Печатать книгуПечатать книгу

§ 4. Грамадства і дзяржава ў краінах Старажытнага Усходу

Чаму менавіта форма ўсходняй дэспатыі была прынятая як форма кіравання пры складанні новых дзяржаўных утварэнняў?

Дзе і калі зарадзіліся старажытныя цывілізацыі? Пералічыце ўсе найбуйнейшыя цывілізацыі, якія існавалі ў I тысячагоддзі да н. э., і пакажыце іх на карце. Якую ролю ў жыцці старажытных цывілізацый адыгрывала геаграфічнае размяшчэнне? Якой была сацыяльная стратыфікацыя ў старажытнаўсходнім грамадстве? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 4. Грамадства і дзяржава ў краінах Старажытнага Усходу
Напечатано:: Guest user
Дата: Воскресенье, 19 Май 2024, 12:45

1. Усходняя дэспатыя

У ходзе станаўлення імперый у раёнах старажытнаўсходніх цывілізацый склалася своеасаблівая форма дзяржаўнага праўлення — ​усходняя дэспатыя, пры якой на чале краіны стаяў правіцель з неабмежаванай уладай. Правіцель лічыўся ўласнікам усёй зямлі ў краіне. Усякае яго рашэнне было вышэйшае за любыя законы або традыцыі. Улада ў дзяржаве перадавалася ў спадчыну. Больш за тое, сама ўлада лічылася атрыманай ад багоў, а асоба правіцеля абагаўлялася. У выніку існаваў развіты культ правіцеля, яму пакланяліся.

Чаму ж ва ўсіх дзяржавах Старажытнага Усходу ўсталявалася такая форма праўлення, пры якой насельніцтва не мела ніякіх правоў і беспярэчна падпарадкоўвалася спадчыннаму правіцелю? Перш за ўсё трэба памятаць, што высокапрадукцыйнае ірыгацыйнае земляробства старажытнаўсходніх цывілізацый патрабавала зладжанай арганізацыі працы абшчын земляробаў. Падпарадкаваныя правіцелю чыноўнікі і пісцы каардынавалі і кантралявалі сельскагаспадарчыя работы, уключаючы збор ураджаю, які ў далейшым рознымі спосабамі пераразмяркоўваўся паміж усім насельніцтвам. Паступова земляробы зазнавалі ўсё большую эксплуатацыю, каб дзяржава магла атрымліваць большыя ўраджаі.

Правіцелю даводзілася абараняць насельніцтва ад нападаў. Ён камандаваў арміяй, якая адбівала напады і ўварванні суседніх народаў або захоплівала новыя тэрыторыі. Адначасова армія была гатовая падавіць і выступленні народа супраць правіцеля.

Правіцель праз шматлікіх чыноўнікаў поўнасцю кантраляваў жыццё ўсяго насельніцтва, мог умешвацца нават у справы асобных сем’яў. Людзі плацілі вялікія падаткі дзяржаве, іх колькасць і велічыню правіцель рэгуляваў па сваім жаданні. Часта праводзіліся маштабныя будаўнічыя работы, што забяспечвалі занятасць насельніцтва, колькасць якога расла хуткімі тэмпамі. Такім чынам, у руках правіцеля была сканцэнтраваная адміністрацыйная, ваенная, судовая, падатковая, гаспадарчая ўлада. Грамадства практычна не магло ўплываць на яго палітыку. У розных цывілізацыях усходняя дэспатыя мела пэўныя асаблівасці, але прынцыпы формы праўлення былі адзіныя.

Моцная дэспатычная, аднаасобная ўлада правіцеля пры існаванні разгалінаванага апарату чыноўнікаў забяспечвала ў перыяд фарміравання дзяржавы стабільнасць жыцця грамадства, садзейнічала аб’яднанню інтарэсаў розных сацыяльных груп, прадухіляла ўзнікненне адкрытых сацыяльных канфліктаў. А гэта, у сваю чаргу, было перадумовай стабільнасці самой усходняй дэспатыі як формы праўлення ў дзяржаве.

