§ 4. Грамадства і дзяржава ў краінах Старажытнага Усходу

*2-1. Праблема рабства ў старажытнаўсходніх цывілізацыях

Самае нізкае становішча ў старажытна­ўсходнім грамадстве займалі рабы — ​несвабоднае насельніцтва, якое складалася з палонных або даўжнікоў. У ходзе паспяховых заваёўніцкіх войнаў часта захоплівалі вялікую колькасць палонных. Адпусціць іх было немагчыма, паколькі яны працягвалі б супраціўляцца. Выкарыстоўваць у сябе ў краіне было складана: яны часцей за ўсё не маглі выконваць кваліфікаваную, адказную работу.

У шэрагу краін існавала даўгавое рабства, калі людзей ператваралі ў рабоў за даўгі. Яно не абавязкова было пажыццёвым: адпрацаваўшы свой доўг, учарашні нявольнік зноў станавіўся свабодным чалавекам. У Кітаі свабодных людзей нярэдка аддавалі ў рабства за злачынствы перад дзяржаўнай уладай. Дзеці, народжаныя рабынямі, таксама станавіліся рабамі.

У старажытных цывілізацыях Усходу рабства было прыкметнай з’явай, аднак праца рабоў не была паноўнай формай працы і не адыгрывала вызначальнай ролі ў грамадскім жыцці. Хутчэй яна выконвала дапаможную функцыю адносна работы земляробаў і рамеснікаў. Рабоў выкарыстоўвалі ў якасці слуг у палацах і храмах, на падсобных работах у рамястве і гандлі, для выканання самай цяжкай або небяспечнай работы, напрыклад, у рудніках або каменяломнях. Яны былі ўласнасцю свайго гаспадара, які распараджаўся не толькі іх працай, але і іх жыццём. За самы нязначны ўчынак іх маглі жорстка пакараць. Аднак існавала і хатняе рабства, калі рабы жылі ў складзе вялікай патрыярхальнай сям’і, дзе яны выконвалі работу па гаспадарцы.