Печатать книгуПечатать книгу

*§ 55—1. Экалагічныя праблемы лесу

  • Успомніце, якія фактары належаць да антрапагенных.
  • Як вы думаеце? Ці існуе сувязь паміж экалагічным станам прыроды, здароўем чалавека і ступенню ўплыву антрапагенных фактараў на прыроду?
  • Вы даведаецеся, якія экалагічныя праблемы, звязаныя з дзейнасцю чалавека, характэрны для лесу.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 10 клас
Книга: *§ 55—1. Экалагічныя праблемы лесу
Напечатано:: Госць
Дата: Пятница, 17 Май 2024, 06:03

Прэамбула

Экалагічныя праблемы сучаснага свету ўяўляюць сур’ёзную небяспеку для планеты Зямля. Каля 10—15 % паверхні сушы разарана, 25 % уяўляюць сабой пашы. Калі да гэтага дабавіць 3—5 % паверхні, занятай транспартнай сеткай, прамысловасцю, будынкамі і збудаваннямі, 1—2 % тэрыторыі Зямлі, пашкоджанай распрацоўкамі карысных выкапняў, то выявіцца, што амаль палова паверхні сушы відазменена чалавекам. Нерацыянальная дзейнасць чалавека прыносіць сур’ёзную шкоду прыродным экасістэмам. Яна ўжо прывяла да збяднення глеб і рэсурсаў прэсных вод, скарачэння плошчы лясоў, знікнення відаў жывёл і раслін, глабальнага забруджвання навакольнага асяроддзя, парніковага эфекту і змянення клімату. Узмацненне гэтых глабальных праблем сігналізуе пра сур’ёзны экалагічны крызіс.

Значэнне лесу

Значэнне лесу ў жыцці чалавека мае экалагічны, сацыяльны і эканамічны складальнікі. Лясы жыццёва важныя як для людзей, так і для планеты.

Іх экалагічная роля заключаецца ў забеспячэнні чыстым паветрам і вадой, захаванні глебы і водных рэсурсаў, змякчэнні наступстваў змянення клімату. Лясныя экасістэмы ўзбагачаюць атмасферу кіслародам, таму іх па праву называюць зялёнымі лёгкімі планеты. Лясы служаць месцам росту і жыцця больш за begin mathsize 14px style 3 over 4 end style відаў, якія складаюць біяразнастайнасць, і выконваюць найважнейшыя функцыі ў біялагічным і геалагічным кругаваротах рэчываў.

Эканамічная роля лесу заключаецца ў выкарыстанні лясных рэсурсаў у гаспадарчай дзейнасці. Лясы з’яўляюцца крыніцай харчавання, лекаў і паліва. З драўніны вырабляюць будаўнічыя матэрыялы, паперу, мэблю, драўнянае паліва. Ігліца і кара дрэў служаць матэрыялам шмат для якіх галін хімічнай прамысловасці.

Сацыяльная роля лесу заключаецца ў тым, што ён з’яўляецца месцам адпачынку і аздараўлення людзей, крыніцай натхнення для паэтаў і мастакоў. 

Экалагічныя праблемы лесу

1500 гадоў назад лясы займалі 7 млрд га плошчы сушы. Сёння — не больш за 4 млрд га. Гэта складае прыкладна 27 % паверхні сушы. У Беларусі ў цяперашні час лясы займаюць 41,4 % агульнай плошчы дзяржавы. Каля 5,2 % ляснога фонду належыць запаведнікам і нацыянальным паркам. Ва ўмовах Беларусі 1 га лесу ў сярэднім у год вылучае каля 35 млн т кіслароду.  

