§ 4–1. Рэлігія у краінах Старажытнага Усходу

5. Роля жрэцтва ў жыцці грамадства

Рэлігія ў старажытнаўсходніх цывілізацыях ахоплівала ўсе бакі жыцця грамадства. Людзі былі вельмі рэлігійнымі. Яны добра ўяўлялі, наколькі ненадзейны іх дабрабыт: адзін ці два неўрадлівыя гады вялі да голаду і высокай смяротнасці. Правіцелі былі зацікаўлены ва ўмацаванні сваёй улады, таму добра ставіліся да абагаўлення сябе народам. Рэлігія ўмацоўвала грамадскую мараль, давала прыклады сацыяльных узаемаадносін і пажаданых з пункту гледжання грамадства паводзін. З іншага боку, яна падтрымлівала і зараджэнне сацыяльнай эксплуатацыі, абгрунтоўваючы ўяўленне пра тое, што адны людзі павінны падпарадкоўвацца іншым і працаваць на іх «па боскай волі». У цэлым развіццё рэлігій спрыяла кансервацыі традыцый, што забяспечвала стабільнасць жыцця грамадства, захаванне палітычнай сістэмы, якая існавала на той час. Правіцелі імкнуліся да падтрымання ўстойлівых рэлігійных сістэм у сваіх краінах і спрыялі будаўніцтву храмаў.

Жрэцтва было важнай сацыяльнай групай у старажытнаўсходнім грамадстве. Асноўным заняткам жрацоў лічылася правядзенне рэлігійных рытуалаў, без чаго, як меркавалі людзі, немагчыма было атрымаць дапамогу багоў. Гэта дзейнасць стала крыніцай высокіх даходаў. Але ўдзел жрацоў у жыцці грамадства не абмяжоўваўся рэлігійнай сферай. Сярод іх было шмат адукаваных людзей, якія ў некаторых краінах станавіліся чыноўнікамі. Напрыклад, жрацы ўдзельнічалі ў арганізацыі земляробчых работ. Шмат у чым гэта было звязана з добрым веданнем астраноміі: яны назіралі за нябеснымі свяціламі, у руху якіх бачылі боскае ўстанаўленне, і вялі каляндар, таму маглі дакладна сказаць, калі трэба рыхтавацца да тых ці іншых работ. У Егіпце менавіта жрацы вылічвалі дату пачатку разліву Ніла, каб фараон мог «аддаць загад» рацэ разлівацца. У храмах пачалі развівацца медыцына, астраномія, аграномія, геаметрыя і г. д. Менавіта жрацы часта лячылі людзей, напрыклад, у Егіпце на аказанні медыцынскай дапамогі спецыялізавалася асобная група жрацоў.

Толькі жрэцкая «вярхушка» карысталася ўладай і валодала багаццямі. Большасць жрацоў не мела ўласнасці і цалкам залежала ад храмавай гаспадаркі, дзе часта сама працавала. Храмы таксама эксплуатавалі працу залежных земляробаў. Неабходна адзначыць, што аснова ўлады жрацоў на Старажытным Усходзе — гэта ўменне выкарыстоўваць людскія страхі і невуцтва. З развіццём грамадства кансерватыўнасць і традыцыйнасць поглядаў жрэцтва ўсё больш тармазілі распаўсюджванне новых ідэй.

У найбольш ранніх рэлігіях Старажытнага Усходу выразна прасочваюцца рысы анімізму эпохі першабытнаабшчыннага грамадства. Аднак дзяржавы, якія  зараджаліся, мелі патрэбу ў адзінай рэлігійнай сістэме, таму з'явіліся пантэоны — прызнаныя афіцыйна іерархіі багоў з зацверджаным культам. Такім чынам узніклі шматлікія політэістычныя рэлігіі. Ва ўсіх дзяржавах з'явіліся згуртаваныя жрэцкія саслоўі, якія праводзілі рэлігійныя абрады. Храмы станавіліся цэнтрамі навуковых ведаў, якія зараджаліся: астраноміі, матэматыкі, геаметрыі, медыцыны. Першая монатэістычная рэлігія з'явілася ў старажытных яўрэяў. Першая сусветная рэлігія — будызм — узнікла ў Індыі і распаўсюдзілася адтуль на Далёкі Усход.