§ 4–1. Рэлігія у краінах Старажытнага Усходу

1. Рэлігійныя ўяўленні старажытных егіпцян і жыхароў Міжрэчча

У духоўным жыцці ўсходніх цывілізацый рэлігія адыгрывала значную ролю. Рэлігійныя ўяўленні змяняліся ў залежнасці ад развіцця грамадства. Калі ў найстаражытнейшы перыяд існавалі прымітыўныя вераванні, то з развіццём цывілізацыі рэлігіі станавіліся ўсё больш развітымі і складанымі. Рэлігійныя ідэі ўвасабляліся ў міфах. Для шанавання багоў будаваліся шматлікія храмы, у якіх жрацы, паводле тагачасных уяўленняў, ажыццяўлялі сувязь з імі.

У пачатку існавання старажытнаўсходніх цывілізацый панаваў політэізм — вера ў мноства багоў. Людзі лічылі, што кожны з багоў апякуецца ці пэўнай прыроднай стыхіяй, ці якой-небудзь сферай жыцця грамадства. 

У Старажытным Егіпце багі некалі ўяўляліся людзям у выглядзе жывёл. Пасля іх сталі маляваць з чалавечым целам, але з галавой жывёлы. Традыцыя ўяўляць багоў у такім выглядзе захоўвалася на працягу ўсяго існавання старажытнаегіпецкай цывілізацыі. Навукоўцы выявілі, чаму тая ці іншая жывёла звязвалася з функцыямі пэўнага бога.

Егіпцяне ў старажытнасці разводзілі буйную рагатую жывёлу, і таму божаствы ў вобразе кароў ці быкоў звязваліся з урадлівасцю. Бог-шакал Анубіс стаў заступнікам пераходу людзей у замагільнае царства, бо менавіта шакалаў-падальшчыкаў можна было часцей за ўсё ўбачыць побач з памерлымі. Бог Тот, які ўвасабляў мудрасць і лічыўся заступнікам жрацоў, уяўляўся ў вобразе ібіса. Гэтая птушка асацыявалася з граматнасцю. А багіня-котка Баст (Бастэт) апекавалася хатнім жыццём.

Егіпцяне шанавалі Сонца, звязваючы з ім ідэю існавання свету і паўсюднай справядлівасці. Найбольш шанаваным сонечным бажаством быў бог Амон-Ра, якога ўяўлялі ў чалавечым абліччы.

З развіццём дзяржавы і гаспадаркі распаўсюдзіліся новыя ўяўленні пра багоў. Тлумачэнне змен урадлівых і неўрадлівых сезонаў года старажытнаегіпецкім земляробам даваў міф пра бога Асірыса, што памірае і ўваскрасае, і яго жонку — багіню Ісіду. Асірыс загінуў ад рукі брата, які імкнуўся стаць фараонам. Ісіда зрабіла ўсё, каб, сабраўшы часткі цела каханага, забяспечыць яму замагільнае існаванне. Адраджэнне Асірыса ў замагільным царстве сімвалізавала адраджэнне ўрадлівасці і прыроды. У пазнейшых міфах Асірыс набыў таксама функцыі валадара падземнага царства мёртвых, які вызначаў грахі і заслугі памерлых.

Моцная дзяржава патрабавала рэлігійнага культу кіраўніка. Фараон лічыўся бажаством, сынам бога Сонца Амона-Ра, яго шанавалі як сімвал дабрабыту і працвітання краіны, носьбіта найвышэйшай боскай сілы. Падчас вельмі важнага рытуалу фараон кідаў у Ніл загад разлівацца, увасабляючы сілы ўрадлівасці. Рэлігійнае ўяўленне пра фараона як пра вышэйшае бажаство было важнай рысай дзяржаўных культаў Старажытнага Егіпта. Грандыёзныя пахавальні фараонаў — піраміды — увасобілі ідэю велічы ўлады фараонаў.

