Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

7–1. Светаўспрыманне і рэлігіі антычнасці

Якія антычныя каштоўнасці захаваліся ў сучасным свеце?

Якім быў дзяржаўны лад старажытнагрэчаскіх полісаў? Якімі правамі валодалі грамадзяне поліса?

Успомніце азначэнне паняцця «грамадзянін». 

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Падручнік: 7–1. Светаўспрыманне і рэлігіі антычнасці
Надрукаваны: Гость
Дата: Нядзеля 19 Травень 2024 10:44

1. Сістэма жыццёвых каштоўнасцяў грамадзяніна поліса

Статус грамадзяніна фарміраваў у грэкаў і рымлян асаблівае светаўспрыманне. Свабодныя грамадзяне імкнуліся ўдасканальваць сябе праз адукацыю і фізічныя практыкаванні. Гэта павышала іх сацыяльны статус. Грэкаў і рымлян цікавілі не толькі пытанні ўладкавання і паходжання навакольнага свету, але і законы грамадскага развіцця, рэальныя магчымасці і здольнасці кожнага чалавека.

Поліс — гэта не толькі горад, але і калектыў свабодных грамадзян, якія ў ім жылі. Кожны з іх меў палітычныя правы і зямлю, станавіўся ваяром у перыяд вайны. Гэта фарміравала пэўныя асаблівасці палітычнай свядомасці і грамадскай псіхалогіі. Грэкі і рымляне мелі ўсе правы і асабістую свабоду, пакуль існаваў іх поліс, таму ўсімі сіламі абаранялі яго незалежнасць. Калектыўныя каштоўнасці ў полісе пераважалі над асабістымі. Важнай рысай грамадзяніна лічыўся патрыятызм. Аднак, з іншага боку, узвышэнне і росквіт поліса вялі да ўзбагачэння яго грамадзян.

Найважнейшай каштоўнасцю для грэкаў і рымлян была свабода, якая суадносілася з іх палітычнымі правамі. Важнай была ідэя роўнасці грамадзян, у тым ліку перад законам. Грамадзянін меў права выбіраць прадстаўнікоў улады поліса на пэўны тэрмін, яго самога маглі абраць у органы кіравання. Грамадзяне валодалі высокай палітычнай актыўнасцю, усведамлялі сваю адказнасць перад грамадствам. Найбольш поўна гэта выявілася ў перыяд існавання дэмакратыі. Полісныя каштоўнасці з ідэямі свабоды выключалі сляпое падпарадкаванне грамадзян асобе правіцеля. Дэмакратыя стала поўнай супрацьлегласцю дэспатыі як форме дзяржаўнага ладу, што існавала на Старажытным Усходзе. Грэкі і рымляне былі ўпэўненыя ў перавагах сваёй сістэмы палітычнага кіравання.

Жыццё ў полісе давала чалавеку магчымасць рэалізаваць сябе, а гэта, у сваю чаргу, абуджала цікавасць да ўдасканалення асобы. Ідэалам грамадзяніна было адзінства фізічнай падрыхтаванасці да ваеннай службы і маральная, інтэлектуальная дасканаласць для выканання выбарных паўнамоцтваў. Таму ў антычнай культуры, асабліва ў старажытнагрэчаскай, ішоў пошук гармоніі развіцця цела і духу.

Сістэма выхавання выпрацоўвала ў грамадзянах пачуццё калектывізму: усе важнейшыя справы юныя грэкі рабілі разам. Пазней іх яшчэ больш аб’ядноўвала ваенная служба, калі яны абаранялі ад ворагаў не толькі поліс, але і адзін аднаго. І ў сталым узросце грамадзяне пастаянна сустракаліся на народных сходах, на рэлігійныя святы, у тэатры. Самым страшным пакараннем было часовае або пастаяннае выгнанне з поліса.

