§ 51. Кампаненты біясферы

Жывое рэчыва

Жывое рэчыва — сукупнасць жывых арганізмаў, якія насяляюць Зямлю. Маса жывога рэчыва параўнальна малая і складае менш за адну мільённую частку біясферы, што складае менш за адну тысячную масы Зямлі. Нягледзячы на гэта, жывое рэчыва з’яўляецца «самай магутнай геахімічнай сілай нашай планеты», паколькі жывыя арганізмы не проста засяляюць Зямлю, але і пераўтвараюць яе.

*Пры агульным разглядзе біясферы як планетарнай экасістэмы асаблівае значэнне набывае ўяўленне пра яе жывое рэчыва як пра нейкую агульную жывую масу планеты. Пад жывым рэчывам У. І. Вернадскі разумеў усю колькасць жывых арганізмаў планеты як адзінае цэлае. Яго хімічны склад пацвярджае адзінства прыроды — яно складаецца з тых жа элементаў, што і нежывая прырода, толькі суадносіны гэтых элементаў адрозніваюцца і будова малекул іншая.

Біямаса — гэта агульная маса ўсіх жывых арганізмаў, якія прысутнічаюць у біясферы. Вы ўжо ведаеце, што жывыя арганізмы засяляюць зямную паверхню нераўнамерна. Як вы думаеце, чаму працэнтнае ўтрыманне раслін, жывёл і мікраарганізмаў на сушы і ў акіяне адрозніваецца?

                                             Табліца. Маса жывога рэчыва на планеце Зямля

Асяроддзе

Група арганізмаў

Біямаса, х1012 т

Утрыманне, %

Наземна-паветранае

Зялёныя расліны

1,84

99,2

Жывёлы і мікраарганізмы

0,02

0,8

Усяго

1,86

100

Воднае

Фотасінтэзуючыя арганізмы

0,0002

6,3

Жывёлы і мікраарганізмы

0,0030

93,7

Усяго

0,0032

100

Глебавае

Жывёлы і мікраарганізмы

ад 0,015 да 0,023

100

 

Усяго

Агульная біямаса

2, 4382

 

Зыходзячы з даных табліцы, бачна, што асноўная роля на планеце Зямля належыць аўтатрофным раслінам сушы.

Біямаса сушы залежыць ад колькасці цяпла, вільгаці і павялічваецца ад полюсаў да экватара. Біямаса раслін на сушы значна большая за біямасу жывёл, аднак відавая разнастайнасць жывёл у 5 разоў большая за відавую разнастайнасць раслін (1,5—1,7 млн відаў жывёл і прыкладна 300 тыс. відаў раслін). Найбольшая біямаса жывога рэчыва сушы сканцэнтравана ў трапічных і субтрапічных лясах. Яны з’яўляюцца найбольш прадукцыйнымі згуртаваннямі мацерыковай часткі біясферы.

Біямаса акіянічнай часткі біясферы размеркавана нераўнамерна і прадстаўлена пераважна ў верхняй частцы фітапланктонам. Нягледзячы на тое, што біямаса акіянічных жывых арганізмаў у 1000 разоў меншая за біямасу наземных раслін, 80 % першаснай прадукцыі ўтвараецца менавіта ў акіяне. Гэта звязана з высокай хуткасцю росту і размнажэння, кароткай працягласцю жыцця прадстаўнікоў фіта- і зоапланктону.

Біямаса глебы прадстаўлена сукупнасцю жывых арганізмаў, якія шчыльна яе засяляюць і адыгрываюць важную ролю ў фарміраванні глебы. У паверхневых пластах жывуць зялёныя водарасці і цыянабактэрыі, якія забяспечваюць глебу кіслародам, што ўтвараецца ў працэсе фотасінтэзу. Сярод жывёл глебы шматлікімі з’яўляюцца чэрві, мурашкі, кляшчы, сустракаюцца краты. Біямаса толькі дажджавых чарвей у сугліністых глебах дасягае 1,2 т на 1 га. У глебе таксама жыве вялікая колькасць бактэрый — іх налічваецца сотні мільёнаў у 1 г. Усе жывыя арганізмы, якія жывуць у глебе, вядуць вялікую глебаўтваральную работу. Асаблівая роля адводзіцца бактэрыям, якія раскладаюць гумус да мінеральных рэчываў, забяспечваючы ўрадлівасць глебы.