Печатать книгуПечатать книгу

§ 4–1. Рэлігія у краінах Старажытнага Усходу

Чаму да гэтага часу існуюць старажытныя рэлігіі?

Што такое рэлігія? Якія былі прычыны з'яўлення рэлігіі ў першабытным грамадстве? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас; § 2-1 дадзенага дапаможніка)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 4–1. Рэлігія у краінах Старажытнага Усходу
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 07:53

1. Рэлігійныя ўяўленні старажытных егіпцян і жыхароў Міжрэчча

У духоўным жыцці ўсходніх цывілізацый рэлігія адыгрывала значную ролю. Рэлігійныя ўяўленні змяняліся ў залежнасці ад развіцця грамадства. Калі ў найстаражытнейшы перыяд існавалі прымітыўныя вераванні, то з развіццём цывілізацыі рэлігіі станавіліся ўсё больш развітымі і складанымі. Рэлігійныя ідэі ўвасабляліся ў міфах. Для шанавання багоў будаваліся шматлікія храмы, у якіх жрацы, паводле тагачасных уяўленняў, ажыццяўлялі сувязь з імі.

У пачатку існавання старажытнаўсходніх цывілізацый панаваў політэізм — вера ў мноства багоў. Людзі лічылі, што кожны з багоў апякуецца ці пэўнай прыроднай стыхіяй, ці якой-небудзь сферай жыцця грамадства. 

У Старажытным Егіпце багі некалі ўяўляліся людзям у выглядзе жывёл. Пасля іх сталі маляваць з чалавечым целам, але з галавой жывёлы. Традыцыя ўяўляць багоў у такім выглядзе захоўвалася на працягу ўсяго існавання старажытнаегіпецкай цывілізацыі. Навукоўцы выявілі, чаму тая ці іншая жывёла звязвалася з функцыямі пэўнага бога.

Егіпцяне ў старажытнасці разводзілі буйную рагатую жывёлу, і таму божаствы ў вобразе кароў ці быкоў звязваліся з урадлівасцю. Бог-шакал Анубіс стаў заступнікам пераходу людзей у замагільнае царства, бо менавіта шакалаў-падальшчыкаў можна было часцей за ўсё ўбачыць побач з памерлымі. Бог Тот, які ўвасабляў мудрасць і лічыўся заступнікам жрацоў, уяўляўся ў вобразе ібіса. Гэтая птушка асацыявалася з граматнасцю. А багіня-котка Баст (Бастэт) апекавалася хатнім жыццём.

Егіпцяне шанавалі Сонца, звязваючы з ім ідэю існавання свету і паўсюднай справядлівасці. Найбольш шанаваным сонечным бажаством быў бог Амон-Ра, якога ўяўлялі ў чалавечым абліччы.

З развіццём дзяржавы і гаспадаркі распаўсюдзіліся новыя ўяўленні пра багоў. Тлумачэнне змен урадлівых і неўрадлівых сезонаў года старажытнаегіпецкім земляробам даваў міф пра бога Асірыса, што памірае і ўваскрасае, і яго жонку — багіню Ісіду. Асірыс загінуў ад рукі брата, які імкнуўся стаць фараонам. Ісіда зрабіла ўсё, каб, сабраўшы часткі цела каханага, забяспечыць яму замагільнае існаванне. Адраджэнне Асірыса ў замагільным царстве сімвалізавала адраджэнне ўрадлівасці і прыроды. У пазнейшых міфах Асірыс набыў таксама функцыі валадара падземнага царства мёртвых, які вызначаў грахі і заслугі памерлых.

Моцная дзяржава патрабавала рэлігійнага культу кіраўніка. Фараон лічыўся бажаством, сынам бога Сонца Амона-Ра, яго шанавалі як сімвал дабрабыту і працвітання краіны, носьбіта найвышэйшай боскай сілы. Падчас вельмі важнага рытуалу фараон кідаў у Ніл загад разлівацца, увасабляючы сілы ўрадлівасці. Рэлігійнае ўяўленне пра фараона як пра вышэйшае бажаство было важнай рысай дзяржаўных культаў Старажытнага Егіпта. Грандыёзныя пахавальні фараонаў — піраміды — увасобілі ідэю велічы ўлады фараонаў.