Жрацы шматлікіх старажытнаегіпецкіх храмаў у гонар мноства багоў пастаянна канкурыравалі паміж сабой. Аднак нават самыя ўплывовыя жрэцкія групы не маглі разлічваць на адзінаўладдзе. Спроба ўвядзення культу адзінага бога Атона пры фараоне Эхнатоне не стала паспяховай, і старажытнаегіпецкая рэлігія засталася політэістычнай.

У Месапатаміі пачатак развіцця рэлігійных сістэм звязаны з шумерскімі гарадамі-дзяржавамі. Менавіта тут узнік пантэон багоў, які стаў асновай мясцовага політэізму. У далейшым акадцы, вавіланяне, асірыйцы прымалі гэты пантэон, даючы багам свае імёны, дадаючы ў пантэон і свае божаствы. У выніку пры ўсёй разнастайнасці рэлігійных культаў Месапатаміі можна гаварыць аб адзінай рэлігійнай сістэме.

У шумерскім пантэоне галоўную ролю адыгрывала наступная трыяда: бог неба Ан (акадцы і вавіланяне называлі яго Ану), боства водаў і Сусветнага акіяна Энкі (у акадцаў і вавіланян — Эа), бог зямлі Энліль (у акадцаў і вавіланян — Элліль, Бел).

Земляробчы міф пра змену каляндарных сезонаў распавядаў пра багіню кахання і ўрадлівасці Інанну (у вавіланян і асірыйцаў — Іштар), якая сумуе, калі яе каханы вымушаны сысці на час у замагільнае царства, — і ў гэты час зямля страчвае ўрадлівасць. Але варта яму вярнуцца, як Інанна радуецца і ў свет вяртаецца ўрадлівасць.

У Старажытнай Месапатаміі лічылася, што кожны горад мае свайго бога-апекуна. У гэтым рэгіёне часта мяняўся палітычны лідар: шумерскія гарады-дзяржавы, Акад, Вавілонія, Асірыя. Палітычныя пераўтварэнні вялі да змен у пантэоне багоў. Горад, які перемагаў, навязваў іншым свайго бога, ставіў яго на чале пантэона. Так, з узвышэннем Вавілона Мардук, раней малавядомы, стаў вярхоўным бажаством усёй Месапатаміі.

Правіцель у Месапатаміі не лічыўся бажаством, але існавала ўяўленне, што ён атрымліваў усё з рук бостваў, нават сваю ўладу. На стэле з законамі Хамурапі была зроблена выява: уладар стаіць перад тронам бога сонца Шамаша. Лічылася, што менавіта бажаство дало «боскія» законы грамадству.

Жрэцтва ў Месапатаміі, як і ў Егіпце, ушаноўвала шматлікіх багоў і не было аб'яднана. Жрацы мелі значны ўплыў на грамадства.

Шумерская і месапатамская культуры падарылі чалавецтву першы твор, у якім было пастаўлена пытанне пра межы магчымасцяў чалавека перад багамі. Вершаваны «Эпас пра Гільгамеша» прысвечаны подзвігам Гільгамеша, рэальнага цара шумерскага горада Урука. Аднак вобраз цара быў міфалагічна трансфармаваны, і ў выніку ў шумерскай міфалогіі разам з багамі з'явіўся магутны герой-чалавек з рысамі бога. «Эпас» апавядае пра тое, як Гільгамеш абнёс свой горад сценамі і тым самым абараніў яго ад магчымага гневу багоў. Потым ён захацеў здабыць людзям неўміручасць, што ўраўняла б іх з багамі. Аднак тут ён пацярпеў няўдачу: чалавечыя здольнасці абмежаваны. «Эпас пра Гільгамеша» ўжо ў пачатку гісторыі, калі рэлігійная ідэалогія яшчэ цалкам панавала, упершыню абгрунтаваў ідэю незалежнасці волі людзей ад волі багоў.

Такім чынам, політэізм быў характэрны для старажытных егіпцян і жыхароў Месапатаміі. У іх захоўваліся вельмі старажытныя веравванні, якія спалучаліся з новымі рэлігійнымі ідэямі. З развіццём земляробства з'явіліся міфы, што тлумачылі змену каляндарных сезонаў, а з узмацненнем улады правіцеля зарадзіліся ўяўленні аб яе боскім характары.