§ 51. Кампаненты біясферы

Біякоснае рэчыва

Біякоснае рэчыва — вынік узаемадзеяння жывых і косных кампанентаў. Да яго залічваюць глебу, сучасную атмасферу, прыродныя воды. Іх уласцівасці залежаць ад дзейнасці жывога рэчыва. Так, старажытная атмасфера Зямлі ўтварылася ў выніку магутнай вулканічнай і горнаўтваральнай дзейнасці. Значна пазней у яе складзе з’явіўся кісларод як прадукт фотасінтэзу і сфарміравалася сучасная атмасфера. Яе газавы склад вызначаецца суадносінамі біялагічных (фотасінтэз, дыханне) і геахімічных працэсаў. У розных відах біякоснага рэчыва суадносіны жывога і нежывога кампанентаў адрозніваюцца. Напрыклад, глеба змяшчае ў сярэднім 93 % мінеральных і 7 % арганічных рэчываў, утвораных у працэсе жыццядзейнасці жывых арганізмаў.

Паўторым галоўнае. Асноўнымі кампанентамі біясферы з’яўляюцца: жывое, коснае, біякоснае і біягеннае рэчывы. Жывое рэчыва прадстаўлена жывымі арганізмамі, якія насяляюць Зямлю і ўдзельнічаюць у яе пераўтварэнні. Найбольшая маса жывога рэчыва засяроджана на мацерыках. Аднак па прадукцыйнасці першаснага арганічнага рэчыва акіянічная частка не саступае сушы. Біягеннае рэчыва ствараецца ў працэсе жыццядзейнасці жывых арганізмаў або ў выніку іх адмірання. Коснае рэчыва — гэта неарганічныя рэсурсы біясферы, якія ўтвараюцца без удзелу жывых арганізмаў. Біякоснае рэчыва — вынік узаемадзеяння жывых і косных кампанентаў біясферы.