Жрацы шматлікіх старажытнаегіпецкіх храмаў у гонар мноства багоў пастаянна канкурыравалі паміж сабой. Аднак нават самыя ўплывовыя жрэцкія групы не маглі разлічваць на адзінаўладдзе. Спроба ўвядзення культу адзінага бога Атона пры фараоне Эхнатоне не стала паспяховай, і старажытнаегіпецкая рэлігія засталася політэістычнай.

У Месапатаміі пачатак развіцця рэлігійных сістэм звязаны з шумерскімі гарадамі-дзяржавамі. Менавіта тут узнік пантэон багоў, які стаў асновай мясцовага політэізму. У далейшым акадцы, вавіланяне, асірыйцы прымалі гэты пантэон, даючы багам свае імёны, дадаючы ў пантэон і свае божаствы. У выніку пры ўсёй разнастайнасці рэлігійных культаў Месапатаміі можна гаварыць аб адзінай рэлігійнай сістэме.

У шумерскім пантэоне галоўную ролю адыгрывала наступная трыяда: бог неба Ан (акадцы і вавіланяне называлі яго Ану), боства водаў і Сусветнага акіяна Энкі (у акадцаў і вавіланян — Эа), бог зямлі Энліль (у акадцаў і вавіланян — Элліль, Бел).

Земляробчы міф пра змену каляндарных сезонаў распавядаў пра багіню кахання і ўрадлівасці Інанну (у вавіланян і асірыйцаў — Іштар), якая сумуе, калі яе каханы вымушаны сысці на час у замагільнае царства, — і ў гэты час зямля страчвае ўрадлівасць. Але варта яму вярнуцца, як Інанна радуецца і ў свет вяртаецца ўрадлівасць.

У Старажытнай Месапатаміі лічылася, што кожны горад мае свайго бога-апекуна. У гэтым рэгіёне часта мяняўся палітычны лідар: шумерскія гарады-дзяржавы, Акад, Вавілонія, Асірыя. Палітычныя пераўтварэнні вялі да змен у пантэоне багоў. Горад, які перемагаў, навязваў іншым свайго бога, ставіў яго на чале пантэона. Так, з узвышэннем Вавілона Мардук, раней малавядомы, стаў вярхоўным бажаством усёй Месапатаміі.

Правіцель у Месапатаміі не лічыўся бажаством, але існавала ўяўленне, што ён атрымліваў усё з рук бостваў, нават сваю ўладу. На стэле з законамі Хамурапі была зроблена выява: уладар стаіць перад тронам бога сонца Шамаша. Лічылася, што менавіта бажаство дало «боскія» законы грамадству.

Жрэцтва ў Месапатаміі, як і ў Егіпце, ушаноўвала шматлікіх багоў і не было аб'яднана. Жрацы мелі значны ўплыў на грамадства.

Шумерская і месапатамская культуры падарылі чалавецтву першы твор, у якім было пастаўлена пытанне пра межы магчымасцяў чалавека перад багамі. Вершаваны «Эпас пра Гільгамеша» прысвечаны подзвігам Гільгамеша, рэальнага цара шумерскага горада Урука. Аднак вобраз цара быў міфалагічна трансфармаваны, і ў выніку ў шумерскай міфалогіі разам з багамі з'явіўся магутны герой-чалавек з рысамі бога. «Эпас» апавядае пра тое, як Гільгамеш абнёс свой горад сценамі і тым самым абараніў яго ад магчымага гневу багоў. Потым ён захацеў здабыць людзям неўміручасць, што ўраўняла б іх з багамі. Аднак тут ён пацярпеў няўдачу: чалавечыя здольнасці абмежаваны. «Эпас пра Гільгамеша» ўжо ў пачатку гісторыі, калі рэлігійная ідэалогія яшчэ цалкам панавала, упершыню абгрунтаваў ідэю незалежнасці волі людзей ад волі багоў.

