанаванага спіса інвазіўныя арганізмы: жук каларадскі, заяц бяляк, баршчэўнік Сасноўскага, ярутка палявая, цыкада буйвалава, сабака янотападобны, клоп рапсовы, норка амерыканская, вусач дубовы, сумнік канадскі, мурашка фараонава.
*5. Растлумачце, чаму пры лоўлі рыбы нельга выкарыстоўваць дробнаячэістыя сеткі і такія прыёмы лоўлі, як атручванне ці глушэнне рыбы выбуховымі рэчывамі. Прывядзіце не менш за дзве прычыны.
Складаныя пытанні
1. Чаму вучоныя лічаць небяспечным для чалавека скарачэнне відавой разнастайнасці экасістэм?
*2. Шум як фізічны забруджвальнік уплывае на працэсы жыццядзейнасці чалавека і жывёл. Як вы лічыце, ці ўплывае шумавое забруджванне на расліны? Адказ абгрунтуйце.
*3. Навучэнцы сабралі за год 15 т макулатуры. Колькі дрэў захавалі навучэнцы, калі з 1 дрэва атрымліваюць 60 кг паперы? Колькі сшыткаў маглі вырабіць, калі з 1 т макулатуры атрымліваюць 25 000 сшыткаў? Колькі вады і электраэнергіі можна зэканоміць, калі 1 т макулатуры эканоміць 200 м3 вады і 1000 кВт · г электраэнергіі?
*4. Біёлагі ўстанавілі такую парадаксальную залежнасць: як толькі на якім-небудзь вадаёме знішчаюць выдр, так адразу становіцца больш рыбы, але хутка яе колькасць зніжаецца. Калі зноў у вадаёме з’яўляюцца выдры, то рыбы зноў становіцца больш. Чаму?
*Індывідуальнае дамашняе заданне. Якія мерапрыемствы вы можаце прапанаваць для правядзення на лакальным узроўні з мэтай захавання біяразнастайнасці ў вашым рэгіёне?