§ 53. Кругаварот рэчываў у біясферы

Прэамбула

Асновай жыцця на Зямлі з’яўляюцца кругавароты рэчываў у біясферы і пастаянны прыток сонечнай энергіі. Кругаварот рэчываў — цыклічны, шматразова паўтаральны працэс перамяшчэння і пераходу хімічных элементаў з жывых цел у злучэнні нежывой прыроды і наадварот. З выкарыстаннем сонечнай энергіі на планеце працякае два ўзаемазвязаныя кругавароты рэчываў: вялікі — геалагічны і малы — біялагічны.

Геалагічны (вялікі) кругаварот рэчываў — працэс міграцыі рэчываў і прыродных вод, які адбываецца ў выніку ўздзеяння абіятычных фактараў (фактараў нежывой прыроды). Пры вялікім геалагічным кругавароце, які праходзіць мільёны гадоў, горныя пароды разбураюцца, выветрываюцца, рэчывы раствараюцца і трапляюць у Сусветны акіян. Менавіта вялікі кругаварот пастаўляе жывым арганізмам элементы харчавання і шмат у чым вызначае ўмовы іх існавання.

Біялагічны (малы) кругаварот рэчываў — працэс цыркуляцыі рэчываў паміж раслінамі, жывёламі, грыбамі, мікраарганізмамі, атмасферай і глебай. Усе хімічныя элементы, што выкарыстоўваюцца ў працэсах жыццядзейнасці арганізмаў, увесь час перамяшчаюцца, пераходзячы з жывых цел у злучэнні нежывой прыроды і наадварот. Так, у прыродзе з неарганічных рэчываў аўтатрофамі сінтэзуюцца арганічныя рэчывы. Вылучаныя ў працэсе жыццядзейнасці ці пасля гібелі арганізмаў (як аўтатрофаў, так і гетэратрофаў) арганічныя рэчывы праходзяць мінералізацыю, гэта значыць ператварэнне ў неарганічныя рэчывы. Гэтыя неарганічныя рэчывы могуць быць зноў выкарыстаны аўтатрофамі для сінтэзу арганічных рэчываў. Магчымасць шматразовага выкарыстання рэчываў робіць жыццё на Зямлі практычна вечным пры ўмове пастаяннага прытоку патрэбнай колькасці энергіі Сонца.

Геалагічны і біялагічны кругавароты ў сукупнасці фарміруюць агульны біягеахімічны кругаварот рэчываў, аснову якога складаюць цыклы вады, вугляроду, кіслароду і азоту.