Але адначасова жыццё грамадзян было пабудавана на прынцыпе спаборнасці ва ўсіх сферах: у палітычнай дзейнасці пры выбарах, у спорце (яркі прыклад — агульнагрэчаскія Алімпійскія гульні), у мастацтве і філасофіі (пастаянныя спаборніцтвы ладзіліся сярод паэтаў). Падчас святаў гледачы вызначалі лепшага акцёра тэатра і лепшую пастаноўку. Пераможцы ў кожнай галіне дзейнасці карысталіся пашанай. Гэта выхоўвала ў грэках і рымлянах лідарскія здольнасці, многія маглі заняць вядучыя грамадскія і армейскія пасады. Грамадзяне гатовыя былі ўзяць на сябе адказнасць за поспех або няўдачу ў любой справе.

2. Свет — багі — чалавек — поліс

У старажытнасці асновай разумення навакольнага свету была міфалогія, у якой божаствы жылі і дзейнічалі побач з людзьмі. Рэальны свет увасабляўся ў фантастычных карцінах міфалагічных апавяданняў і паданняў.

У Старажытнай Грэцыі сфарміраваўся адзіны пантэон, які ведалі і шанавалі ўсе грэкі. Дзе б ні пражываў элін, ён прыходзіў у Алімпію на спартыўныя спаборніцтвы і пакланяўся Зеўсу ў яго храме, накіроўваўся за самымі правільнымі прадказаннямі ў храм Апалона ў Дэльфах і ўшаноўваў мудрасць багіні Афіны ў храмах афінскага Акропаля.

Грэкі лічылі, што ўсім светам кіруюць багі, адносіны паміж якімі ўяўляліся падобнымі да людскіх узаемаадносін. Багі жылі сем'ямі. Некалькі пакаленняў божастваў увасаблялі розныя этапы развіцця сусвету. Багі варагавалі і ваявалі паміж сабой, залучаючы ў свае войны людзей. Верылі, што галоўныя багі жылі на гары Алімп — самай высокай гары з вядомых грэкам. Свет багоў меў  сацыяльную структуру: галоўным бажаством лічыўся бог маланак і навальніцы Зеўс, астатнія павінны былі падпарадкоўвацца яму, а часам падвяргаліся яго пакаранням. Багі жылі як людзі: яны елі і пілі, любілі і ненавідзелі, нават мелі фізічныя недахопы (напрыклад, бог кавальскага рамяства Гефест быў кульгавы). Грэкі прыпісвалі сваім багам усе «чалавечыя» якасці і пачуцці: станоўчыя (напрыклад, радасць і цікаўнасць, спачуванне і клопат) і адмоўныя (ненавісць і зайздрасць, помслівасць і гатоўнасць да здрады). Лічылася, што багі непасрэдна ўдзельнічалі ў жыцці людзей. Іх жаданні і імкненні былі зразумелыя грэкам, якія нават высмейвалі іх, напрыклад, у тэатральных пастаноўках.

Кожны поліс лічыў, што ім апякуецца нейкі з магутных багоў. Напрыклад, лёгка здагадацца, заступніцай якога поліса была багіня Афіна. Такія багі ўспрымаліся практычна як члены самога калектыву грамадзян, але значна больш магутныя. На іх спадзяваліся як на заступнікаў і абаронцаў,што клапаціліся пра дабрабыт і росквіт поліса. На думку грэкаў і рымлян, багі давалі людзям магчымасць праяўляць ініцыятыву ў жыцці, хоць нярэдка каралі за памылкі. Вельмі важна, што антычнае разуменне рэлігіі не перашкаджала развіццю грамадскай ініцыятывы, не навязвала дробязных рэлігійных правіл, адкрывала магчымасці для з'яўлення чагосьці новага ў грамадскім і культурным жыцці.

Антычная міфалогія падарыла нам мноства цікавых вобразаў і сюжэтаў, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў культуры і сёння. Мноства паэтаў і мастакоў, скульптараў і пісьменнікаў звяртаюцца да іх у сваёй творчасці.

3. Старажытнагрэчаская філасофія

Веліч старажытнагрэчаскай цывілізацыі была ў тым, што ў адрозненне ад іншых старажытных народаў, грэкі паставілі пад сумнеў міфалогію, ідэі пра боскі ўплыў на жыццё чалавека і паспрабавалі растлумачыць усё, што адбываецца ў свеце, рацыянальна, г. зн. з дапамогай навукі.

