§ 4. Грамадства і дзяржава ў краінах Старажытнага Усходу
1. Усходняя дэспатыя
У ходзе станаўлення імперый у раёнах старажытнаўсходніх цывілізацый склалася своеасаблівая форма дзяржаўнага праўлення — усходняя дэспатыя, пры якой на чале краіны стаяў правіцель з неабмежаванай уладай. Правіцель лічыўся ўласнікам усёй зямлі ў краіне. Усякае яго рашэнне было вышэйшае за любыя законы або традыцыі. Улада ў дзяржаве перадавалася ў спадчыну. Больш за тое, сама ўлада лічылася атрыманай ад багоў, а асоба правіцеля абагаўлялася. У выніку існаваў развіты культ правіцеля, яму пакланяліся.
Чаму ж ва ўсіх дзяржавах Старажытнага Усходу ўсталявалася такая форма праўлення, пры якой насельніцтва не мела ніякіх правоў і беспярэчна падпарадкоўвалася спадчыннаму правіцелю? Перш за ўсё трэба памятаць, што высокапрадукцыйнае ірыгацыйнае земляробства старажытнаўсходніх цывілізацый патрабавала зладжанай арганізацыі працы абшчын земляробаў. Падпарадкаваныя правіцелю чыноўнікі і пісцы каардынавалі і кантралявалі сельскагаспадарчыя работы, уключаючы збор ураджаю, які ў далейшым рознымі спосабамі пераразмяркоўваўся паміж усім насельніцтвам. Паступова земляробы зазнавалі ўсё большую эксплуатацыю, каб дзяржава магла атрымліваць большыя ўраджаі.
Правіцелю даводзілася абараняць насельніцтва ад нападаў. Ён камандаваў арміяй, якая адбівала напады і ўварванні суседніх народаў або захоплівала новыя тэрыторыі. Адначасова армія была гатовая падавіць і выступленні народа супраць правіцеля.
Правіцель праз шматлікіх чыноўнікаў поўнасцю кантраляваў жыццё ўсяго насельніцтва, мог умешвацца нават у справы асобных сем’яў. Людзі плацілі вялікія падаткі дзяржаве, іх колькасць і велічыню правіцель рэгуляваў па сваім жаданні. Часта праводзіліся маштабныя будаўнічыя работы, што забяспечвалі занятасць насельніцтва, колькасць якога расла хуткімі тэмпамі. Такім чынам, у руках правіцеля была сканцэнтраваная адміністрацыйная, ваенная, судовая, падатковая, гаспадарчая ўлада. Грамадства практычна не магло ўплываць на яго палітыку. У розных цывілізацыях усходняя дэспатыя мела пэўныя асаблівасці, але прынцыпы формы праўлення былі адзіныя.
Моцная дэспатычная, аднаасобная ўлада правіцеля пры існаванні разгалінаванага апарату чыноўнікаў забяспечвала ў перыяд фарміравання дзяржавы стабільнасць жыцця грамадства, садзейнічала аб’яднанню інтарэсаў розных сацыяльных груп, прадухіляла ўзнікненне адкрытых сацыяльных канфліктаў. А гэта, у сваю чаргу, было перадумовай стабільнасці самой усходняй дэспатыі як формы праўлення ў дзяржаве.