§ 4. Грамадства і дзяржава ў краінах Старажытнага Усходу

2. Сацыяльныя адносіны панавання-падпарадкавання

Старажытнаўсходняе грамадства было іерархічным і падзялялася на саслоўі, прыналежнасць да якіх была спадчыннай. У аснове саслоўнага падзелу знаходзіўся грамадскі падзел працы: саслоўі адрозніваліся менавіта па іх гаспадарчай або дзяржаўнай дзейнасці. Кожнае з іх мела свае абавязкі, правы і прывілеі, гэта значыць адрознівалася ад іншых сацыяльным становішчам. Чалавек у адпаведнасці з прыналежнасцю да саслоўя займаў строга вызначанае месца ў сацыяльнай іерархіі. Паступова яна ўскладнялася, станавілася ўсё больш дыферэнцыраванай і разгалінаванай.

Структуру грамадства старажытнаўсходніх цывілізацый можна адлюстраваць у выглядзе іерархічнай «сацыяльнай піраміды». На вяршыні іерархіі стаяў правіцель, якога абагаўлялі, які валодаў усёй паўнатой улады і лічыўся ўласнікам зямлі.

Высокае становішча займала радавая і ваенная арыстакратыя (знаць), а таксама жрацы. Арыстакратыя фарміравалася са сваякоў правіцеля, буйны`х землеўладальнікаў з розных раёнаў краіны і, вядома, вярхоўных военачальнікаў. Паступова яе прадстаўнікі пачалі займаць высокія дзяржаўныя пасады і ўплываць на кіраванне краінай праз выкананне абавязкаў. Паспяховыя заваёўніцкія вой­ны прыносілі арыстакратыі новыя землі і багацце.

Важную ролю ў грамадстве адыгрывалі шматлікія чыноўнікі, якія выконвалі функцыю кіравання дзяржавай, — ​адсюль іх высокі сацыяльны статус. Яны складалі адукаваную частку грамадства. Чыноўнікі адказвалі за арганізацыю сельскагаспадарчых работ і будаўніцтва, сачылі за станам каналаў, спаганялі падаткі з насельніцтва, набіралі воінаў для паходаў, чынілі суд і г. д. Пасада чыноўніка давала ўстойлівае сацыяльнае становішча, уладу над людзьмі, матэрыяльны дабрабыт або нават багацце, аднак усе гэтыя перавагі чалавек атрымліваў толькі на час службы. Сярод чыноўнікаў найбольш нізкі статус мелі пісцы, абавязкам якіх была фіксацыя аб’ёму выкананых работ, ураджаю, падаткаў, даўгоў і проста важных падзей.

Для жрацоў і дзяржаўных чыноўнікаў былі вельмі важныя пісьменнасць, а таксама веды ў пэўных галінах (медыцыне, матэматыцы, геаметрыі, астраноміі і г. д.). Мэтай навучання ў старажытнаўсходнім грамадстве было асваенне прафесіі, якую дзеці павінны былі атрымаць у спадчыну ад бацькі. «Глядзі, няма іншай пасады, акрамя пасады пісца, дзе чалавек заўсёды начальнік», — ​гаворыць адно са старажытнаегіпецкіх павучанняў. У Кітаі са старажытнасці існавалі спецыяльныя экзамены для чыноўнікаў. Павышэнне чыну або пасады адбывалася толькі ў выпадку паспяховай здачы экзамену, які прымалі вышэйшыя чыноўнікі.

Купцы, воіны, рамеснікі і гандляры карысталіся цэлым шэрагам прывілей. Купцы прывозілі здалёк тавары, якіх не было ў краіне, таму іх часта падтрымлівала дзяржава. Да таго ж яны нярэдка выступалі і як разведчыкі. Важнай для грамадства групай былі воіны. Багацце першых земляробчых цывілізацый спакушала суседзяў на напады і рабаванні. Менавіта воіны абаранялі краіну або ўдзельнічалі ў заваёўніцкіх вой­нах, якія прыносілі багатую здабычу. Таму воіны жылі шмат у чым за кошт дзяржавы.

Даволі шматлікім было саслоўе рамеснікаў, якія ў асноўным жылі ў гарадах. Яны выраблялі многія важныя рэчы: прылады працы і зброю, адзенне і посуд, упрыгажэнні, будавалі жыллё. На працягу некалькіх тысяч гадоў менавіта рамеснікі стваралі найбольш значныя для грамадства тавары. Правіцелі былі зацікаўлены ў прыцягненні ў краіну рамеснікаў рэдкіх спецыялізацый. Гандляры актыўна перавозілі тавары рамеснікаў, земляробаў і жывёлаводаў паміж блізка размешчанымі раёнамі.

Асноўную частку грамадства складалі свабодныя земляробы, якія аб’ядноўваліся ў абшчыны. Дабрабыт краін Старажытнага Усходу залежаў менавіта ад іх, таму абшчыны мелі нямала правоў. Земляробы апрацоўвалі зямлю, якая звычайна перадавалася ім у бестэрміновае карыстанне. Дзяржаве было важна атрымліваць частку ўраджаю, каб можна было забяспечваць прадуктамі адміністрацыйны апарат і армію. Абшчыны былі закрытыя і ўсе свае пытанні вырашалі самастойна. Заможныя «вярхі» адказвалі перад чыноўнікамі за выплату падаткаў і выкананне павіннасцяў. Усе члены абшчыны былі звязаны кругавой парукай, што азначала ўзаемадапамогу, але адначасова і адказнасць за ўчыненыя кім-небудзь злачынствы. Чалавек мог заўсёды разлічваць на дапамогу абшчыны, але разам з тым павінен быў асабістыя інтарэсы падпарадкоўваць грамадскім, сваё меркаванне ўзгадняць з меркаваннем старэйшых сваякоў, суседзяў-­абшчыннікаў, жыць па ўсталяваных традыцыях. Традыцыя і кругавая парука забяспечвалі стабільнасць жыцця такіх калектываў у старажытнасці.

Трагедыяй для земляроба было пазбаўленне падтрымкі абшчыны, якое адбывалася, калі ён станавіўся даўжніком або апынаўся ізгоем. Гэта сведчыла аб узнікненні маёмаснага расслаення. Выгнаны па розных прычынах з абшчыны земляроб траціў свой надзел, а значыць, крыніцы існавання. Такія людзі рабіліся залежнымі: цяпер яны маглі працаваць на землях правіцеля, арыстакратыі або храмаў. Уладальнік зямлі мог распараджацца не толькі іх працай, але і імі самімі, яны ўжо не мелі права сысці з зямлі свайго ўладальніка.

Саслоўны іерархічны падзел грамадства ў краінах Старажытнага Усходу быў арганізаваны па-рознаму. У Егіпце дзяржава амаль поўнасцю кантралявала грамадскае жыццё, асобныя групы насельніцтва доўгі час практычна не мелі правоў. Затое егіпцянін мог павысіць свой статус, напрыклад, у маладосці асвоіўшы пісьмо і стаўшы пісцом. У Месапатаміі правы розных груп насельніцтва былі абаронены законамі. У Індыі склалася вельмі трывалая сістэма варнаў, а затым кастаў, так што чалавек ні пры якіх абставінах не мог змяніць сваю прыналежнасць да касты, у якой нарадзіўся. У Кітаі грамадства таксама было строга іерархічнае, але людзі маглі за пэўныя заслугі павысіць свой статус, пераходзячы ў больш высокі ранг.