*§ 55—1. Экалагічныя праблемы лесу

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Пералічыце экалагічныя праблемы лясоў Беларусі.
2. Суаднясіце ролю лесу з яе характарыстыкай. 
Роля лесу: 1) экалагічная; 2) эканамічная; 3) сацыяльная.
Характарыстыка: а) месца адпачынку і аздараўлення людзей; б) забеспячэнне ўсяго жывога кіслародам; в) выраб будаўнічых матэрыялаў; г) выкарыстанне драўніны як паліва; д) крыніца натхнення для паэтаў і мастакоў.

3. Што служыць прычынай усыхання лясоў у Беларусі?
4. Якія меры барацьбы з жуком караедам вам вядомыя?
5. Прапануйце мерапрыемствы для прадухілення пажараў у лесе.

    Складаныя пытанні

1. Як вы лічыце, якое значэнне для лясоў Беларусі мае тое, што 5,2 % ляснога фонду належыць запаведнікам і нацыянальным паркам? Адказ абгрунтуйце.
2. Чаму мяшаны лес больш устойлівая экасістэма, чым хвойны?
3. Пры правільным вядзенні лясной гаспадаркі пасля высечкі лесу прасеку цалкам чысцяць ад галля і рэшткаў драўніны. Ссечаныя ствалы, якія на лета часова пакідаюцца ў лесе, трэба чысціць ад кары. Якое значэнне для лесу маюць гэтыя правілы?
4. У суткі чалавек спажывае 0,8 кг кіслароду, пры фізічнай нагрузцы — да 1,3 кг. Сярэдняе дрэва вылучае за суткі 0,2 кг кіслароду. Колькі дрэў павінна прыпадаць на аднаго чалавека, каб нам лёгка дыхалася? Колькі дрэў павінна быць пасаджана ў парку, каб у ім маглі камфортна сябе адчуваць 200 чалавек?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Распрацуйце памятку «Правілы паводзін у лесе».