§ 53. Кругаварот рэчываў у біясферы

Кругаварот вады

Большая частка біясфернай вады прадстаўлена водамі Сусветнага акіяна і вадой вечных ільдоў. Больш за 99 % усіх запасаў вады ў біясферы знаходзіцца ў цвёрдым стане. Нязначная частка вады знаходзіцца ў газападобным стане — гэта атмасферная вадзяная пара. На выпарэнне вады з паверхні акіянаў і сушы затрачваецца каля паловы ўсёй сонечнай энергіі, што паступае на Зямлю. Пасля выпарэння вада струменямі паветра пераносіцца на розныя адлегласці. Большая яе частка ў выглядзе ападкаў выпадае ў акіян, адкуль інтэнсіўна выпараецца, меншая — на сушу. Лішкі сцякаюцца ў рэкі, азёры, а з іх у Сусветны акіян. Вада, якая выпала на паверхню сушы, спрыяе разбурэнню горных парод, размывае верхні пласт глебы і вяртаецца разам з растворанымі і суспензаванымі ў ёй рэчывамі ў рэкі, моры і акіяны. Такім чынам, вада пераносіць вялізную колькасць неарганічных і арганічных злучэнняў.

У кругавароце вады важную ролю адыгрываюць жывыя арганізмы. Расліны здабываюць ваду з глебы і выпараюць яе ў атмасферу. Маса вады, што пры гэтым выпараецца, можа быць вельмі значная. Так, з 1 га лесу выпараецца 20—50 т вады ў суткі.

Гэта цікава

Каб вырабіць 10 кг біямасы, большасць раслін спажываюць прыкладна 1000 л вады. З гэтай, прапушчанай праз карані, вады прыкладна 991 л ідзе на выпарэнне з паверхні лістоў, што неабходна расліне ў першую чаргу для ахаладжэння. З астатніх 9 л вады 7,5 л захоўваецца ў тканках раслін у выглядзе хімічна свабоднай вады, і толькі 1,5 л выкарыстоўваецца ў працэсе фотасінтэзу.

Жывёльныя арганізмы таксама актыўна ўдзельнічаюць у кругавароце вады. Яны спажываюць ваду для падтрымання працэсаў жыццядзейнасці  і вылучаюць яе з прадуктамі абмену рэчываў.

!  Гэта цікава

Недахоп вады жывёлы адчуваюць надзвычай востра. Так, страта 10 % вады суправаджаецца паслабленнем сардэчнай дзейнасці, павышэннем тэмпературы цела, зніжэннем апетыту і сакрэцыі страўнікавага соку, узбуджэннем нервовай сістэмы, мышачнай дрыготкай, сухасцю і жаўтушнасцю слізістых абалонак. Пры страце жывёльным арганізмам 20 % вады настае смерць.

Кругаварот вады ў цэлым адыгрывае асноўную ролю ў фарміраванні прыродных умоў на нашай планеце.