7–1. Светаўспрыманне і рэлігіі антычнасці

2. Свет — багі — чалавек — поліс

У старажытнасці асновай разумення навакольнага свету была міфалогія, у якой божаствы жылі і дзейнічалі побач з людзьмі. Рэальны свет увасабляўся ў фантастычных карцінах міфалагічных апавяданняў і паданняў.

У Старажытнай Грэцыі сфарміраваўся адзіны пантэон, які ведалі і шанавалі ўсе грэкі. Дзе б ні пражываў элін, ён прыходзіў у Алімпію на спартыўныя спаборніцтвы і пакланяўся Зеўсу ў яго храме, накіроўваўся за самымі правільнымі прадказаннямі ў храм Апалона ў Дэльфах і ўшаноўваў мудрасць багіні Афіны ў храмах афінскага Акропаля.

Грэкі лічылі, што ўсім светам кіруюць багі, адносіны паміж якімі ўяўляліся падобнымі да людскіх узаемаадносін. Багі жылі сем'ямі. Некалькі пакаленняў божастваў увасаблялі розныя этапы развіцця сусвету. Багі варагавалі і ваявалі паміж сабой, залучаючы ў свае войны людзей. Верылі, што галоўныя багі жылі на гары Алімп — самай высокай гары з вядомых грэкам. Свет багоў меў  сацыяльную структуру: галоўным бажаством лічыўся бог маланак і навальніцы Зеўс, астатнія павінны былі падпарадкоўвацца яму, а часам падвяргаліся яго пакаранням. Багі жылі як людзі: яны елі і пілі, любілі і ненавідзелі, нават мелі фізічныя недахопы (напрыклад, бог кавальскага рамяства Гефест быў кульгавы). Грэкі прыпісвалі сваім багам усе «чалавечыя» якасці і пачуцці: станоўчыя (напрыклад, радасць і цікаўнасць, спачуванне і клопат) і адмоўныя (ненавісць і зайздрасць, помслівасць і гатоўнасць да здрады). Лічылася, што багі непасрэдна ўдзельнічалі ў жыцці людзей. Іх жаданні і імкненні былі зразумелыя грэкам, якія нават высмейвалі іх, напрыклад, у тэатральных пастаноўках.

Кожны поліс лічыў, што ім апякуецца нейкі з магутных багоў. Напрыклад, лёгка здагадацца, заступніцай якога поліса была багіня Афіна. Такія багі ўспрымаліся практычна як члены самога калектыву грамадзян, але значна больш магутныя. На іх спадзяваліся як на заступнікаў і абаронцаў,што клапаціліся пра дабрабыт і росквіт поліса. На думку грэкаў і рымлян, багі давалі людзям магчымасць праяўляць ініцыятыву ў жыцці, хоць нярэдка каралі за памылкі. Вельмі важна, што антычнае разуменне рэлігіі не перашкаджала развіццю грамадскай ініцыятывы, не навязвала дробязных рэлігійных правіл, адкрывала магчымасці для з'яўлення чагосьці новага ў грамадскім і культурным жыцці.

Антычная міфалогія падарыла нам мноства цікавых вобразаў і сюжэтаў, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў культуры і сёння. Мноства паэтаў і мастакоў, скульптараў і пісьменнікаў звяртаюцца да іх у сваёй творчасці.