*§ 55—1. Экалагічныя праблемы лесу

Забруджванне лясоў

Адной з праблем лясоў Беларусі з’яўляецца забруджванне радыенуклідамі. Да 70 % выкінутых з аварыйнага рэактара радыенуклідаў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС разам з ападкамі выпала на тэрыторыі нашай краіны. Пры гэтым лясы акумулявалі ад 20 да 30 % іх агульнай колькасці. Больш за 25 % ляснога фонду Рэспублікі Беларусь было забруджана радыенуклідамі, якія ўключыліся ў замкнуты біялагічны кругаварот і мігрыравалі па трафічных ланцугах. На забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях арганізавана асаблівая сістэма вядзення лясной гаспадаркі. Лясная прадукцыя, нарыхтоўка якой ажыццяўляецца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, трапляе пад радыяцыйны кантроль і падлягае рэалізацыі пры адпаведнасці ўстаноўленым дапушчальным узроўням. Пастаўка лясной прадукцыі спажыўцу суправаджаецца дакументам, якія пацвярджаюць яе радыяцыйную бяспеку, — пашпартам радыяцыйнай бяспекі.

Радыеактыўнае забруджванне лясоў пасля Чарнобыльскай катастрофы паступова зніжаецца ў сувязі з распадам радыенуклідаў. Радыяцыйнае становішча ўвесь час кантралюецца. У цяперашні час плошча ляснога фонду ў зонах радыеактыўнага забруджвання Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь складае 19,5 % агульнай плошчы ляснога фонду.

Яшчэ адна вельмі вострая праблема лясоў — забруджванне бытавымі адходамі. Вялікія страты лесу прыносіць смецце, якое пакідаюць у лесе адпачывальнікі, ствараючы тым самым звалкі. Ва ўсім свеце звалкі займаюць сотні тысяч гектараў зямлі. Для захавання 1 т цвёрдых камунальных адходаў патрабуецца каля 3 м2 плошчы зямлі.

За парушэнні ў вобласці абыходжання з адходамі — засмечванне лесу ці дрэвава-хмызняковай расліннасці адходамі — заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць.

На сённяшні дзень пытанне рашэння экалагічных праблем лясоў Беларусі застаецца дастаткова актуальным. Таму клопат пра лясы з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі з прыцягненнем грамадскага кантролю і валанцёраў.

Паўторым галоўнае. У цяперашні час 41,4 % тэрыторыі Беларусі занята лясамі. Для жыцця чалавека лясы маюць вялікае значэнне, якое ўключае экалагічны, сацыяльны і эканамічны складальнікі. Аднак на стан і прадукцыйнасць лясоў неспрыяльна ўплываюць такія сучасныя экалагічныя праблемы, як размнажэнне шкоднікаў, лясныя пажары, зніжэнне ўзроўню грунтавых вод, забруджванні радыенуклідамі і бытавым смеццем. Усё гэта прыводзіць да значнага скарачэння  плошчы лясоў у Беларусі.