Такім чынам, політэізм быў характэрны для старажытных егіпцян і жыхароў Месапатаміі. У іх захоўваліся вельмі старажытныя веравванні, якія спалучаліся з новымі рэлігійнымі ідэямі. З развіццём земляробства з'явіліся міфы, што тлумачылі змену каляндарных сезонаў, а з узмацненнем улады правіцеля зарадзіліся ўяўленні аб яе боскім характары.

2. Іўдаізм — першая монатэістычная рэлігія

Важны ўнёсак у развіццё рэлігійных ідэй быў зроблены старажытнымі яўрэямі, якія жылі ў Палесціне на Блізкім Усходзе. Менавіта сярод іх сфарміравалася ўяўленне пра адзінае і ўсемагутным бажаство — Яхвэ. Гэты бог не мае якога-небудзь канкрэтнага ўвасаблення, яго прысутнасць праяўляецца ў жыцці людзей праз цудоўныя падзеі або атмасферныя з'явы: навальніцы, хмары, моцны вецер і г. д. Такая рэлігійная ідэя атрымала назву монатэізм, або адзінабожжа — шанаванне толькі аднаго Бога.

Рэлігія яўрэяў — іўдаізм. Тэрмін паходзіць ад назвы яўрэйскага племя Іуды, якое было самым шматлікім. Пра паходжанне гэтай рэлігіі апавядаецца ў Старым Запавеце Бібліі. Іўдаізм пачаў фарміравацца ў ХІІІ ст. да н. э. і яго станаўленне звязана з імем прарока Майсея. Яўрэі лічылі, што прарокі гавораць непасрэдна са слоў бога Яхвэ. Паводле Старога Запавету, бог загадаў Майсею вывесці яўрэяў з егіпецкага рабства, пасля чаго яны пасяліліся на зямлі, якая была ім абяцаная богам, — Палесціне. Іўдаізм сцвярджае, што бог прызнаў яўрэяў абраным народам, запатрабаваўшы ўзамен пачытаць толькі сябе.

Усе асноўныя ідэі іўдаізму выкладзены ў Старым Запавеце, першыя пяць кніг якога носяць назву Тора (Вучэнне) і дагэтуль ушаноўваюцца, бо лічыцца, што іх аўтарам быў сам Майсей. Іх часам называюць яшчэ Пяцікніжжам Майсея. Тут выкладзены асноўныя 10 запаведзяў іўдаізму, якія, паводле падання, былі перададзеныя людзям праз Майсея Богам. Запаведзі — гэта не толькі рэлігійныя прадпісанні, але і маральныя нормы. Таму ў шырокім сэнсе іўдаізм — комплекс прававых, маральна-этычных, філасофскіх і рэлігійных уяўленняў, якія вызначаюць уклад жыцця яўрэяў.


 

У Старым Запавеце апісана гісторыя яўрэйскага народа. Пасля выхаду з егіпецкага палону яўрэі доўга жылі плямёнамі. Праз некалькі сотняў гадоў яны аб'ядналіся пад уладай цароў. Каля 1000 г. да н. э. цар Давід захапіў Іерусалім і зрабіў яго сваёй сталіцай. Яго пераемнік — цар Саламон — пабудаваў там храм у гонар Яхвэ, які шанаваўся яўрэямі як адзінае месца пакланення свайму богу.


 

3. Рэлігіі Старажытнай Індыі і Старажытнага Кітая

З сярэдзіны II тыс. да н. э. у Паўночнай Індыі ўсё шырэй рассяляліся плямёны арыяў, якія размаўлялі на мовах індаеўрапейскай сям'і, да якой адносяцца і славянскія мовы. Рэлігію арыяў называюць «рэлігіяй Ведаў» па назве іх свяшчэнных тэкстаў (Рыгведы, Яджурведы, Самаведы — зборнікі гімнаў багам і ахвярных песнапенняў, Атхарваведы — зборнік замоў і загавораў).