Некаторыя грэчаскія філосафы нават сумняваліся ў існаванні багоў. Напрыклад, Пратагор, які жыў у V — пачатку IV ст. да н. э., пісаў: «Адносна багоў я не ведаю, існуюць яны ці не, таму што ёсць шмат рэчаў, якія перашкаджаюць разуменню гэтага: незразумеласць прадмета і кароткасць чалавечага жыцця».

Філосафаў займала пытанне пошуку першаэлемента, які даў пачатак свету. Так, ва ўяўленні Фалеса першаэлементам была вада, якая ў выніку бясконцых змяненняў стварае ўсё, што чалавек бачыць вакол сябе. Другі філосаф, Анаксімен, лічыў першаэлементам паветра, якое, згушчаючыся, утварае ваду, зямлю, камяні і іншыя рэчы. Геракліт выказаў меркаванне, што свет знаходзіцца ў пастаянным руху і зменах: «Усё цячэ, усё змяняецца».

У пошуках адказу на пытанне пра паходжанне і ўладкаванне свету ў старажытнагрэчаскай філасофіі сфарміраваліся два напрамкі: матэрыялізм і ідэалізм. Матэрыялістычныя ідэі адстойваў Дэмакрыт, які лічыў, што свет складаецца з драбнюткіх матэрыяльных часціц — атамаў, якія знаходзяцца ў пастаянным руху. Фактычна гэта адмаўляла ўдзел багоў у працэсе стварэння свету. Прадстаўнікі ідэалізму — у тым ліку Сакрат і Платон — лічылі, што свет, які існуе, з'яўляецца копіяй ідэальнага свету, створанага боскім розумам. Вядомы грэчаскі філосаф Арыстоцель, настаўнік Аляксандра Македонскага, паспрабаваў злучыць ідэалістычны і матэрыялістычны падыходы, сцвярджаючы, што аснова свету — матэрыяльная, але першаштуршком да яго развіцця стала боская воля.

Філосафаў Старажытнай Грэцыі цікавілі не толькі пытанні паходжання і ўладкавання свету, яны таксама займаліся вызначэннем месца чалавека ў свеце, маральным абгрунтаваннем учынкаў людзей. Ролю грамадзян у жыцці поліса вызначыў гісторык Фукідзід, які лічыў, што дзяржава — гэта перш за ўсё людзі. Філосаф Пратагор называў чалавека вышэйшай каштоўнасцю: «Чалавек ёсць цэнтр Сусвету і мера ўсіх рэчаў».

4. Старажытнарымская рэлігія

Старажытнарымская рэлігія фарміравалася як комплекс культаў розных народаў Апенінскага паўвострава. Гэта быў класічны палітэізм з верай у мноства багоў, кожны з якіх меў сваю «сферу дзейнасці». Старажытнагрэчаскія культура і рэлігія ў значнай ступені паўплывалі на станаўленне традыцый рымлян.

У адрозненне ад грэкаў, рымляне не лічылі, што багі жывуць дзесьці ў адным месцы (аналагічным Алімпу). Вялікую ролю ў рымскім жыцці адыгрывалі сямейныя і асабістыя боствы. З самага нараджэння мужчыны  мелі свайго асабістага духа-апекуна — генія, а жанчыны — юнону. Пенатамі называлі духаў — апекуноў жылля. У кожным доме рымляне будавалі ў іх гонар упрыгожаны алтар. Лáры апекаваліся чалавечымі калектывамі — сем'ямі, абшчынамі і г. д. Сачыць за выкананнем пакланення ўсім духам — заступнікам сям'і павінен быў старэйшы мужчына. Сямейныя культы з'ядноўвалі рымлян, бо нават рабы, як лічылася, атрымлівалі заступніцтва сямейных духаў.

