§ 40. Біяцэноз і біятоп. Сувязі арганізмаў у біяцэнозах

Паняцце біяцэнозу і біятопу

У прыродзе папуляцыі розных відаў, якія існуюць у адным асяроддзі, уступаюць адна з адной у разнастайныя сувязі і ўзаемаадносіны ў залежнасці ад іх патрэбнасцей. У выніку ўтвараецца больш складаная біялагічная сістэма — біяцэноз. Гэты тэрмін у 1877 г. увёў нямецкі гідрабіёлаг К. Мёбіус.

Біяцэноз (ад грэч. bίos — жыццё, koinó— агульны) — гістарычна складзеная сукупнасць узаемазвязаных папуляцый раслін, жывёл, грыбоў і мікраарганізмаў, якія насяляюць экалагічна аднароднае асяроддзе пражывання. Часта ў экалогіі замест тэрміна «біяцэноз» выкарыстоўваецца тэрмін «згуртаванне». Біяцэноз (згуртаванне) з’яўляецца асноўным кампанентам прыродных надарганізмавых сістэм.

Месца існавання біяцэнозу — біятоп (ад грэч. bίos — жыццё, tóhpos — месца) — участак тэрыторыі з аднароднымі ўмовамі асяроддзя.

!  Гэта цікава

У экалогіі пры характарыстыцы экасістэм звычайна ўжываюць тэрмін «экатоп», які з’яўляецца блізкім да тэрміна «біятоп», але не яго поўным сінонімам. Экатоп — сукупнасць абіятычных фактараў асяроддзя дадзенага ўчастку, які ўяўляе сабой месцапражыванне пэўнага згуртавання. Пры гэтым склад абіятычных фактараў не рэгламентуецца.