Print bookPrint book

§ 51. Кампаненты біясферы

  • Успомніце, чым адрозніваюцца жывыя абʼекты прыроды ад нежывых.
  • Як вы думаеце? Якую ролю адыгрываюць жывыя арганізмы ў глабальнай экасістэме — біясферы?
  • Вы даведаецеся пра асноўныя кампаненты біясферы. 

Site: Профильное обучение
Course: Біялогія. 10 клас
Book: § 51. Кампаненты біясферы
Printed by: Гость
Date: Friday, 17 May 2024, 7:41 AM

Прэамбула

Паводле вучэння У. І. Вернадскага, біясфера складаецца з некалькіх кампанентаў: жывое, біягеннае, коснае, біякоснае і біякоснае рэчывы.

Галоўнае месца ў вучэнні У. І. Вернадскага займае ўяўленне пра жывое рэчыва.

Жывое рэчыва

Жывое рэчыва — сукупнасць жывых арганізмаў, якія насяляюць Зямлю. Маса жывога рэчыва параўнальна малая і складае менш за адну мільённую частку біясферы, што складае менш за адну тысячную масы Зямлі. Нягледзячы на гэта, жывое рэчыва з’яўляецца «самай магутнай геахімічнай сілай нашай планеты», паколькі жывыя арганізмы не проста засяляюць Зямлю, але і пераўтвараюць яе.

*Пры агульным разглядзе біясферы як планетарнай экасістэмы асаблівае значэнне набывае ўяўленне пра яе жывое рэчыва як пра нейкую агульную жывую масу планеты. Пад жывым рэчывам У. І. Вернадскі разумеў усю колькасць жывых арганізмаў планеты як адзінае цэлае. Яго хімічны склад пацвярджае адзінства прыроды — яно складаецца з тых жа элементаў, што і нежывая прырода, толькі суадносіны гэтых элементаў адрозніваюцца і будова малекул іншая.

Біямаса — гэта агульная маса ўсіх жывых арганізмаў, якія прысутнічаюць у біясферы. Вы ўжо ведаеце, што жывыя арганізмы засяляюць зямную паверхню нераўнамерна. Як вы думаеце, чаму працэнтнае ўтрыманне раслін, жывёл і мікраарганізмаў на сушы і ў акіяне адрозніваецца?

                                             Табліца. Маса жывога рэчыва на планеце Зямля

Асяроддзе

Група арганізмаў

Біямаса, х1012 т

Утрыманне, %

Наземна-паветранае

Зялёныя расліны

1,84

99,2

Жывёлы і мікраарганізмы

0,02

0,8

Усяго

1,86

100

Воднае

Фотасінтэзуючыя арганізмы

0,0002

6,3

Жывёлы і мікраарганізмы

0,0030

93,7

Усяго

0,0032

100

Глебавае

Жывёлы і мікраарганізмы

ад 0,015 да 0,023

100

 

Усяго

Агульная біямаса

2, 4382

 

Зыходзячы з даных табліцы, бачна, што асноўная роля на планеце Зямля належыць аўтатрофным раслінам сушы.

Біямаса сушы залежыць ад колькасці цяпла, вільгаці і павялічваецца ад полюсаў да экватара. Біямаса раслін на сушы значна большая за біямасу жывёл, аднак відавая разнастайнасць жывёл у 5 разоў большая за відавую разнастайнасць раслін (1,5—1,7 млн відаў жывёл і прыкладна 300 тыс. відаў раслін). Найбольшая біямаса жывога рэчыва сушы сканцэнтравана ў трапічных і субтрапічных лясах. Яны з’яўляюцца найбольш прадукцыйнымі згуртаваннямі мацерыковай часткі біясферы.

Біямаса акіянічнай часткі біясферы размеркавана нераўнамерна і прадстаўлена пераважна ў верхняй частцы фітапланктонам. Нягледзячы на тое, што біямаса акіянічных жывых арганізмаў у 1000 разоў меншая за біямасу наземных раслін, 80 % першаснай прадукцыі ўтвараецца менавіта ў акіяне. Гэта звязана з высокай хуткасцю росту і размнажэння, кароткай працягласцю жыцця прадстаўнікоў фіта- і зоапланктону.

Біямаса глебы прадстаўлена сукупнасцю жывых арганізмаў, якія шчыльна яе засяляюць і адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні глебы. У паверхневых пластах жывуць зялёныя водарасці і цыянабактэрыі, якія забяспечваюць глебу кіслародам, што ўтвараецца ў працэсе фотасінтэзу. Сярод жывёл глебы шматлікімі з’яўляюцца чэрві, мурашкі, кляшчы, сустракаюцца краты. Біямаса толькі дажджавых чарвей у сугліністых глебах дасягае 1,2 т на 1 га. У глебе таксама жыве вялікая колькасць бактэрый — іх налічваецца сотні мільёнаў у 1 г. Усе жывыя арганізмы, якія жывуць у глебе, вядуць вялікую глебаўтваральную работу. Асаблівая роля адводзіцца бактэрыям, якія раскладаюць гумус да мінеральных рэчываў, забяспечваючы ўрадлівасць глебы.