Стварэнне моцнай рымскай дзяржавы спрыяла станаўленню моцных дзяржаўных культаў. Ні адно сур'ёзнае рашэнне не прымалася без рытуалаў варажбы. Самая знакамітая калегія жрацоў-варажбітоў — аўгуры — варажыла па палёце птушак і па атмасферных з'явах. Жрацы-пантыфікі вялі каляндар і сачылі за своечасовым правядзеннем святаў і рэлігійных цырымоній.

На галоўнай плошчы Рыма — форуме — размяшчаліся храмы Юпітэра і Сатурна, самых магутных, на думку рымлян, багоў. У храме двухаблічнага бога Януса дзверы адчыняліся на час вайны. Рымскія гісторыкі пісалі, што зачыненыя яны былі толькі некалькі гадоў за ўсю гісторыю краіны. Храм у гонар багіні Весты, апякункі хатняга ачага, сімвалізаваў уяўленне пра дзяржаву як адзіны ачаг для ўсіх рымскіх грамадзян. Самых шанаваных багоў называлі «бацькі» (patres), што таксама адлюстроўвала адчуванне рымлянамі цесных сувязяў з багамі. На форуме размяшчаўся невялікі храм, які лічыўся «пупам горада», цэнтрам усяго свету. Тут жа стаяў пазалочаны слуп, ад якога бралі пачатак ўсе дарогі дзяржавы і ад якога адлічвалася адлегласць.

Пераможныя войны Рыма прывялі да ўзнікнення ўяўленняў пра яго адмысловае боскае прызначэнне — кіраваць усім светам. Была створана міфалагізаваная гісторыя горада, якая тлумачыла яго мінулае і будучыню воляй багоў. Пачатак гэтаму паклаў міф пра заснаванне Рыма братамі Ромулам і Рэмам.

Станаўленне ў Рыме імперыі прывяло да стварэння магутнага дзяржаўнага культу «боскага» імператара. Усё пачалося з абагаўлення сенатам Цэзара пасля яго смерці, а затым і Актавіяна, які яшчэ пры жыцці атрымаў ганаровы тытул Аўгуст ( «узвялічаны багамі, святы»). Імператары не лічыліся багамі, сенат мог і не аб'яўляць памерлага імператара «боствам». Але яны пажыццёва займалі пасаду вярхоўнага жраца. Паўсюль ўсталёўвалі статуі імператараў, перад якімі рымляне прыносілі ахвяры багам у гонар правіцеляў.

Нягледзячы на моцную сувязь рэлігіі з асновамі рымскай дзяржавы, Рым заўсёды быў адкрыты для запазычанняў у рэлігійнай сферы. Разам з рымскімі багамі там ушаноўвалі багоў Грэцыі і краін Блізкага Усходу. Сярод апошніх найбольшай павагі былі ўдастоены егіпецкая багіня ўрадлівасці Ізіда і ваяўнічы іранскі бог Мітра.

Як бачым, старажытнарымская рэлігія развівалася па меры развіцця дзяржавы. Пераходы да новых стадый у гісторыі краіны былі звязаныя са зменамі ў рэлігійным жыцці.

5. Грамадзяне і варвары

Грэкі і рымляне лічылі, што яны пражываюць у цэнтры свету. Яны вельмі ганарыліся ўзроўнем развіцця сваёй культуры і таму супрацьпастаўлялі сябе, свабодных грамадзян полісаў, астатнім народам, якіх называлі варварамі.

Першапачаткова грэкі называлі варварамі прадстаўнікоў усіх плямёнаў і народаў, мова якіх была незразумелай (чулася толькі «бар-бар-бар», barbaros — той, хто невыразна, незразумела размаўляе). Паступова самым важным адрозненнем стала тое, што варвары не былі арганізаваныя як супольнасць грамадзян, у іх мовах не было слова «свабода». Пры гэтым варварамі лічылі як прадстаўнікоў шматлікіх стэпавых і лясных плямёнаў, што стаялі на больш нізкім узроўні культурнага развіцця, так і жыхароў старажытных краін Блізкага Усходу.

