§ 53. Кругаварот рэчываў у біясферы

Кругаварот вугляроду

Вуглярод у атмасферы змяшчаецца галоўным чынам у складзе вуглякіслага газу. Першасная крыніца вуглякіслага газу — вулканічная дзейнасць. Біясферны цыкл вугляроду пачынаецца з працэсу фотасінтэзу. Штогод у яго ўцягваецца да 50 млрд т вугляроду. Расліны паглынаюць яго ў складзе вуглякіслага газу. Арганічныя рэчывы, якія імі прадуцыруюцца, змяшчаюць значную колькасць вугляроду (больш за 50 % вугляроду біясферы змяшчаецца ў цэлюлозе раслін). Гэтыя рэчывы выкарыстоўваюць самі расліны і жывёлы (кансументы) для атрымання энергіі. Акрамя таго, злучэнні вугляроду выкарыстоўваюцца марскімі арганізмамі для пабудовы ракавін і шкілетных утварэнняў. Адначасова з гэтым адбываецца адваротны працэс. Вуглярод вяртаецца ў асяроддзе, замыкаючы цыкл, двума шляхамі. Першы шлях — у выглядзе вуглякіслага газу, які ўтвараецца ў працэсе дыхання жывых арганізмаў. Другі шлях — раскладанне (мінералізацыя) дэтрыту рэдуцентамі. Адзін цыкл кругавароту вуглякіслага газу праходзіць за 300 гадоў.

Аднак цыкл кругавароту вугляроду замкнуты не цалкам. Частка вугляроду, як ужо адзначалася, на працяглы час выводзіцца з кругавароту, канцэнтруючыся ў залежах торфу, каменнага вугалю, нафты і гаручых сланцаў, якія ўтвараюцца пры раскладанні мёртвых арганізмаў без доступу кіслароду. Вуглярод таксама фарміруе магутныя адклады вапнякоў на дне мораў і акіянаў, якія ўтварыліся з рэшткаў ракавін і шкілетаў адмерлых марскіх арганізмаў.

Пры спальванні выкапнёвага паліва, якое выкарыстоўваецца чалавекам для атрымання энергіі, утвараецца вуглякіслы газ, які вяртаецца ў атмасферу. За кошт гэтага за апошнія сто гадоў яго ўтрыманне ў атмасферы ўзрасло на 25 %, што парушае адрэгуляваны стагоддзямі кругаварот вугляроду.