2. Сацыяльныя адносіны панавання-падпарадкавання

Старажытнаўсходняе грамадства было іерархічным і падзялялася на саслоўі, прыналежнасць да якіх была спадчыннай. У аснове саслоўнага падзелу знаходзіўся грамадскі падзел працы: саслоўі адрозніваліся менавіта па іх гаспадарчай або дзяржаўнай дзейнасці. Кожнае з іх мела свае абавязкі, правы і прывілеі, гэта значыць адрознівалася ад іншых сацыяльным становішчам. Чалавек у адпаведнасці з прыналежнасцю да саслоўя займаў строга вызначанае месца ў сацыяльнай іерархіі. Паступова яна ўскладнялася, станавілася ўсё больш дыферэнцыраванай і разгалінаванай.

Структуру грамадства старажытнаўсходніх цывілізацый можна адлюстраваць у выглядзе іерархічнай «сацыяльнай піраміды». На вяршыні іерархіі стаяў правіцель, якога абагаўлялі, які валодаў усёй паўнатой улады і лічыўся ўласнікам зямлі.

Высокае становішча займала радавая і ваенная арыстакратыя (знаць), а таксама жрацы. Арыстакратыя фарміравалася са сваякоў правіцеля, буйны`х землеўладальнікаў з розных раёнаў краіны і, вядома, вярхоўных военачальнікаў. Паступова яе прадстаўнікі пачалі займаць высокія дзяржаўныя пасады і ўплываць на кіраванне краінай праз выкананне абавязкаў. Паспяховыя заваёўніцкія вой­ны прыносілі арыстакратыі новыя землі і багацце.

Важную ролю ў грамадстве адыгрывалі шматлікія чыноўнікі, якія выконвалі функцыю кіравання дзяржавай, — ​адсюль іх высокі сацыяльны статус. Яны складалі адукаваную частку грамадства. Чыноўнікі адказвалі за арганізацыю сельскагаспадарчых работ і будаўніцтва, сачылі за станам каналаў, спаганялі падаткі з насельніцтва, набіралі воінаў для паходаў, чынілі суд і г. д. Пасада чыноўніка давала ўстойлівае сацыяльнае становішча, уладу над людзьмі, матэрыяльны дабрабыт або нават багацце, аднак усе гэтыя перавагі чалавек атрымліваў толькі на час службы. Сярод чыноўнікаў найбольш нізкі статус мелі пісцы, абавязкам якіх была фіксацыя аб’ёму выкананых работ, ураджаю, падаткаў, даўгоў і проста важных падзей.

Для жрацоў і дзяржаўных чыноўнікаў былі вельмі важныя пісьменнасць, а таксама веды ў пэўных галінах (медыцыне, матэматыцы, геаметрыі, астраноміі і г. д.). Мэтай навучання ў старажытнаўсходнім грамадстве было асваенне прафесіі, якую дзеці павінны былі атрымаць у спадчыну ад бацькі. «Глядзі, няма іншай пасады, акрамя пасады пісца, дзе чалавек заўсёды начальнік», — ​гаворыць адно са старажытнаегіпецкіх павучанняў. У Кітаі са старажытнасці існавалі спецыяльныя экзамены для чыноўнікаў. Павышэнне чыну або пасады адбывалася толькі ў выпадку паспяховай здачы экзамену, які прымалі вышэйшыя чыноўнікі.

Купцы, воіны, рамеснікі і гандляры карысталіся цэлым шэрагам прывілей. Купцы прывозілі здалёк тавары, якіх не было ў краіне, таму іх часта падтрымлівала дзяржава. Да таго ж яны нярэдка выступалі і як разведчыкі. Важнай для грамадства групай былі воіны. Багацце першых земляробчых цывілізацый спакушала суседзяў на напады і рабаванні. Менавіта воіны абаранялі краіну або ўдзельнічалі ў заваёўніцкіх вой­нах, якія прыносілі багатую здабычу. Таму воіны жылі шмат у чым за кошт дзяржавы.