У эліністычныя часы грэчаская культура распаўсюдзілася ў асяроддзі варвараў, пачалося ўзаемадзеянне народаў. Вастрыня супрацьпастаўлення знізілася, і паняцце «варвары» сталі прымяняць або да ўсіх, хто жыў за межамі эліністычнага свету, або ў зняважлівым сэнсе.

У Старажытным Рыме варварамі называлі народы, якія пражывалі за межамі дзяржавы, часта варожыя Рыму: кельтаў, германцаў і г. д.

Узаемадзеянне з народамі варвараў было вельмі цесным. Грэкі засноўвалі заморскія калоніі на тэрыторыях, дзе жылі варвары, шмат іх размясцілася на ўзбярэжжы Чорнага мора. Так, грэчаскія полісы Херсанес і Панцікапей амаль тысячу гадоў існавалі на тэрыторыі Крымскага паўвострава. Рымляне таксама пастаянна адчувалі небяспеку з боку варвараў. 

У Паўночным Прычарнамор'і калоніі грэкаў знаходзіліся ў суседстве са шматлікімі качавымі плямёнамі, напрыклад, скіфамі. Узаемадзеянне культур аказалася вельмі плённым. Пад уплывам грэчаскіх рамёстваў у скіфаў расквітнела самабытная культура вырабу шыкоўных упрыгажэнняў з золата для арыстакратыі. Грэкі таксама адчувалі ўплыў культуры варварскіх народаў.

Адначасова качавыя плямёны стваралі пагрозу для дабрабыту прычарнаморскіх гарадоў-полісаў. Напрыклад, у сярэдзіне II ст. да н. э. у залежнасць ад скіфаў трапіла грэчаская калонія Ольвія. Тут чаканілі манеты скіфскага цара Скіла.

Рымляне таксама пастянна адчувалі небяспеку з боку варвараў. Яшчэ ў 390 г. да н. э., калі Рым толькі пачынаў свае заваяванні, нашэсце кельцкіх плямён (якія называлі галамі) магло знішчыць рымскую дзяржаву. Кельты разграмілі рымскае войска і захапілі горад. Насельніцтва апынулася ў асадзе на Капітоліі — умацаваным ўзгорку. Адкупіцца ад кельтаў удалося толькі пры дапамозе велізарнага выкупу.

Варварскія народы час ад часу ўрываліся ў межы рымскай дзяржавы. Іх прываблівалі багацці і ўрадлівыя землі для рассялення. Услед за кельтамі набегі сталі здзяйсняць германцы.

Паходы Гая Юлія Цэзара за Альпы змянілі становішча. Рым хутка стаў уладаром кельцкіх зямель, а потым пачаў наступ на германцаў. Рабы ў вялікай колькасці паступалі на рынкі. Аднак неўзабаве сітуацыя змянілася, і імперыя вымушана была перайсці да абароны. Была створана ўмацаваная памежная паласа — лімес. І ўсё роўна шматлікія германскія плямёны (франкі, готы, вандалы) здзяйснялі жорсткія набегі на Рымскую імперыю. Аслабелая імперыя імкнулася прыміраць варвараў, давала ім землі для рассялення, набірала іх у войска для абароны ад іншых варвараў.

У сярэдзіне IV ст. н. э. пачалося Вялікае перасяленне народаў. Пад ціскам стэпавых плямён гунаў з Цэнтральнай Азіі прыйшлі ў рух германскія плямёны. Спачатку готы, а затым вандалы захоплівалі і рабавалі Рым. У 476 г. менавіта правадыр наймітаў-варвараў зрынуў апошняга правіцеля Заходняй Рымскай імперыі, і яна спыніла сваё існаванне. Германцы рассяліліся на землях заходняй часткі імперыі і ўтварылі там свае дзяржавы.

Аднак культура антычнасці не знікла цалкам. Яе спадчыну захавалі ў тым ліку і варварскія народы.

6. Крызіс грамадзянскіх каштоўнасцяў і распаўсюджанне хрысціянства

Адной з важных прычын падзення антычнай цывілізацыі пад націскам варвараў быў крызіс поліснай сістэмы грамадзянскіх каштоўнасцяў.

