7–1. Светаўспрыманне і рэлігіі антычнасці

1. Сістэма жыццёвых каштоўнасцяў грамадзяніна поліса

Статус грамадзяніна фарміраваў у грэкаў і рымлян асаблівае светаўспрыманне. Свабодныя грамадзяне імкнуліся ўдасканальваць сябе праз адукацыю і фізічныя практыкаванні. Гэта павышала іх сацыяльны статус. Грэкаў і рымлян цікавілі не толькі пытанні ўладкавання і паходжання навакольнага свету, але і законы грамадскага развіцця, рэальныя магчымасці і здольнасці кожнага чалавека.

Поліс — гэта не толькі горад, але і калектыў свабодных грамадзян, якія ў ім жылі. Кожны з іх меў палітычныя правы і зямлю, станавіўся ваяром у перыяд вайны. Гэта фарміравала пэўныя асаблівасці палітычнай свядомасці і грамадскай псіхалогіі. Грэкі і рымляне мелі ўсе правы і асабістую свабоду, пакуль існаваў іх поліс, таму ўсімі сіламі абаранялі яго незалежнасць. Калектыўныя каштоўнасці ў полісе пераважалі над асабістымі. Важнай рысай грамадзяніна лічыўся патрыятызм. Аднак, з іншага боку, узвышэнне і росквіт поліса вялі да ўзбагачэння яго грамадзян.

Найважнейшай каштоўнасцю для грэкаў і рымлян была свабода, якая суадносілася з іх палітычнымі правамі. Важнай была ідэя роўнасці грамадзян, у тым ліку перад законам. Грамадзянін меў права выбіраць прадстаўнікоў улады поліса на пэўны тэрмін, яго самога маглі абраць у органы кіравання. Грамадзяне валодалі высокай палітычнай актыўнасцю, усведамлялі сваю адказнасць перад грамадствам. Найбольш поўна гэта выявілася ў перыяд існавання дэмакратыі. Полісныя каштоўнасці з ідэямі свабоды выключалі сляпое падпарадкаванне грамадзян асобе правіцеля. Дэмакратыя стала поўнай супрацьлегласцю дэспатыі як форме дзяржаўнага ладу, што існавала на Старажытным Усходзе. Грэкі і рымляне былі ўпэўненыя ў перавагах сваёй сістэмы палітычнага кіравання.

Жыццё ў полісе давала чалавеку магчымасць рэалізаваць сябе, а гэта, у сваю чаргу, абуджала цікавасць да ўдасканалення асобы. Ідэалам грамадзяніна было адзінства фізічнай падрыхтаванасці да ваеннай службы і маральная, інтэлектуальная дасканаласць для выканання выбарных паўнамоцтваў. Таму ў антычнай культуры, асабліва ў старажытнагрэчаскай, ішоў пошук гармоніі развіцця цела і духу.

Сістэма выхавання выпрацоўвала ў грамадзянах пачуццё калектывізму: усе важнейшыя справы юныя грэкі рабілі разам. Пазней іх яшчэ больш аб’ядноўвала ваенная служба, калі яны абаранялі ад ворагаў не толькі поліс, але і адзін аднаго. І ў сталым узросце грамадзяне пастаянна сустракаліся на народных сходах, на рэлігійныя святы, у тэатры. Самым страшным пакараннем было часовае або пастаяннае выгнанне з поліса.

Але адначасова жыццё грамадзян было пабудавана на прынцыпе спаборнасці ва ўсіх сферах: у палітычнай дзейнасці пры выбарах, у спорце (яркі прыклад — агульнагрэчаскія Алімпійскія гульні), у мастацтве і філасофіі (пастаянныя спаборніцтвы ладзіліся сярод паэтаў). Падчас святаў гледачы вызначалі лепшага акцёра тэатра і лепшую пастаноўку. Пераможцы ў кожнай галіне дзейнасці карысталіся пашанай. Гэта выхоўвала ў грэках і рымлянах лідарскія здольнасці, многія маглі заняць вядучыя грамадскія і армейскія пасады. Грамадзяне гатовыя былі ўзяць на сябе адказнасць за поспех або няўдачу ў любой справе.