§ 56. Прычыны страты біялагічнай разнастайнасці

*Браканьерства

Браканьерства — гэта незаконныя дзеянні па здабычы, знішчэнні дзікіх жывёл ці раслін, якія парушаюць заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя. Да браканьерства належаць паляванне і рыбная лоўля ў забароненых месцах ці забароненымі прыладамі і спосабамі, збор яек і пуху птушак, разбурэнне гнёздаў, нор. Таксама браканьерствам лічыцца высечка лесу, збор расліннай сыравіны без адпаведнага дазволу. У Беларусі ўведзена сур’ёзная адміністрацыйная і крымінальная адказнасць за незаконныя дзеянні ў сферы аховы і выкарыстання жывёльнага свету.

У выніку празмернага спажывання і браканьерства на Зямлі ўжо назаўжды зніклі: тур (продак буйной рагатай жывёлы), тарпан (продак свойскага каня), карова марская (стэлерава), гагарка бяскрылая, голуб вандроўны.