Аднаасобная, неабмежаваная ўлада правіцеля ў імперыі Аляксандра Македонскага, у эліністычных дзяржавах, а затым і ў Рымскай імперыі ўступіла ў супярэчнасць з грамадзянскімі каштоўнасцямі. Грамадзянскія правы захоўваліся, аднак жыхары полісаў страцілі асноўныя з іх — выбіраць прадстаўнікоў улады і асабіста ўдзельнічаць у прыняцці законаў. Усе рашэнні прымаліся правіцелямі і іх бюракратычным апаратам. Хоць доўгі час статус грамадзяніна яшчэ даваў рымлянам шмат прывілеяў.

Значная частка грамадзян разбагацела, мела рабоў і латыфундыі. Менавіта яны атрымлівалі прыбытак ад пераможных войнаў Рыма. Багацце стала для іх найвышэйшай каштоўнасцю. Яны служылі ў войску толькі на кіроўных пасадах, і тое неахвотна. Уласныя інтарэсы і асабістая адданасць імператару мелі для іх першараднае значэнне.

Большасць дробных землеўладальнікаў згалела нягледзячы на свой статус грамадзяніна. Яны ішлі служыць у войска, а пасля атрымлівалі зямлю ў далёкіх уладаннях імперыі.

І ўсё ж рымскае грамадзянства заставалася важным. Напрыклад, грамадзяніна маглі судзіць толькі грамадзяне, грамадзяніна нельга было катаваць на следстве і г. д. Але калі ў 212 г. н. э. усё вольнае насельніцтва імперыі атрымала грамадзянскія правы, гэты статус канчаткова страціў каштоўнасць.

Характэрна, што адначасова з гэтымі працэсамі адбылася найважнейшая падзея ў гісторыі Еўропы — у Рымскай імперыі пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Гэтая рэлігія прапанавала новыя каштоўнасці, вызначыла новае бачанне.

У перыяд антычнай цывілізацыі ўзнікла і пашырылася рэлігійнае вучэнне, якое пануе ў Еўропе і цяпер, — ​хрысціянства. Гэтая новая рэлігія вызначыла новае бачанне свету і разуменне сэнсу чалавечага жыцця. Хрысціянства — ​монатэістычная рэлігія, заснаваная на веры ў аднаго ўсёмагутнага Бога-стваральніка. Пасланнікам Бога да людзей быў сын Божы Ісус Хрыстос.

Хрысціянства зарадзілася ў аддаленай правінцыі Рымскай імперыі — ​­Іўдзеі — ​у пачатку I ст. сярод яўрэйскага насельніцтва, якое чакала вызвалення ад рымскага прыгнёту і верыла ў прыход новага яўрэйскага цара. Некаторыя яўрэі палічылі за яго Ісуса з Назарэта, празванага Хрыстом. Калі ён уехаў у Іерусалім, яго сустракалі натоўпы людзей. Але рымскія ўлады схапілі яго і асудзілі да пакутнай смерці на крыжы, паколькі баяліся яўрэйскіх выступленняў. Гэтыя падзеі адбыліся ў Іўдзеі ў перыяд кіравання імператара Тыберыя, рымскага намесніка ў Іўдзеі Понтыя Пілата і яўрэйскага першасвяшчэнніка Іосіфа Каіафы.

Але абшчына паслядоўнікаў Ісуса Хрыста не распалася. Яны верылі, што ён уваскрос з мёртвых і яго цела знікла з магілы ў скале. Яго лічылі сынам Бога, народжаным пасля беззаганнага зачацця зямной дзяўчынай Марыяй. Згодна з хрысціянскімі апісаннямі жыцця Хрыста — ​Евангеллямі, Ісус Хрыстос чыніў цуды і вучыў новаму стаўленню да Бога, новым узаемаадносінам паміж людзьмі. Паводле яго вучэння, чалавек не павінен грашыць, трэба жыць духоўным, чыстым жыццём. У час пропаведзяў Хрыстос заклікаў ратаваць не фізічнае чалавечае цела, а душу для яе існавання пасля смерці ў Царстве Нябес­ным.

