*§ 39—1. Дынаміка колькасці папуляцый

Тыпы росту колькасці папуляцый

Усе жывыя арганізмы тэарэтычна здольныя да вельмі хуткага павелічэння колькасці. Як вы ўжо ведаеце, пры аптымальных умовах асяроддзя ў папуляцыях выяўляюцца максімальная нараджальнасць і мінімальная смяротнасць, і, як следства, назіраецца максімальная хуткасць росту колькасці. Прыроджаная здольнасць асобін да павелічэння колькасці пры адсутнасці лімітуючых фактараў называецца біятычным патэнцыялам віду. Паняцце біятычнага патэнцыялу ўвёў у навуку ў 1928 г. амерыканскі натураліст Р. Чэпмен. Гэты паказчык адлюстроўвае тэарэтычна магчымы максімум нашчадкаў ад адной пары (ці адной асобіны) за адзінку часу (напрыклад, за год ці за ўвесь жыццёвы цыкл).

Гэта цікава

У розных відаў біятычны патэнцыял розны. Напрыклад, у буйных млекакормячых у спрыяльных умовах колькасць можа ўзрастаць за год толькі ў 1,05—1,1 раз, у дробных беспазваночных (рачкі, дафніі) больш чым у 1000 разоў, а ў бактэрый і аднаклетачных водарасцей яшчэ хутчэй.

Графік змянення колькасці пры рэалізацыі біятычнага патэнцыялу ўяўляе сабой экспаненту, таму такі тып росту колькасці называецца экспаненцыяльным (нелімітаваным) ростам. У лабараторных умовах назіраць такі рост можна ў папуляцыях пратыстаў, бактэрый на пачатковых стадыях росту. У прыродзе нелімітаваны рост назіраецца пры ўспышках колькасці саранчы, шаўкапрада няпарнага і іншых беспазваночных, калі асобіны размяшчаюць у лішку ўсімі неабходнымі рэсурсамі. Экспаненцыяльна можа расці колькасць жывёл, заселеных у новую мясцовасць, дзе ў іх мала ворагаў і шмат ежы (класічныя прыклады — рост колькасці трусаў і апунцыі ў Аўстраліі, жука каларадскага ў Еўропе).

Ва ўсіх выпадках экспаненцыяльны рост у папуляцыях назіраецца на працягу адносна кароткіх прамежкаў часу, пасля чаго хуткасць росту колькасці рэзка зніжаецца. Хуткі тэмп размнажэння прыводзіць да перавышэння ёмістасці асяроддзя і хуткага знясілення рэсурсаў, недахопу ежы, сховішчаў, тэрыторыі, што немінуча цягне за сабой рэзкае падзенне колькасці папуляцый.

У натуральных умовах верагоднасць таго, што ўсе ўмовы стануць спрыяльнымі для папуляцый, вельмі нізкая. Як правіла, адзін ці некалькі абіятычных (неаптымальная тэмпература, pH асяроддзя, салёнасць, вільготнасць) і біятычных (прысутнасць драпежнікаў, паразітаў, хваробатворных арганізмаў, недахоп ежы) фактараў становяцца лімітуючымі. Спалучэнне лімітуючых фактараў, што абмяжоўваюць рост колькасці папуляцый, называецца супраціўленнем асяроддзя. У такіх умовах будзе назірацца лагістычны (лімітаваны) рост колькасці папуляцый. Гэты тып росту колькасці ўласцівы прыродным папуляцыям большасці відаў.

У папуляцыях з лімітаваным тыпам росту колькасці можна вылучыць тры этапы. На пачатковым этапе рост папуляцыі амаль не залежыць ад рэсурсаў, прасторы і характарызуецца высокімі тэмпамі. На працягу сярэдняга этапу на рост папуляцыі ўплываюць лімітуючыя фактары асяроддзя, таму запавольваюцца тэмпы росту папуляцыі з прычыны памяншэння нараджальнасці, ці павелічэння смяротнасці, ці абодвух гэтых прычын. На апошнім этапе колькасць папуляцыі стабілізуецца на ўзроўні дапушчальнай у натуральных умовах.