Біягеннае рэчыва

Біягеннае рэчыва ўтвараецца ў працэсе жыццядзейнасці жывых арганізмаў або ў выніку іх адмірання. Яно прадстаўлена асадкавымі пародамі, якія ўтварыліся пры раскладанні рэшткаў жывых арганізмаў ці з прадуктаў іх жыццядзейнасці (вапнякоў, ракушачных парод, гаручых сланцаў, даламітаў, каменнага вугалю, мелу, сапрапелю, торфу, нафты). Біягеннае рэчыва з’яўляецца запасам патэнцыяльнай энергіі.

Коснае рэчыва

Коснае рэчыва — гэта неарганічныя рэсурсы біясферы, якія фарміруюцца без удзелу жывых арганізмаў. Яны ўтвараюцца ў выніку выветрывання горных парод, вывяржэння вулканаў. Па масе коснае рэчыва біясферы значна пераўзыходзіць масу жывога рэчыва і прадстаўлена мінераламі (ізумруд, алмаз, кварц) і горнымі пародамі (граніт, мармур). Паміж жывым і косным рэчывам існуе непарыўная сувязь дзякуючы працэсам дыхання, харчавання і размнажэння жывых арганізмаў. Адбываецца міграцыя атамаў з косных цел біясферы ў жывыя і назад. Узаемадзеянне жывога і коснага рэчыва характарызуецца, перш за ўсё, тым, што частка коснага рэчыва засвойваецца і асімілюецца жывым рэчывам.

Біякоснае рэчыва

Біякоснае рэчыва — вынік узаемадзеяння жывых і косных кампанентаў. Да яго залічваюць глебу, сучасную атмасферу, прыродныя воды. Іх уласцівасці залежаць ад дзейнасці жывога рэчыва. Так, старажытная атмасфера Зямлі ўтварылася ў выніку магутнай вулканічнай і горнаўтваральнай дзейнасці. Значна пазней у яе складзе з’явіўся кісларод як прадукт фотасінтэзу і сфарміравалася сучасная атмасфера. Яе газавы склад вызначаецца суадносінамі біялагічных (фотасінтэз, дыханне) і геахімічных працэсаў. У розных відах біякоснага рэчыва суадносіны жывога і нежывога кампанентаў адрозніваюцца. Напрыклад, глеба змяшчае ў сярэднім 93 % мінеральных і 7 % арганічных рэчываў, утвораных у працэсе жыццядзейнасці жывых арганізмаў.

Паўторым галоўнае. Асноўнымі кампанентамі біясферы з’яўляюцца: жывое, коснае, біякоснае і біягеннае рэчывы. Жывое рэчыва прадстаўлена жывымі арганізмамі, якія насяляюць Зямлю і ўдзельнічаюць у яе пераўтварэнні. Найбольшая маса жывога рэчыва засяроджана на мацерыках. Аднак па прадукцыйнасці першаснага арганічнага рэчыва акіянічная частка не саступае сушы. Біягеннае рэчыва ствараецца ў працэсе жыццядзейнасці жывых арганізмаў або ў выніку іх адмірання. Коснае рэчыва — гэта неарганічныя рэсурсы біясферы, якія ўтвараюцца без удзелу жывых арганізмаў. Біякоснае рэчыва — вынік узаемадзеяння жывых і косных кампанентаў біясферы.

Праверым веды

    Ключавыя пытанні

1. З якіх асноўных кампанентаў складаецца біясфера?
2. У якой частцы біясферы самая вялікая біямаса жывых арганізмаў? З чым гэта звязана?
3. Якія тыпы рэчыва ўтварыліся на Зямлі пры ўдзеле жывога рэчыва? Прывядзіце прыклады.
*4. Да якога рэчыва біясферы належаць нафта, газ, вугаль?

    Складаныя пытанні

1. Чаму біямаса біясферы павялічваецца ад полюсаў да экватара? З чым гэта звязана?
2. Зыходзячы з даных параграфа, разлічыце, колькі тон сухога арганічнага рэчыва ўтвараецца за год у ходзе фотасінтэзу ў Сусветным акіяне. Якое значэнне гэта мае для біясферы ў цэлым?
*3. Устанавіце адпаведнасць паміж кампанентамі біясферы: 1) жывое рэчыва; 2) біягеннае рэчыва; 3) коснае рэчыва; 4) біякоснае рэчыва — і іх прыкладамі: а) вулканічны попел; б) споры бактэрый; в) насенне раслін; г) глеба; д) газы атмасферы; е) каменны вугаль; ж) жывёлы; з) мармур; і) нафта.
*4. Якія з пералічаных кампанентаў літасферы (граніт, каменны вугаль, глеба, пясчанік, мармур, жалезная руда) належаць да біягеннага рэчыва? Адказ абгрунтуйце.
*5. Ці з’яўляецца нафта ўзнаўляльным рэсурсам? Адказ абгрунтуйце.