Знікненне лясоў — сусветная экалагічная праблема. За апошнія 25 гадоў адзначаецца рэзкае скарачэнне плошчы лясных угоддзяў. Адна з прычын — змяненне клімату. У Беларусі сярэднегадавая тэмпература за апошнія два дзесяцігоддзі павялічылася прыкладна на 1,3 ºC. Колькасць ападкаў, за выключэннем паўночных раёнаў, скарацілася на 2—6 %. У выніку гэтага назіраецца зрух кліматычных зон. Працяглыя засушлівыя ўмовы правакуюць рэзкае паніжэнне ўзроўню грунтавых вод. Ва ўмовах абмежавання доступу вады і пажыўных рэчываў, хранічнага недахопу атмасфернай вільгаці для транспірацыі дрэвы губляюць свае ахоўныя механізмы і пачынаюць усыхаць.

Усыханне лясоў — праблема не толькі Беларусі. Гэта з’ява, што назіраецца ў апошнія 15—20 гадоў, закранула шмат якія дзяржавы Еўропы. 

У выніку — бураломы і пашкоджанні драўніны жукамі караедамі. Караеды выбіраюць аслабленыя адзіночныя дрэвы (хвойныя пароды) для сваіх атак. Старыя павалы, сухія і хворыя дрэвы становяцца ачагамі размнажэння жука. Штогод па ўсёй краіне губляецца да 20 тыс. га яловых лясоў. 

У апошнія гады колькасць жукоў караедаў рэзка ўзрасла. Яны пашкоджваюць усё новыя масівы лесу. Каб супрацьстаяць наступленню караедаў, высякаюцца тысячы гектараў дрэвастою. Гэта служыць прычынай скарачэння лясных масіваў.

У цяперашні час адзначаецца рост нагрузак на лясныя экасістэмы з боку чалавека. Асноўнымі фактарамі ўздзеяння з’яўляюцца: высечка, браканьерства, пажары, выкарыстанне лясных зямель пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі, прамысловае і горадабудаўніцтва, забруджванне лясных масіваў прамысловымі (уключаючы і радыенукліды) і бытавымі адходамі.

Лясныя пажары прыносяць вялікую шкоду лясной гаспадарцы Рэспублікі Беларусь. Яны ўзнікаюць, галоўным чынам, у сувязі з засухамі ў летні перыяд і ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём.

Часцей за ўсё лясныя пажары ўзнікаюць па віне людзей, якія пакідаюць непатушаныя вогнішчы ці акуркі ў месцах адпачынку або правядзення работ, пры гульнях дзяцей з агнём, спальванні смецця ўладальнікамі садовых участкаў на ўзлесках. У рэдкіх выпадках лясныя пажары ўзнікаюць у выніку натуральных прычын: удару маланкі, самазагарання тарфянішча. У Беларусі экстрэмальныя пажаранебяспечныя сезоны назіраюцца 2—3 разы ў дзесяцігоддзе. Штогод узнікае ў сярэднім 850 лясных пажараў, якія ахопліваюць плошчу да 22 тыс. га.

Высечка лясоў. Для атрымання драўнянай сыравіны ў Беларусі штогод высякаецца 28—30 тыс. га спелых дрэвастояў. На плошчах, якія высякаюцца, штогод высаджваецца да 20—25 тыс. га дрэвавых культур, а на астатніх плошчах адбываецца натуральнае зарастанне. У цяперашні час у Беларусі натуральныя згуртаванні лясоў складаюць каля 52 %, а штучныя — 48 %. 

Забруджванне лясоў

Адной з праблем лясоў Беларусі з’яўляецца забруджванне радыенуклідамі. Да 70 % выкінутых з аварыйнага рэактара радыенуклідаў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС разам з ападкамі выпала на тэрыторыі нашай краіны. Пры гэтым лясы акумулявалі ад 20 да 30 % іх агульнай колькасці. Больш за 25 % ляснога фонду Рэспублікі Беларусь было забруджана радыенуклідамі, якія ўключыліся ў замкнуты біялагічны кругаварот і мігрыравалі па трафічных ланцугах. На забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях арганізавана асаблівая сістэма вядзення лясной гаспадаркі. Лясная прадукцыя, нарыхтоўка якой ажыццяўляецца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, трапляе пад радыяцыйны кантроль і падлягае рэалізацыі пры адпаведнасці ўстаноўленым дапушчальным узроўням. Пастаўка лясной прадукцыі спажыўцу суправаджаецца дакументам, якія пацвярджаюць яе радыяцыйную бяспеку, — пашпартам радыяцыйнай бяспекі.

