§ 51. Кампаненты біясферы

Коснае рэчыва

Коснае рэчыва — гэта неарганічныя рэсурсы біясферы, якія фарміруюцца без удзелу жывых арганізмаў. Яны ўтвараюцца ў выніку выветрывання горных парод, вывяржэння вулканаў. Па масе коснае рэчыва біясферы значна пераўзыходзіць масу жывога рэчыва і прадстаўлена мінераламі (ізумруд, алмаз, кварц) і горнымі пародамі (граніт, мармур). Паміж жывым і косным рэчывам існуе непарыўная сувязь дзякуючы працэсам дыхання, харчавання і размнажэння жывых арганізмаў. Адбываецца міграцыя атамаў з косных цел біясферы ў жывыя і назад. Узаемадзеянне жывога і коснага рэчыва характарызуецца, перш за ўсё, тым, што частка коснага рэчыва засвойваецца і асімілюецца жывым рэчывам.