Даволі шматлікім было саслоўе рамеснікаў, якія ў асноўным жылі ў гарадах. Яны выраблялі многія важныя рэчы: прылады працы і зброю, адзенне і посуд, упрыгажэнні, будавалі жыллё. На працягу некалькіх тысяч гадоў менавіта рамеснікі стваралі найбольш значныя для грамадства тавары. Правіцелі былі зацікаўлены ў прыцягненні ў краіну рамеснікаў рэдкіх спецыялізацый. Гандляры актыўна перавозілі тавары рамеснікаў, земляробаў і жывёлаводаў паміж блізка размешчанымі раёнамі.

Асноўную частку грамадства складалі свабодныя земляробы, якія аб’ядноўваліся ў абшчыны. Дабрабыт краін Старажытнага Усходу залежаў менавіта ад іх, таму абшчыны мелі нямала правоў. Земляробы апрацоўвалі зямлю, якая звычайна перадавалася ім у бестэрміновае карыстанне. Дзяржаве было важна атрымліваць частку ўраджаю, каб можна было забяспечваць прадуктамі адміністрацыйны апарат і армію. Абшчыны былі закрытыя і ўсе свае пытанні вырашалі самастойна. Заможныя «вярхі» адказвалі перад чыноўнікамі за выплату падаткаў і выкананне павіннасцяў. Усе члены абшчыны былі звязаны кругавой парукай, што азначала ўзаемадапамогу, але адначасова і адказнасць за ўчыненыя кім-небудзь злачынствы. Чалавек мог заўсёды разлічваць на дапамогу абшчыны, але разам з тым павінен быў асабістыя інтарэсы падпарадкоўваць грамадскім, сваё меркаванне ўзгадняць з меркаваннем старэйшых сваякоў, суседзяў-­абшчыннікаў, жыць па ўсталяваных традыцыях. Традыцыя і кругавая парука забяспечвалі стабільнасць жыцця такіх калектываў у старажытнасці.

Трагедыяй для земляроба было пазбаўленне падтрымкі абшчыны, якое адбывалася, калі ён станавіўся даўжніком або апынаўся ізгоем. Гэта сведчыла аб узнікненні маёмаснага расслаення. Выгнаны па розных прычынах з абшчыны земляроб траціў свой надзел, а значыць, крыніцы існавання. Такія людзі рабіліся залежнымі: цяпер яны маглі працаваць на землях правіцеля, арыстакратыі або храмаў. Уладальнік зямлі мог распараджацца не толькі іх працай, але і імі самімі, яны ўжо не мелі права сысці з зямлі свайго ўладальніка.

Саслоўны іерархічны падзел грамадства ў краінах Старажытнага Усходу быў арганізаваны па-рознаму. У Егіпце дзяржава амаль поўнасцю кантралявала грамадскае жыццё, асобныя групы насельніцтва доўгі час практычна не мелі правоў. Затое егіпцянін мог павысіць свой статус, напрыклад, у маладосці асвоіўшы пісьмо і стаўшы пісцом. У Месапатаміі правы розных груп насельніцтва былі абаронены законамі. У Індыі склалася вельмі трывалая сістэма варнаў, а затым кастаў, так што чалавек ні пры якіх абставінах не мог змяніць сваю прыналежнасць да касты, у якой нарадзіўся. У Кітаі грамадства таксама было строга іерархічнае, але людзі маглі за пэўныя заслугі павысіць свой статус, пераходзячы ў больш высокі ранг.

*2-1. Праблема рабства ў старажытнаўсходніх цывілізацыях

Самае нізкае становішча ў старажытна­ўсходнім грамадстве займалі рабы — ​несвабоднае насельніцтва, якое складалася з палонных або даўжнікоў. У ходзе паспяховых заваёўніцкіх войнаў часта захоплівалі вялікую колькасць палонных. Адпусціць іх было немагчыма, паколькі яны працягвалі б супраціўляцца. Выкарыстоўваць у сябе ў краіне было складана: яны часцей за ўсё не маглі выконваць кваліфікаваную, адказную работу.