Радыеактыўнае забруджванне лясоў пасля Чарнобыльскай катастрофы паступова зніжаецца ў сувязі з распадам радыенуклідаў. Радыяцыйнае становішча ўвесь час кантралюецца. У цяперашні час плошча ляснога фонду ў зонах радыеактыўнага забруджвання Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь складае 19,5 % агульнай плошчы ляснога фонду.

Яшчэ адна вельмі вострая праблема лясоў — забруджванне бытавымі адходамі. Вялікія страты лесу прыносіць смецце, якое пакідаюць у лесе адпачывальнікі, ствараючы тым самым звалкі. Ва ўсім свеце звалкі займаюць сотні тысяч гектараў зямлі. Для захавання 1 т цвёрдых камунальных адходаў патрабуецца каля 3 м2 плошчы зямлі.

За парушэнні ў вобласці абыходжання з адходамі — засмечванне лесу ці дрэвава-хмызняковай расліннасці адходамі — заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць.

На сённяшні дзень пытанне рашэння экалагічных праблем лясоў Беларусі застаецца дастаткова актуальным. Таму клопат пра лясы з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі з прыцягненнем грамадскага кантролю і валанцёраў.

Паўторым галоўнае. У цяперашні час 41,4 % тэрыторыі Беларусі занята лясамі. Для жыцця чалавека лясы маюць вялікае значэнне, якое ўключае экалагічны, сацыяльны і эканамічны складальнікі. Аднак на стан і прадукцыйнасць лясоў неспрыяльна ўплываюць такія сучасныя экалагічныя праблемы, як размнажэнне шкоднікаў, лясныя пажары, зніжэнне ўзроўню грунтавых вод, забруджванні радыенуклідамі і бытавым смеццем. Усё гэта прыводзіць да значнага скарачэння  плошчы лясоў у Беларусі.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. Пералічыце экалагічныя праблемы лясоў Беларусі.
2. Суаднясіце ролю лесу з яе характарыстыкай. 
Роля лесу: 1) экалагічная; 2) эканамічная; 3) сацыяльная.
Характарыстыка: а) месца адпачынку і аздараўлення людзей; б) забеспячэнне ўсяго жывога кіслародам; в) выраб будаўнічых матэрыялаў; г) выкарыстанне драўніны як паліва; д) крыніца натхнення для паэтаў і мастакоў.

3. Што служыць прычынай усыхання лясоў у Беларусі?
4. Якія меры барацьбы з жуком караедам вам вядомыя?
5. Прапануйце мерапрыемствы для прадухілення пажараў у лесе.

    Складаныя пытанні

1. Як вы лічыце, якое значэнне для лясоў Беларусі мае тое, што 5,2 % ляснога фонду належыць запаведнікам і нацыянальным паркам? Адказ абгрунтуйце.
2. Чаму мяшаны лес больш устойлівая экасістэма, чым хвойны?
3. Пры правільным вядзенні лясной гаспадаркі пасля высечкі лесу прасеку цалкам чысцяць ад галля і рэшткаў драўніны. Ссечаныя ствалы, якія на лета часова пакідаюцца ў лесе, трэба чысціць ад кары. Якое значэнне для лесу маюць гэтыя правілы?
4. У суткі чалавек спажывае 0,8 кг кіслароду, пры фізічнай нагрузцы — да 1,3 кг. Сярэдняе дрэва вылучае за суткі 0,2 кг кіслароду. Колькі дрэў павінна прыпадаць на аднаго чалавека, каб нам лёгка дыхалася? Колькі дрэў павінна быць пасаджана ў парку, каб у ім маглі камфортна сябе адчуваць 200 чалавек?

Індывідуальнае дамашняе заданне. Распрацуйце памятку «Правілы паводзін у лесе».