§ 47. Біямаса і прадукцыйнасць экасістэм

Паняцце пра біямасу і прадукцыю экасістэмы

Дзякуючы магчымасці шматразовага выкарыстання рэчыва і пастаяннаму прытоку энергіі экасістэмы здольны працягла падтрымліваць стабільнае існаванне. Прадуцэнты, кансументы і рэдуцэнты, якія насяляюць экасістэмы, пры гэтым увесь час забяспечваюць аднаўленне і назапашванне сваёй біямасы, нягледзячы на тое што запас рэчываў у біясферы абмежаваны і не папаўняецца.

Агульная колькасць біямасы ўсіх жывых арганізмаў, што назапасілася ў дадзенай экасістэме за ўвесь папярэдні перыяд яе існавання, называецца біямасай экасістэмы. Яна выражаецца ў адзінках сырой масы або масы сухога арганічнага рэчыва на адзінку плошчы: у г/м2, кг/м2, кг/га, т/км2 (наземныя экасістэмы) або на адзінку аб’ёму (водныя экасістэмы).

Працэс аднаўлення біямасы раслін, жывёл і мікраарганізмаў, якія ўваходзяць у склад той ці іншай экасістэмы, называецца біялагічнай прадукцыйнасцю. Звычайна яна выяўляецца праз колькасць прадукцыі, што ўтвараецца ў экасістэме на дадзеным этапе.

Прадукцыя экасістэмы — колькасць біямасы, якая зноў адноўлена ў экасістэме за адзінку часу (звычайна за год) на дадзеным этапе яе існавання.

Экасістэмы моцна адрозніваюцца па колькасці прадукцыі. Прадукцыя, якая ўтвараецца, можа па-рознаму расходавацца ў розных экасістэмах. Калі хуткасць яе спажывання адстае ад хуткасці ўтварэння, то гэта вядзе да прыросту біямасы экасістэмы і назапашвання ў ёй лішку дэтрыту. У выніку будзе назірацца ўтварэнне торфу на балотах, зарастанне плыткіх вадаёмаў, стварэнне запасу падсцілкі ў таежных лясах. У стабільных экасістэмах практычна ўся прадукцыя, якая ўтвараецца, траціцца ў сетках харчавання. У выніку біямасса экасістэмы застаецца практычна пастаяннай.

Біямаса экасістэмы і яе прадукцыя могуць дастаткова моцна адрознівацца. Напрыклад, у густым лесе агульная біямаса арганізмаў вельмі вялікая ў параўнанні з яе гадавым прыростам — прадукцыяй. Тады як у сажалцы невялікая назапашаная біямаса фітапланктону мае высокую хуткасць аднаўлення — утварэння прадукцыі за кошт хуткага размнажэння.