§ 50. Біясфера і яе межы

Біясфера

Біясфера (ад грэч.  bίos — жыццё і сфера spháira — шар) — абалонка Зямлі, створаная і заселеная жывымі арганізмамі.

Тэрмін «біясфера» ў 1875 г. увёў у навуку аўстрыйскі геолаг Э. Зюс. Паняцце «біясфера» ён тлумачыў як «тонкую плеўку жыцця на зямной паверхні, якая ў значнай меры вызначае аблічча Зямлі». 

Годам з’яўлення вучэння пра біясферу лічыцца 1926 г., калі выйшла кніга рускага вучонага-прыродазнаўца У. І. Вернадскага «Біясфера». Ён абагульніў вялізную колькасць навуковых даных, якія паказваюць на цесную ўзаемасувязь жывога і нежывога рэчыва. Паказаў, што планета Зямля не толькі населена жывымі арганізмамі, але і актыўна імі пераўтвараецца. Падкрэсліваючы геалагічную ролю жывых арганізмаў, У. І. Вернадскі пісаў: «На зямной паверхні няма хімічнай сілы, якая дзейнічае больш пастаянна, а таму больш магутнай, чым жывыя арганізмы, узятыя ў цэлым». З удзелам жывых арганізмаў адбываецца ўтварэнне глебы, асадкавых парод, карысных выкапняў, разбурэнне горных парод, забалочванне.