У адпаведнасці з Евангеллямі, толькі цераз веру ў Ісуса Хрыста і духоўную любоў да Бога людзі змогуць пазбавіцца грахоў, бед і няшчасцяў. Гэтую веру пачалі распаўсюджваць сярод розных народаў 12 вучняў Хрыста — ​апосталаў. Сімвалам далучэння да хрысціянства стаў абрад хрышчэння. Хрысціянінам мог стаць любы чалавек незалежна ад нацыянальнасці і сацыяльнага становішча. Ужо на мяжы I–II стст. рымляне пісалі аб тым, што ў многіх гарадах імперыі з’явіліся абшчыны хрысціян. І ўсё ж такі спачатку хрысціяне часта зведвалі ганенні з боку ўлад.

Паступова папулярнасць ідэй хрысціянства расла, многія рымскія грамадзяне пачалі вызнаваць гэтае вучэнне. У 313 г. імператар Канстанцін прызнаў хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй і ўраўнаваў у правах з іншымі. У 325 г. у горадзе Нікеі быў сабраны Першы Усяленскі сабор усіх хрысціянскіх абшчын. На ім былі зацверджаны галоўныя палажэнні хрысціянскай веры — ​сімвал веры. Хрысціянская царква была арганізавана як сукупнасць асобных вялікіх самакіраваных абшчын. У 392 г. імператар Феадосій прызнаў хрысціянства адзінай рэлігіяй імперыі, забараніўшы любое пакланенне язычніцкім багам і спыніўшы правядзенне Алімпійскіх гульняў.

Хрысціянінам мог стаць любы чалавек незалежна ад нацыянальнасці або сацыяльнага паходжання. Хрысціянства рабіла ўсё насельніцтва краіны роўным перад Богам, адмаўляла падзел на грамадзян і варвараў. Яно ставіла дасягненне чалавекам маральных ідэалаў вышэй за багацце або становішча ў грамадстве. Менавіта хрысціянскія прынцыпы сталі ідэаламі новай эпохі.

Антычная цывілізацыя выпрацавала грамадзянскія правы, якія замацоўвалі свабоду чалавека, магчымасць выбіраць прадстаўнікоў улады і самому быць выбраным у органы кіравання. Грэкі стварылі развітую рэлігійную і міфалагічную сістэмы, якія пасля былі ўспрынятыя рымлянамі. Грэчаскія багі атрымалі рымскія імёны, а многія міфалагічныя падзеі — прывязку да Апенінскага паўвострава. Узнікненне хрысціянства адкрыла зусім новую старонку рэлігійнага жыцця: прыхільнікам гэтага вучэння мог стаць любы чалавек незалежна ад нацыянальнасці і паходжання. З цягам часу хрысціянства стала найбуйнейшай сусветнай рэлігіяй.

Пытанні

1. Параўнайце рэлігійна-міфалагічны і навуковы падыходы да тлумачэння з'яў навакольнага свету. У чым іх галоўнае адрозненне?

2. Якія пытанні хвалявалі старажытнагрэчаскіх філосафаў і як яны іх вырашалі?

3. Складзіце спіс жыццёвых каштоўнасцяў грамадзяніна поліса. Выкажыце свой пункт гледжання, ці з'яўляюцца яны актуальнымі для сучаснага грамадства.

4. Якімі былі ўзаемаадносіны насельніцтва Рымскай імперыі і варвараў? Ад чаго мог залежаць характар гэтых адносін? Якія прычыны, на ваш погляд, абумовілі перамогу варвараў над велізарнай Рымскай імперыяй?

5. На прыкладзе аднаго са старажытнагрэчаскіх міфаў пакажыце асаблівасці дзяржаўнага кіравання або грамадскіх адносін таго часу ў антычным свеце.

6. Чым антычнае разуменне месца чалавека ў грамадстве і дзяржаве адрознівалася ад хрысціянскага?

7. Правядзіце ў класе дыскусію па пытанні падабенстваў і адрозненняў у светаўспрыманні антычнага і сучаснага чалавека.