*§ 39—1. Дынаміка колькасці папуляцый
Тыпы росту колькасці папуляцый
Усе жывыя арганізмы тэарэтычна здольныя да вельмі хуткага павелічэння колькасці. Як вы ўжо ведаеце, пры аптымальных умовах асяроддзя ў папуляцыях выяўляюцца максімальная нараджальнасць і мінімальная смяротнасць, і, як следства, назіраецца максімальная хуткасць росту колькасці. Прыроджаная здольнасць асобін да павелічэння колькасці пры адсутнасці лімітуючых фактараў называецца біятычным патэнцыялам віду. Паняцце біятычнага патэнцыялу ўвёў у навуку ў 1928 г. амерыканскі натураліст Р. Чэпмен. Гэты паказчык адлюстроўвае тэарэтычна магчымы максімум нашчадкаў ад адной пары (ці адной асобіны) за адзінку часу (напрыклад, за год ці за ўвесь жыццёвы цыкл).
У розных відаў біятычны патэнцыял розны. Напрыклад, у буйных млекакормячых у спрыяльных умовах колькасць можа ўзрастаць за год толькі ў 1,05—1,1 раз, у дробных беспазваночных (рачкі, дафніі) больш чым у 1000 разоў, а ў бактэрый і аднаклетачных водарасцей яшчэ хутчэй.
Графік змянення колькасці пры рэалізацыі біятычнага патэнцыялу ўяўляе сабой экспаненту, таму такі тып росту колькасці называецца экспаненцыяльным (нелімітаваным) ростам. У лабараторных умовах назіраць такі рост можна ў папуляцыях пратыстаў, бактэрый на пачатковых стадыях росту. У прыродзе нелімітаваны рост назіраецца пры ўспышках колькасці саранчы, шаўкапрада няпарнага і іншых беспазваночных, калі асобіны размяшчаюць у лішку ўсімі неабходнымі рэсурсамі. Экспаненцыяльна можа расці колькасць жывёл, заселеных у новую мясцовасць, дзе ў іх мала ворагаў і шмат ежы (класічныя прыклады — рост колькасці трусаў і апунцыі ў Аўстраліі, жука каларадскага ў Еўропе).
Ва ўсіх выпадках экспаненцыяльны рост у папуляцыях назіраецца на працягу адносна кароткіх прамежкаў часу, пасля чаго хуткасць росту колькасці рэзка зніжаецца. Хуткі тэмп размнажэння прыводзіць да перавышэння ёмістасці асяроддзя і хуткага знясілення рэсурсаў, недахопу ежы, сховішчаў, тэрыторыі, што немінуча цягне за сабой рэзкае падзенне колькасці папуляцый.
У натуральных умовах верагоднасць таго, што ўсе ўмовы стануць спрыяльнымі для папуляцый, вельмі нізкая. Як правіла, адзін ці некалькі абіятычных (неаптымальная тэмпература, pH асяроддзя, салёнасць, вільготнасць) і біятычных (прысутнасць драпежнікаў, паразітаў, хваробатворных арганізмаў, недахоп ежы) фактараў становяцца лімітуючымі. Спалучэнне лімітуючых фактараў, што абмяжоўваюць рост колькасці папуляцый, называецца супраціўленнем асяроддзя. У такіх умовах будзе назірацца лагістычны (лімітаваны) рост колькасці папуляцый. Гэты тып росту колькасці ўласцівы прыродным папуляцыям большасці відаў.
У папуляцыях з лімітаваным тыпам росту колькасці можна вылучыць тры этапы. На пачатковым этапе рост папуляцыі амаль не залежыць ад рэсурсаў, прасторы і характарызуецца высокімі тэмпамі. На працягу сярэдняга этапу на рост папуляцыі ўплываюць лімітуючыя фактары асяроддзя, таму запавольваюцца тэмпы росту папуляцыі з прычыны памяншэння нараджальнасці, ці павелічэння смяротнасці, ці абодвух гэтых прычын. На апошнім этапе колькасць папуляцыі стабілізуецца на ўзроўні дапушчальнай у натуральных умовах.