Арыі былі політэістамі, аднак у іх захоўваліся і больш раннія ўяўленні, пакланенне жывёлам, раслінам, з'явам прыроды. У Ведах можна знайсці згадкі пра мноства багоў. Самым шанаваным бажаством быў Індра — бог навальніцы, дажджу, малады цар багоў. Апісана, як ён атрымаў перамогу над велізарным змеем Утрытрам, які ўвасабляў першапачатковы хаос, і зрабіў магчымым працвітанне людзей. Іншыя багі былі звязаны з прыродай і стыхійнымі з'явамі: Сур’я — бог Сонца, Прытхыві — багіня Зямлі, Агні — бог Агню, Ушас — багіня Світання. Веды ўтрымліваюць мноства міфаў пра стварэнне свету, адносіны паміж багамі і ўшанаванне божастваў людзьмі.

Галоўным рэлігійным дзеяннем для арыяў быў рытуал ахвярапрынашэння. Паколькі яны былі качавым народам, ён здзяйсняўся пад адкрытым небам на спецыяльна абраных пляцоўках. Рытуалы праводзілі жрацы — брахманы. У адпаведнасці з уяўленнямі арыяў усё грамадства было падзелена на 4 варны: брахманаў, кшатрыяў, вайш’яў і шудраў. На аснове варнаў паступова пачалі фарміравацца касты — групы, выдзеленыя па прафесійным і сацыяльным прынцыпе. Нарадзіўшыся ў адной з варнаў або кастаў, людзі не маглі перайсці ў іншую.

Каля VI ст. да н. э. у Індыі пачаў фарміравацца будызм. Заснавальніка гэтага вучэння празвалі Будай (абуджаным), таму што ён сцвярджаў, што спасціг шлях, які дапаможа чалавеку атрымаць выратаванне. Буда казаў, што сутнасць зямнога жыцця — пакуты, спароджаныя нерэалізаванымі жаданнямі. Шлях выратавання — пазбаўленне ад жаданняў і выхад душы з сансары — кола перараджэнняў — у нірвану — стан супакою і растварэння ў навакольным свеце. Па законе кармы (адплаты за ўчынкі, здзейсненыя пры жыцці) можна перарадзіцца альбо ў вышэйшую істоту (нават у бажаство), альбо ў ніжэйшую (напрыклад, у жывёлу).

З пункту гледжання Буды ўсе людзі роўныя незалежна ад прыналежнасці да кастаў або варнаў. Гэта спрыяла папулярнасці яго ідэй, а ў сучасным свеце робіць будызм сусветнай рэлігіяй, да якой далучаюцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцей без уліку сацыяльнага становішча.

У Старажытным Кітаі ў V ст. да н. э. пачалі складвацца дзве рэлігійныя плыні, у якіх вялікую ролю адыгрывала філасофскае асэнсаванне навакольнага свету: даасізм и канфуцыянства. У гісторыі Кітая гэта быў перыяд крызісу ў палітычным жыцці і грамадскай маралі. Заснавальнікам даасізму лічыцца Лао-Цзы, але верагодна, што гэта не гістарычная асоба, а легендарная постаць. Даасісты лічаць, што ў свеце пануе неспазнавальнае для чалавека дао. Таму людзям трэба не змяняць свет ці змагацца з ім, а назіраць, як ён уладкаваны, і жыць у гармоніі з ім. Так чалавек дасягае дасканаласці, раствараецца ў дао, даосы казалі, што гэтым ён дасягае неўміручасці.

