§ 4. Грамадства і дзяржава ў краінах Старажытнага Усходу

3. Сістэма дзяржаўнага кіравання

Сістэма дзяржаўнага кіравання адыгрывала вызначальную ролю ва ўмовах, калі сацыяльныя структуры толькі складваліся. Эканамічнай асновай функцыянавання грамадства пры ўсходняй дэспатыі была дзяржаўная ўласнасць на зямлю. З аднаго боку, дзяржава на чале з правіцелем, якога абагаўлялі, была гарантам нармальнага функцыянавання грамадства і арганізацыі работ, з іншага — ​менавіта дзяржава пачала выступаць як інструмент эксплуатацыі часткі насельніцтва. А гэта выклікала супраціўленне і канфлікты.

Грамадства бачыла ў правіцелі захавальніка традыцый і парадку, якія звязваліся са спрыяннем багоў. Традыцыі павінны былі заставацца нязменнымі, а правіцель меў права судзіць за іх парушэнне. Такім чынам, яго постаць была звязана з ідэяй грамадскага дабрабыту і справядлівасці. Менавіта таму грамадства гатовае было падпарадкоўвацца правіцелю і яго чыноўнікам.

Часцей за ўсё правіцелі старажытнаўсходніх дэспатый уводзілі дзве пасады, на якія людзей назначалі асабіста: кіраўніка арміі (военачальніка) і кіраўніка адміністрацыйнага апарату.

Военачальнікі арганізоўвалі і кантралявалі армію, што вызначала іх вялікі ўплыў на палітыку правіцеляў. Кіраўнік дзяржаўнага апарату (канцылярыі) кіраваў усімі справамі ў краіне. Асобныя ведамствы фарміраваліся паступова. Сярод іх можна вылучыць ведамствы, якія займаліся ўлікам ураджаю і дзяржаўных запасаў, зборам падаткаў, грамадскімі работамі (у краінах Старажытнага Усходу на­сель­ніц­тва было абавязана не толькі плаціць падаткі дзяржаве, але і выконваць дзяржаўныя павіннасці — ​грамадскія работы, да якіх адносіліся будаўніцтва ірыгацыйных каналаў і дзяржаўных сховішчаў, палацаў, крэпасцяў і храмаў, пракладанне дарог і вытворчасць важных рамесных вырабаў, узвядзенне раскошных грабніц правіцеляў).

Выразных межаў паміж ведамствамі і іх паўнамоцтвамі ў старажытнасці яшчэ не існавала. Таму чыноўнікаў было шмат: яны павінны былі ўсё арганізоўваць і сачыць за тым, што адбывалася ў дзяржаве, а таксама выконваць любыя даручэнні правіцеля. Ніводнае мерапрыемства не адбывалася без іх удзелу.
Увесь бюракратычны апарат быў выбудаваны ў адпаведнасці са строгай і выразнай іерархіяй, звязанай з існаваннем пасад высокіх і нізкіх рангаў. Чыноўнікі кожнага з рангаў адрозніваліся па сваім сацыяльным становішчы, для іх было прадугледжана спецыяльнае адзенне, а іншым разам нават ежа.

На ўсім працягу гісторыі Старажытнага Усходу дэспатыя як форма дзяржаўнага кіравання лічылася традыцыйнай, асвячонай рэлігіяй і адзіна магчымай. Часам адбываліся разбуральныя народныя паўстанні або ўварванні іншаземных народаў. Але форма кіравання пры гэтым заўсёды захоўвалася. Напрыклад, паўстанні ў Старажытным Кітаі і Старажытным Егіпце неаднаразова прыводзілі да звяржэння кіроўных дынастый, але ў выніку правадыры паўстанцаў станавіліся новымі правіцелямі, а іх паплечнікі — ​новымі арыстакратамі, займаючы высокія пасады ў дзяржаўным апараце. Тое ж адбывалася, калі тэрыторыю земляробчай цывілізацыі захоплівалі. Заваёўнікі стваралі новую дынастыю, якая арганізоўвалася паводле традыцыйнага прынцыпу, захопнікі паступова змешваліся з мясцовым насельніцтвам.

Формай дзяржаўнага ўладкавання краін Старажытнага Усходу стала ўсходняя дэспатыя. Грамадства было арганізавана па прынцыпе іерархіі саслоўяў. Абагаўлёны і ўсеўладны правіцель і яго бюракратычны апарат арганізоўвалі ўсё гаспадарчае і сацыяльнае жыццё. Адначасова правіцель быў гарантам стабільнасці існавання грамадства. Імкненне да атрымання ўсё больш высокіх ураджаяў вяло да неабходнасці ствараць вялікія ірыгацыйныя сістэмы, што прыводзіла да падпарадкавання і жорсткай эксплуатацыі часткі насельніцтва. Буйнейшыя збудаванні старажытнаўсходніх дэспатый маглі быць створаны пры слабым тэхнічным аснашчэнні толькі праз выкарыстанне вельмі напружанай працы нявольнікаў.