*§ 39—2. Механізмы рэгуляцыі і падтрымання колькасці прыродных папуляцый

Фактары, залежныя ад шчыльнасці папуляцыі

Фактары, залежныя ад шчыльнасці папуляцыі, змяняюць яе колькасць у бок аптымальнага ўзроўню і прадухіляюць перанасяленне, таму іх яшчэ называюць рэгулюючымі фактарамі. Да іх належаць біятычныя і прыродаахоўныя антрапагенныя фактары. Залежнымі ад шчыльнасці папуляцыі фактарамі з’яўляюцца: запасы кармавых рэсурсаў, наяўнасць натуральных ворагаў, канкурэнтаў, розныя віды прыродаахоўнай дзейнасці. На малюнку бачна, што змяненне колькасці кармавых рэсурсаў прыводзіць да сінхроннага змянення колькасці папуляцыі. Як вы думаеце, якія ўласцівасці папуляцыі і ў якім напрамку будуць пры гэтым змяняцца?

Так, колькасць папуляцый зніжаецца прапарцыянальна колькасці драпежнікаў, паразітаў, узбуджальнікаў хвароб і ўзрастае прапарцыянальна запасу кармавых рэсурсаў. Такім чынам, іх наяўнасць у асяроддзі пражывання згладжвае рэзкія ваганні колькасці папуляцыі і спрыяе яе падтрыманню ў раўнаважкім стане.

Калі колькасць папуляцыі набліжаецца да ёмістасці асяроддзя, узнікае недахоп корму з прычыны яго ўзмоцненага выядання. І тады прыводзіцца ў дзеянне механізм рэгуляцыі колькасці папуляцыі праз унутрывідавую канкурэнцыю за лімітуючыя рэсурсы. Калі шчыльнасць папуляцыі высокая, яе рэгулюе павышэнне смяротнасці ў выніку абвастрэння канкурэнцыі. Частка асобін гіне або з прычыны недахопы корму (траваедныя жывёлы), або ў выніку фізічнага ці хімічнага ўздзеяння асобін адна на адну. Павышэнне смяротнасці прыводзіць да зніжэння шчыльнасці. Калі шчыльнасць папуляцыі нізкая, адбываецца яе папаўненне за кошт павелічэння нараджальнасці з прычыны аднаўлення кармавых рэсурсаў і паслаблення канкурэнцыі.

!  Гэта цікава

Біялагічная вайна — гэта забойства канкурэнтаў унутры папуляцыі шляхам прамога нападу (драпежнікі аднаго віду). Рэзкае зніжэнне кармавых рэсурсаў можа прыводзіць да ўзнікнення канібалізму (паяданне сабе падобных). Хімічная вайна — гэта вылучэнне хімічных рэчываў, якія затрымліваюць рост і развіццё ці забіваюць маладых асобін (расліны, водныя жывёлы). Праяўленне хімічнай вайны можна назіраць на прыкладзе развіцця апалонікаў. Пры высокай шчыльнасці больш буйныя апалонікі вылучаюць у ваду рэчывы, якія заглушаюць рост дробных асобін. Таму завяршаюць сваё развіццё толькі буйныя апалонікі. Толькі пасля гэтага пачынаюць расці дробныя апалонікі.

Рэгуляцыя колькасці папуляцыі праз колькасць кармавых рэсурсаў выразна прасочваецца на прыкладзе ўзаемадзеяння папуляцый драпежніка і ахвяры. Яны аказваюць узаемны ўплыў на колькасць і шчыльнасць адно аднаго, выклікаючы паўтаральныя ўздымы і спады колькасці абедзвюх папуляцый, прычым у гэтай сістэме ваганняў павелічэння колькасці драпежніка адстаюць па фазе ад павелічэнняў колькасці ахвяры.

Прыкладна па тым жа механізме ажыццяўляецца ўзаемная рэгуляцыя колькасці папуляцый паразіта і гаспадара пры паразітызме. Пры павышэнні шчыльнасці папуляцыі гаспадара палягчаецца перадача ўзбуджальнікаў ад адной асобіны да іншай, бо павялічваецца частата кантактаў. У выніку ўзнікае ўспышка захворвання, якая прыводзіць да павелічэння смяротнасці. Зніжэнне шчыльнасці папуляцыі гаспадара перашкаджае пераносу ўзбуджальніка, і здаровыя асобіны пачынаюць размнажацца. Такім чынам, драпежнікі і паразіты ў прыродзе адыгрываюць рэгулюючую ролю, перашкаджаючы празмернаму росту колькасці іншых папуляцый. Поўнае іх знішчэнне можа прывесці да парушэння раўнавагі ў прыродных сістэмах.

!  Гэта цікава

Важным механізмам рэгуляцыі колькасці ў пераўшчыльненых папуляцыях з’яўляецца стрэс-рэакцыя. Павышэнне шчыльнасці папуляцыі прыводзіць да павелічэння частаты сустрэч паміж асобінамі, што выклікае ў іх такія фізіялагічныя змяненні, якія вядуць або да зніжэння нараджальнасці, або да павелічэння смяротнасці. Гэта з’яўляецца прычынай памяншэння колькасці папуляцыі. Стрэс не выклікае неабарачальных змяненняў у арганізме, а толькі прыводзіць да часавага блакіравання некаторых функцый. Пры ліквідаванні перанасялення здольнасць да размнажэння хутка аднаўляецца.

Усе залежныя ад шчыльнасці папуляцыі механізмы рэгуляцыі колькасці ўключаюцца да таго, як адбудзецца поўнае вычарпанне рэсурсаў асяроддзя. Дзякуючы гэтаму ў папуляцыях захоўваюцца і падтрымліваюцца аптымальныя ўласцівасці і структура, што дазваляе ім працягла знаходзіцца ў раўнаважным стане. Захаванне шматлікасці папуляцый у межах арэала забяспечвае захаванне і эвалюцыю віду.

Паўторым галоўнае. Фактары асяроддзя, якія ўплываюць на колькасць папуляцый, падзяляюць на: фактары, незалежныя ад шчыльнасці папуляцыі, і фактары, залежныя ад шчыльнасці папуляцыі. Рэгуляцыя колькасці папуляцый у прыродзе ажыццяўляецца пераважна праз канкурэнцыю за рэсурсы, драпежніцтва, паразітызм. Дзякуючы рэгулятарным механізмам папуляцыі захоўваюць сваё існаванне, а значыць, і існаванне віду ў цэлым.