Заснавальнік канфуцыянства — Кун-Цзы (Канфуцый) — быў чыноўнікам і сцвярджаў, што зло паходзіць ад няправільнай арганізацыі кіравання грамадствам, ад таго, што людзі забыліся на старажытныя традыцыі. На думку Канфуцыя, краіна павінна будавацца як сям'я з кіраўніком-бацькам і дзецьмі-падданымі. Для дасягнення парадку ў краіне ён патрабаваў правільнага выканання рытуалаў прадстаўнікамі розных сацыяльных груп Кітая. Паводле Канфуцыя, кожны чалавек павінен свядома і самастойна выконваць свае задачы. Гэта датычыцца і імператара, і кожнага чыноўніка: «Навошта, кіруючы дзяржавай, забіваць людзей? Калі вы будзеце імкнуцца да дабра, то і народ будзе добрым». Канфуцый бычыў мэтай выхаванне «высакароднага мужа» — памочніка і дарадцы для імператара, які змог бы дзякуючы сваім ведам спрыяць правільнаму і сумленнаму кіраванню краінай. Для гэтага ён адкрыў уласную школу для маладых людзей. Канфуцыянства з цягам часу стала афіцыйнай ідэалогіяй кітайскага дзяржавы.

На аснове канфуцыянства і даасізму ў Кітаі і ў суседніх краінах сфарміраваліся ўяўленні пра ўладкаванне свету. Існавалі агульныя прынцыпы светапогляду, якія аб’ядноўвалі ўсе кітайскія філасофскія і рэлігійныя напрамкі. Вышэйшым бажаством лічылася Неба, абстрактнае і аддаленае ад людзей. Імператары нават насілі тытул «сын Неба», чым падкрэслівалася іх боскае паходжанне. Верылі, што Неба дае імператарам Мандат на атрыманне ўлады, але калі «сын Неба» кіраваў няправільна і краіна прыходзіла ў заняпад, то людзі маглі паўстаць, і гэта значыла, што Неба забрала свой Мандат, а значыць і сваю апеку.

У Кітаі асабліва шанавалі продкаў. Кожная сям'я будавала свой храм у іх гонар: у багатых сем'ях гэта былі асобныя будынкі, у бедных — хаця б невялікі кут у пакоі. У Кітаі нярэдка абагаўлялі выбітных людзей (напрыклад, такіх як Канфуцый), у іх гонар будавалі храмы.

4. Зараастрызм

Зараастрызм узнік каля VII—VI стст. да н. э. сярод іранскіх плямёнаў. Ён атрымаў распаўсюджанне ў Персідскай дзяржаве, якая аб'яднала Іран, Месапатамію, Блізкі Усход, Егіпет. Пад яго ўплывам блізкаўсходнія культуры пачалі актыўна ўзаемадзейнічаць. Паданне называе заснавальнікам гэтай рэлігіі прарока Заратуштру (па-грэчаску Зараастра), які вучыў, што ў свеце пастаянна ідзе барацьба дабра (на чале са светлым богам Ахура-Мазда) і зла (на чале з бажаством цемры — Ангра-Майне). Каб выратавацца ад зла, неабходна ачысціцца ад яго ў думках, словах і справах, тады пасля смерці душа чалавека пападзе ў рай. Калі ж на «шалях правасуддзя» пераважаць злыя думкі і ўчынкі, душу чакаюць пакуты і змрок. Свяшчэннай кнігай зараастрызму з'яўляецца «Авеста». Многія ідэі гэтай рэлігіі былі ўспрынятыя хрысціянскімі і мусульманскімі мыслярамі.

5. Роля жрэцтва ў жыцці грамадства

Рэлігія ў старажытнаўсходніх цывілізацыях ахоплівала ўсе бакі жыцця грамадства. Людзі былі вельмі рэлігійнымі. Яны добра ўяўлялі, наколькі ненадзейны іх дабрабыт: адзін ці два неўрадлівыя гады вялі да голаду і высокай смяротнасці. Правіцелі былі зацікаўлены ва ўмацаванні сваёй улады, таму добра ставіліся да абагаўлення сябе народам. Рэлігія ўмацоўвала грамадскую мараль, давала прыклады сацыяльных узаемаадносін і пажаданых з пункту гледжання грамадства паводзін. З іншага боку, яна падтрымлівала і зараджэнне сацыяльнай эксплуатацыі, абгрунтоўваючы ўяўленне пра тое, што адны людзі павінны падпарадкоўвацца іншым і працаваць на іх «па боскай волі». У цэлым развіццё рэлігій спрыяла кансервацыі традыцый, што забяспечвала стабільнасць жыцця грамадства, захаванне палітычнай сістэмы, якая існавала на той час. Правіцелі імкнуліся да падтрымання ўстойлівых рэлігійных сістэм у сваіх краінах і спрыялі будаўніцтву храмаў.