У шэрагу краін існавала даўгавое рабства, калі людзей ператваралі ў рабоў за даўгі. Яно не абавязкова было пажыццёвым: адпрацаваўшы свой доўг, учарашні нявольнік зноў станавіўся свабодным чалавекам. У Кітаі свабодных людзей нярэдка аддавалі ў рабства за злачынствы перад дзяржаўнай уладай. Дзеці, народжаныя рабынямі, таксама станавіліся рабамі.

У старажытных цывілізацыях Усходу рабства было прыкметнай з’явай, аднак праца рабоў не была паноўнай формай працы і не адыгрывала вызначальнай ролі ў грамадскім жыцці. Хутчэй яна выконвала дапаможную функцыю адносна работы земляробаў і рамеснікаў. Рабоў выкарыстоўвалі ў якасці слуг у палацах і храмах, на падсобных работах у рамястве і гандлі, для выканання самай цяжкай або небяспечнай работы, напрыклад, у рудніках або каменяломнях. Яны былі ўласнасцю свайго гаспадара, які распараджаўся не толькі іх працай, але і іх жыццём. За самы нязначны ўчынак іх маглі жорстка пакараць. Аднак існавала і хатняе рабства, калі рабы жылі ў складзе вялікай патрыярхальнай сям’і, дзе яны выконвалі работу па гаспадарцы.

3. Сістэма дзяржаўнага кіравання

Сістэма дзяржаўнага кіравання адыгрывала вызначальную ролю ва ўмовах, калі сацыяльныя структуры толькі складваліся. Эканамічнай асновай функцыянавання грамадства пры ўсходняй дэспатыі была дзяржаўная ўласнасць на зямлю. З аднаго боку, дзяржава на чале з правіцелем, якога абагаўлялі, была гарантам нармальнага функцыянавання грамадства і арганізацыі работ, з іншага — ​менавіта дзяржава пачала выступаць як інструмент эксплуатацыі часткі насельніцтва. А гэта выклікала супраціўленне і канфлікты.

Грамадства бачыла ў правіцелі захавальніка традыцый і парадку, якія звязваліся са спрыяннем багоў. Традыцыі павінны былі заставацца нязменнымі, а правіцель меў права судзіць за іх парушэнне. Такім чынам, яго постаць была звязана з ідэяй грамадскага дабрабыту і справядлівасці. Менавіта таму грамадства гатовае было падпарадкоўвацца правіцелю і яго чыноўнікам.

Часцей за ўсё правіцелі старажытнаўсходніх дэспатый уводзілі дзве пасады, на якія людзей назначалі асабіста: кіраўніка арміі (военачальніка) і кіраўніка адміністрацыйнага апарату.

Военачальнікі арганізоўвалі і кантралявалі армію, што вызначала іх вялікі ўплыў на палітыку правіцеляў. Кіраўнік дзяржаўнага апарату (канцылярыі) кіраваў усімі справамі ў краіне. Асобныя ведамствы фарміраваліся паступова. Сярод іх можна вылучыць ведамствы, якія займаліся ўлікам ураджаю і дзяржаўных запасаў, зборам падаткаў, грамадскімі работамі (у краінах Старажытнага Усходу на­сель­ніц­тва было абавязана не толькі плаціць падаткі дзяржаве, але і выконваць дзяржаўныя павіннасці — ​грамадскія работы, да якіх адносіліся будаўніцтва ірыгацыйных каналаў і дзяржаўных сховішчаў, палацаў, крэпасцяў і храмаў, пракладанне дарог і вытворчасць важных рамесных вырабаў, узвядзенне раскошных грабніц правіцеляў).