Жрэцтва было важнай сацыяльнай групай у старажытнаўсходнім грамадстве. Асноўным заняткам жрацоў лічылася правядзенне рэлігійных рытуалаў, без чаго, як меркавалі людзі, немагчыма было атрымаць дапамогу багоў. Гэта дзейнасць стала крыніцай высокіх даходаў. Але ўдзел жрацоў у жыцці грамадства не абмяжоўваўся рэлігійнай сферай. Сярод іх было шмат адукаваных людзей, якія ў некаторых краінах станавіліся чыноўнікамі. Напрыклад, жрацы ўдзельнічалі ў арганізацыі земляробчых работ. Шмат у чым гэта было звязана з добрым веданнем астраноміі: яны назіралі за нябеснымі свяціламі, у руху якіх бачылі боскае ўстанаўленне, і вялі каляндар, таму маглі дакладна сказаць, калі трэба рыхтавацца да тых ці іншых работ. У Егіпце менавіта жрацы вылічвалі дату пачатку разліву Ніла, каб фараон мог «аддаць загад» рацэ разлівацца. У храмах пачалі развівацца медыцына, астраномія, аграномія, геаметрыя і г. д. Менавіта жрацы часта лячылі людзей, напрыклад, у Егіпце на аказанні медыцынскай дапамогі спецыялізавалася асобная група жрацоў.

Толькі жрэцкая «вярхушка» карысталася ўладай і валодала багаццямі. Большасць жрацоў не мела ўласнасці і цалкам залежала ад храмавай гаспадаркі, дзе часта сама працавала. Храмы таксама эксплуатавалі працу залежных земляробаў. Неабходна адзначыць, што аснова ўлады жрацоў на Старажытным Усходзе — гэта ўменне выкарыстоўваць людскія страхі і невуцтва. З развіццём грамадства кансерватыўнасць і традыцыйнасць поглядаў жрэцтва ўсё больш тармазілі распаўсюджванне новых ідэй.

У найбольш ранніх рэлігіях Старажытнага Усходу выразна прасочваюцца рысы анімізму эпохі першабытнаабшчыннага грамадства. Аднак дзяржавы, якія  зараджаліся, мелі патрэбу ў адзінай рэлігійнай сістэме, таму з'явіліся пантэоны — прызнаныя афіцыйна іерархіі багоў з зацверджаным культам. Такім чынам узніклі шматлікія політэістычныя рэлігіі. Ва ўсіх дзяржавах з'явіліся згуртаваныя жрэцкія саслоўі, якія праводзілі рэлігійныя абрады. Храмы станавіліся цэнтрамі навуковых ведаў, якія зараджаліся: астраноміі, матэматыкі, геаметрыі, медыцыны. Першая монатэістычная рэлігія з'явілася ў старажытных яўрэяў. Першая сусветная рэлігія — будызм — узнікла ў Індыі і распаўсюдзілася адтуль на Далёкі Усход.    

Пытанні

1. Ахарактарызуйце рэлігійныя ўяўленні старажытных егіпцян і жыхароў Месапатаміі. Характарыстыку прадстаўце ў выглядзе прэзентацыі, буклета, плаката (абярыце адзін, больш зручны для вас, варыянт).

2. Якім чынам з'яўленне дзяржаў прывяло да ўскладнення рэлігійных вераванняў?

3. Параўнайце рэлігійныя ўяўленні народаў Старажытнага Усходу.

4. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, у тым ліку рэсурсы сеткі Інтэрнэт, падрыхтуйце праект аб адным з рэлігійных вучэнняў Старажытнага Усходу.

5. Падрыхтуйце эсэ па праблеме ўрока: «Чаму да гэтага часу існуюць старажытныя рэлігіі?»