Выразных межаў паміж ведамствамі і іх паўнамоцтвамі ў старажытнасці яшчэ не існавала. Таму чыноўнікаў было шмат: яны павінны былі ўсё арганізоўваць і сачыць за тым, што адбывалася ў дзяржаве, а таксама выконваць любыя даручэнні правіцеля. Ніводнае мерапрыемства не адбывалася без іх удзелу.
Увесь бюракратычны апарат быў выбудаваны ў адпаведнасці са строгай і выразнай іерархіяй, звязанай з існаваннем пасад высокіх і нізкіх рангаў. Чыноўнікі кожнага з рангаў адрозніваліся па сваім сацыяльным становішчы, для іх было прадугледжана спецыяльнае адзенне, а іншым разам нават ежа.

На ўсім працягу гісторыі Старажытнага Усходу дэспатыя як форма дзяржаўнага кіравання лічылася традыцыйнай, асвячонай рэлігіяй і адзіна магчымай. Часам адбываліся разбуральныя народныя паўстанні або ўварванні іншаземных народаў. Але форма кіравання пры гэтым заўсёды захоўвалася. Напрыклад, паўстанні ў Старажытным Кітаі і Старажытным Егіпце неаднаразова прыводзілі да звяржэння кіроўных дынастый, але ў выніку правадыры паўстанцаў станавіліся новымі правіцелямі, а іх паплечнікі — ​новымі арыстакратамі, займаючы высокія пасады ў дзяржаўным апараце. Тое ж адбывалася, калі тэрыторыю земляробчай цывілізацыі захоплівалі. Заваёўнікі стваралі новую дынастыю, якая арганізоўвалася паводле традыцыйнага прынцыпу, захопнікі паступова змешваліся з мясцовым насельніцтвам.

Формай дзяржаўнага ўладкавання краін Старажытнага Усходу стала ўсходняя дэспатыя. Грамадства было арганізавана па прынцыпе іерархіі саслоўяў. Абагаўлёны і ўсеўладны правіцель і яго бюракратычны апарат арганізоўвалі ўсё гаспадарчае і сацыяльнае жыццё. Адначасова правіцель быў гарантам стабільнасці існавання грамадства. Імкненне да атрымання ўсё больш высокіх ураджаяў вяло да неабходнасці ствараць вялікія ірыгацыйныя сістэмы, што прыводзіла да падпарадкавання і жорсткай эксплуатацыі часткі насельніцтва. Буйнейшыя збудаванні старажытнаўсходніх дэспатый маглі быць створаны пры слабым тэхнічным аснашчэнні толькі праз выкарыстанне вельмі напружанай працы нявольнікаў.

Пытанні

1. Якія асноўныя функцыі выконваў апарат дзяржаўнай улады ў краінах Старажытнага Усходу?

2. Якое значэнне мела тое, што правіцель лічыўся ўласнікам усёй зямлі? У якім становішчы адносна яго знаходзіліся ўсе астатнія слаі насельніцтва?

3. Прывядзіце прыклады, якія сведчылі аб абагаўленні правіцеляў у старажытнасці. Чым была абумоўлена гэтая з’ява?

4. Растлумачце, якое значэнне мела для чалавека ў старажытных грамадствах прыналежнасць да пэўнага саслоўя. Прывядзіце прыклады.

5. Назавіце асаблівасці сацыяльнай структуры старажытнаўсходніх дзяржаў. У чым было падабенства і адрозненні ў сацыяльнай структуры розных краін?

6. Растлумачце прычыны з’яўлення дзяржаў з усходняй дэспатыяй, выкарыстоўваючы вучэбны матэрыял і схему.

6-1. Якое значэнне мела тое, што правіцель лічыўся ўласнікам усёй зямлі? У якое становішча ў адносінах да яго гэта ставіла ўсе астатнія пласты насельніцтва?

6-2. Падрыхтуйце эсэ па праблеме ўрока: «Ці была ўсходняя дэспатыя адзіна магчымай формай арганізацыі грамадства ў старажытнасці?»